Трыфан Лук’яновіч — салдат з легенды

29.06.2015 Гісторыя

У Мінску, па праспекце Незалежнасці, 58, ёсць будынак прыборабудаўнічага завода. І на сцяне гэтага завода ёсць мемарыяльная дошка, што ўхваляе подзвіг Трыфана Лук’яновіча, — раней ён працаваў менавіта тут. І я не стаў бы пісаць гэты артыкул, калі б маё бліц-апытанне пятнаццаці знаёмых на тэму “Ці ведаеце вы, хто такі Трыфан Лук’яновіч?” дало хаця б адзін-два станоўчыя адказы. Не дало, і я ўпэўніўся, што тэму трэба падняць.

Каментаваць тое, што напісана на мемарыяльнай дошцы, бессэнсоўна — усё зразумела і так. Пытанне ў тым, чаму пра подзвіг Лук’яновіча не ведаюць нават у Беларусі і ці з’яўляецца ён тым салдатам, які сёмае дзесяцігоддзе стаіць у Берліне, у Трэптаў-парку, і які вядомы ўсяму свету. З аднаго боку, усё сыходзіцца — Лук’яновіч выратаваў нямецкую дзяўчынку і загінуў пры гэтым. З другога — рэальным прататыпам помніка ў Трэптаў-парку лічыцца Мікалай Масалаў, ураджэнец Кемераўскай вобласці РСФСР, які выратаваў нямецкую дзяўчынку таксама ў красавіку 1945 года. Але не загінуў і пражыў да 21 стагоддзя — памёр толькі ў 2001 годзе. Пры гэтым, як стане бачна ніжэй, беларускі паэт Пятрусь Броўка ў адным са сваіх вершаў назваў прататыпам вядомага помніка менавіта Трыфана Лук’яновіча. Прыгледзімся ж да біяграфіі героя.

Першыя 25 гадоў жыцця Лук’яновіча нічым асаблівым не вылучаюцца. Нарадзіўся ў 1919 годзе ў Лагойскім раёне, відавочна, скончыў ПТВ ці тэхнікум, ажаніўся, у 1939 уладкаваўся працаваць на Мінскі радыёзавод. Працоўнае жыццё скончылася 22 чэрвеня 1941 года — Лук’яновіч не застаўся працаваць, а пайшоў на фронт. Ва ўмовах, калі жыццё салдата складала 7-8 дзён у наступе і 15-17 ў абароне, Трыфану Лук’яновічу шанцавала — за тры гады ён не загінуў, хоць і быў паранены. Але калі ў 1944 годзе падчас аперацыі “Багратыён” Мінск вызвалілі, высветлілася, што пашанцавала не ўсім: яшчэ ў 1941 годзе жонка і дзве дачкі салдата загінулі падчас бамбёжкі, а ў роднай вёсцы загінулі бацька, маці і малодшая сястра. Салдат застаўся адзін.

Такое гора зломіць каго заўгодна. Хтосьці заканчвае жыццё самагубствам, хтосьці пачынае бессістэмна помсціць. Тым больш што помсціць было каму — наперадзе, за Польшчай, была Германія, і танкавыя кліны Чырвонай Арміі нястрымна рваліся туды. “Багратыён”, Ільвоўска-Сандомірская аперацыя, нарэшце Вісла-Одэрская — і Берлін. Разам з Другім беларускім фронтам да сталіцы Рэйха, вярнуўшыся ў армію, дайшоў і Трыфан Лук’яновіч.

Слова Барысу Палявому

Падчас баёў за Берлін 25 красавіка (па іншай версіі — 29 красавіка) 1945 года Трыфан Лук’яновіч абяссмерціў сваё імя. Пра подзвіг салдата расказаў вядомы пісьменнік і ваенкар Барыс Палявы (аўтар “Аповесці пра сапраўднага чалавека”). Перадаю слова яму. Кніга “До Берлина — 896 километров”, раздзел “Передовая на Эйзенштрассе”.

“Ад аператыўшчыкаў даведаўся, што ў групу, якая дзейнічае ў заходняй частцы горада, на Эйзенштрасэ, вяртаюцца два байцы, якія прыязджалі ў штаб фронту атрымліваць узнагароды. Я іх падкіну на месца дзеяння, а яны давядуць мяне да свайго штаба. Хто б мог ведаць, што выпадковае гэтае знаёмства зробіць мяне сведкам дзіўнага подзвігу.
Абодва мае спадарожнікі аказаліся стараслужачымі, і шлях іх сюды, у Берлін, пралягаў праз усю вайну.
— Старшы сяржант Трыфан Лук’яновіч, — прадставіўся мне адзін з іх, хударлявы, бялявы, уладальнік грукатлівага басу.
— Яфрэйтар Мікалай Ціхамолаў, — стукнуўшы абцасамі, адрэкамендаваўся іншы.

Былі яны абодва ў чыстых гімнасцёрках, на якіх побач са старымі, ужо пакрытымі пацінай узнагародамі блішчалі ордэны Чырвонага Сцяга. І атрымалі яны гэты слаўны ордэн, па іх словах, “так, за дробязь” — узялі ў палон вялікага нямецкага генерала, камандзіра корпуса, узялі, па іх словах, дзіўна. Вярталіся на матацыкле з задання, убачылі на лясной дарозе двух нямецкіх афіцэраў і старога ў цывільным. Бою не адбылося, сустрэтыя паднялі рукі. Каб яны ў дарозе грахом не разбегліся, Ціхамолаў зняў з іх шаравараў рамяні і абрэзаў гузікі. Разлік быў такі: не вельмі і пабяжыш, трымаючы шаравары абедзвюма рукамі. А калі пачалі абразаць гузікі ў “цывільнага старога”, усе трое запратэставалі. І выявілася, што гэты “цывільны” — генерал…”

Спадарожнікі, старыя салдаты, добра ўжо арыентаваліся ў Берліне. З іх дапамогай мы шчасна даехалі да таго пункту горада, адкуль можна было бяспечна рухацца на машыне.
…Расклаўшы на стале самаробную карту Эйзенштрасэ, ён (капітан, начальнік штаба) пазнаёміў нас з дзейнасцю сваёй штурмавой групы, расказаў аб узаемадзеянні стралкоў з артылерыстам, танкістамі, сапёрамі. Яны паспяхова прабіліся яшчэ пазаўчора да гэтай самай Эйзенштрасэ. Але вось тут наступ застопарыўся.
— Гэтыя эсэсаўскія д’яблы на тым баку вуліцы стаяць намёртва. Яны нас тут выдатна ўсыпалі… Камандзіру руку адарвала. Вуліца шырокая, з гранатай на іх не кінешся. Вось і перастрэльваюцца праз дарогу, як у Сталінградзе… Стойце, што гэта?
Скрозь гукі перастрэлкі, да якой вуха прывыкае так, што яе неяк ужо не заўважаеш, пачуліся ўзбуджаныя галасы, чыесьці крокі.
— Што такое? — капітан ускочыў. — Прабачце. Не ідзіце за мной. Гэта нешта на нашай перадавой здарылася.
І сапраўды, у канцы цёмнага падвальнага калідора высвеціліся абваленыя часткі дома. Гэта і была перадавая. Моцна і ўмела арганізаваная перадавая: амбразуры, выкладзеныя з цэглы, кулямётныя кропкі. Пад абаронай гэтага цаглянага бруствера тоўпіліся салдаты, пра нешта ўзбуджана перагаворваліся.
— Што такое? Чаму сабраліся? — спытаў капітан.
— Дзіця там, — патлумачыў адзін з байцоў. — Чу, чуеце, плача…

І раптам нейкая постаць моўчкі кінулася да сцяны. Толькі ў наступную хвіліну, калі чалавек пераскочыў праз бруствер, бліснуўшы ордэнамі і медалямі, я зразумеў, што гэта Трыфан Лук’яновіч. Пераскочыўшы бруствер, ён адразу ж распластаўся на асфальце і пад прыкрыццём руінаў папоўз туды, адкуль даносіўся плач. З дома насупраць па ім стралялі. Кулі злосна віскалі, адрыкашэціўшы аб асфальт, але ён знаходзіўся ў мёртвым прамежку, быў для іх недасягальны. Так ён дапоўз да разбуранага вулічнага туалета. Потым мы ўбачылі яго з дзіцем на руках. Ён сядзеў пад абаронай абломкаў сцяны, абдумваючы, як жа яму далей быць. Потым прылёг і, трымаючы дзіця, рушыў назад. Але цяпер рухацца па-пластунску яму было цяжка. Ноша замінала паўзці на локцях. Ён раз-пораз клаўся на асфальт і заціхаў, але, адпачыўшы, рухаўся далей. Цяпер ён быў блізка, і відаць было, што ён увесь у поце, валасы, намокшы, лезуць у вочы, і ён не можа іх нават адкінуць, бо абедзве рукі занятыя. Ён ужо тут, побач, амаль ля самага бруствера. Здаецца, выцягні руку — і да яго дакранешся, аднак над брустверам шпацыруе смерць.
— Кулямётчык, агонь па амбразурах. Самы шчыльны… Доўгімі чэргамі! — пракрычаў капітан.
Кругам загрукацела. Дамы, што былі насупраць, ахуталіся чырванавата-белым пылам ад бітых цэглы і тынкоўкі.
У гэты момант высокая постаць Лук’яновіча на імгненне ўстала над брустверам, а потым як бы саслізнула ўніз у падвал. На руках салдата была маленькая бялявая кучаравая дзяўчынка. Учапіўшыся ручкамі ў яго гімнасцёрку, яна прыхілілася тварам да яго ордэнаў і медалёў. Але, апынуўшыся ў сваіх, Лук’яновіч стаў неяк дзіўна апускацца, быццам ногі ў яго раставалі.
— Вазьміце дзяўчынку, — хрыпата сказаў ён і, перадаўшы дзіця ў чыесьці рукі, споўз па сцяне на падлогу…”

Праз 5 дзён Трыфан Лук’яновіч памёр у шпіталі — куля перарэзала артэрыю, выратаваць салдата не здолелі.

Як і мноства іншых подзвігаў той вайны, праз нейкі час подзвіг Трыфана Лук’яновіча пачаў выклікаць сумневы. А ці быў ён увогуле? А ці выратаваў дзяўчынку? А ці загінуў? Ну, вы разумееце — на кожны факт у гісторыі знойдзецца па тры канспіролагі, і часам яны маюць рацыю. У дадзеным выпадку гісторыю спачатку ўвогуле абвясцілі выдумкай Палявога. Але час не пацвердзіў сумневаў — знайшліся і аднапалчане Лук’яновіча, і непасрэдныя відавочцы подзвігу. І ён не забыты.

Але ці ён стаіць у Трэптаў-парку?

З аднаго боку, нават свой подзвіг Лук’яновіч здзейсніў менавіта ў раёне Трэптаў. З іншага — гісторыя стварэння помніка вядомая досыць добра, і там фігуруе іншае прозвішча. 30 красавіка 1945 года старшы сяржант Мікалай Масалаў зрабіў роўна тое ж самае — выратаваў з-пад агню нямецкую дзяўчынку, пры гэтым застаўся жывы. Праз некалькі дзён у 220-ы гвардыі стралковы полк, дзе служыў Масалаў, прыехаў скульптар Яўген Вучэтыч, які ў захапленні ад подзвігу байца зрабіў некалькі накідаў. Праз год менавіта Вучэтыч стаў аўтарам манумента “Воін-вызваліцель” у Трэптаў-парку.

Пасля вайны ўся слава дасталася таксама Масалаву — ён стаў ганаровым грамадзянінам Берліна, пра яго ў ГДР быў зняты фільм “Хлопец з легенды” і гэтак далей. Але ці азначае гэта, што подзвіг Лук’яновіча менш варты гонару, чым подзвіг Масалава? Не. Як і подзвіг Масалава не робіцца менш вялікім праз тое, што за 5 дзён да яго тое самае здзейсніў Лук’яновіч. Проста на шляху Трыфана Лук’яновіча і яго аднапалчан не сустрэлася ў нейкі момант вядомага скульптара. А помнік “Воін-вызваліцель” — гэта помнік ім абодвум. І яшчэ тысячам такіх, як яны. І добра, што прататыпам помніка стаў просты савецкі салдат. Бо першы варыянт манумента — вялізны бронзавы Сталін з картай Еўропы ці паўшар’ем глобуса ў руках — ужо даўно быў бы дэмантаваны.

Напрыканцы — абяцаны мной вышэй верш Пятруся Броўкі. Не самы вядомы, магчыма, не найлепшы. Але менавіта пра яго.

Ён неўміручы.

Пасля вайны, для ўсіх балючай,
Ён стаў,
Дзе ратаваў калісь, —
У Трэптаў-парку, неўміручым,
Дзіця ля сэрца,
Меч уніз.

Знаёмы ён да дробнай рыскі,
У даўні, мой юначы час,
Ды, можа быць,
У ціхім Мінску
Мы сустракаліся не раз.

Бялявы твар. Густыя бровы.
Пагляд, што пільна бачыць звык…
Ды то ж
Наш Трышка Лук’яновіч,
Радыёзавода працаўнік.

У першы ж дзень вайны праклятай
На кут,
Дзе быў яго дварок,
Зляцела бомба, знесла хату,
Забіла бабку, дзвюх дачок.

Ён злосным катам не скарыўся,
А выйшаў помсціць:
— Кроў за кроў!
Ён з аўтаматам парадніўся
І да Берліна з ім дайшоў.

І вось у логаве разбою,
Што свет крывёю заліло, —
У бойцы ўбачыў ён такое,
Што сцерпіць сэрца не магло.

Эсэсаўцы бесперапынку
Знішчалі ўсё перад сабой:
Забілі маці,
А дзяўчынка
Ляжала, плачучы пры ёй.
Дачушак з памяці не сцерці,
Іх так балюча ўспамінаць,—
І ён папоўз
Прад пэўнай смерцю
Дзіцё малое ратаваць.
Дзіця не можа быць чужое,
Для ўсіх дзяцей адна любоў!
І ён прынёс яго,
Жывое,
Аддаў на схову.
Сам жа зноў —
Туды,
Дзе кулі сцены секлі,
Дзе ўсё ляцела
Ўпрах і ўсторч.
А сам жа зноў у бойку пекла,
І ўдзень, і ўноч,
І ўдзень, і ўноч.
Ён біўся мужна,
Біўся ўдала,
Ён берагчы сябе не мог,—
І вось, на жаль, яго не стала
Пад блізкім сцягам перамог.
Няўжо было так немінуча?
Паў Лук’яновіч, як сакол,
Але ён стаў
Як неўміручы —
Дзіця ля сэрца,
Меч на дол.
Ён не імкнуўся быць героем,
Ён здзейсніў
Ленінскі наказ,
І кожны мог зрабіць такое —
Савецкі воін, воін наш!

Дзяніс Буркоўскі