Тры сустрэчы ў адзін дзень

Тры сустрэчы ў адзін дзень, 2 снежня, правялі беларускі літаратар, краязнавец і журналіст Сяргей Чыгрын і беларускі бард, журналіст Зміцер Бартосік у Міжэвіцкай, Шылавіцкай і Новадзявяткавіцкай сельскіх школах Слонімскага раёна. Сустрэчы адбыліся 2 снежня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Падчас сустрэч з настаўнікамі і школьнікамі (таксама на сустрэчах прысутнічалі бацькі вучняў) Сяргей Чыгрын прэзентаваў сваю новую кнігу “125 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны”. Такое выданне вельмі карыснае як для школьнікаў, так і для настаўнікаў. Аўтар выбраў найбольш цікавыя і вельмі важныя пры вывучэнні роднага краю пытанні і напісаў на іх адказы. Найперш яны звязаныя з асобамі слонімскай зямлі, з падзеямі, якія там адбываліся на працягу многіх стагоддзяў, з помнікамі, культурай, літараратурай, а таксама з геаграфіяй і беларускім рухам.

Прэзентацыі кнігі адбываліся з непасрэдным удзелам вядомага беларускага барда Змітра Бартосіка. Спадар Бартосік не толькі спяваў цудоўныя песні, але і распавядаў пра бардаўскі рух на Беларусі.

Сяргей Чыгрын і Зміцер Бартосік

Сяргей Чыгрын і Зміцер Бартосік на памяць аб сваіх сустрэчах пакінулі ў падарунак школьным бібліятэкам сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі! ”, кнігі беларускіх літаратараў, часопісы.

“Такія сустрэчы ў вясковай глыбінцы Беларусі вельмі карысныя і неабходныя не толькі для школьнікаў, але і для педагогаў, бо яны дазваляюць бліжэй пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, іх творчай дзейнасцю і захапленнем”, – сказаў пасля выступлення гасцей дырэктар Новадзявяткавіцкай СШ Дзмітрый Блізнюк.

Тэгі: