Адкрыты прыём заявак на Прэмію імя Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі!

Якія эстэтычныя, крэатыўныя і змястоўныя вокладкі вы сустракалі апошнім часам? Можа вы самі аўтар ці аўтарка ўпрыгожвання для беларускіх твораў? Прэмія імя Міхала Анемпадыстава шукае найлепшыя дызайны, што перадаюць дух і сэнс кніг, піша penbelarus.org.

Afiša

Што важна? 

Прэмія ацэньвае не толькі візуальную прыгажосць вокладкі, але і тое, наколькі яна адлюстроўвае сутнасць самога выдання. Таму ў журы ўваходзяць візуальныя творцы ды літаратары і літаратаркі.

Хто можа ўдзельнічаць? 

Беларускія дызайнеры, якія аформілі вокладкі да беларускіх папяровых кніг, што выйшлі ў 2024 годзе. Беларускай кнігай лічыцца кніга, якая адпавядае як мінімум 2 (двум) з пералічаных ніжэй крытэрыяў:

  • выдадзена ў беларускім выдавецтве;
  • напісана беларускім аўтарам;
  • напісана па-беларуску;
  • змест звязаны з Беларуссю або яе культурай.

Падрабязнасці правядзення прэміі можна пачытаць у Статуце і Рэгламенце.

Як падаць заяўку? 

Проста запоўніце гугл-форму да 30 красавіка 2025 года (да 23:59 па беларускім часе). Вылучыць кнігу могуць дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, арганізатары, выдавецтвы.

Пераможца (або каманда) атрымае не толькі прызнанне, але і заслужаную ўзнагароду — легендарнага анёла!

Aniol

Хто арганізуе?

Прэмію ладзяць Беларускі ПЭН і фонд Open Culture. Сярод партнёраў — ТАА «H&L», кампанія «Laut-Foreigner» і фестываль «Бардаўская восень».

Чаму гэта важна? 

Прэмія носіць імя легендарнага Міхала Анемпадыстава — мастака, дызайнера, паэта і культуролага, які фармаваў візуальны стыль Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, яна працягвае ўшаноўваць яго мастацкую спадчыну. 2022 год стаў першым, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў — ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Пераможцамі ў 2023 годзе сталі дызайнерка Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA за вокладку кнігі «Людзі Лесу / Ludzi Lesu». Анёла 2024 года атрымаў творчы саюз Святланы Дземідовіч і Лукаша Левандоўскага, якія стварылі вокладку да паэтычнай кнігі Насты Кудасавай «Побач».