«Чытаю сабе сам» — серыя дзіцячых кніг з матыватарамі ад Gutenberg Publisher. «Дзецям эмігрантаў няпроста пачаць чытаць кірыліцай — мы зрабілі ўсё, каб гэта было цікава і весела!», — кажуць у выдавецтве Gutenberg і дадаюць, што серыя «Чытаю сабе сам» — «гэта чыстае нахабства». І вось чаму.
Кожны выпуск серыі складаецца з трох кніг розных узроўняў складанасці: чытаем па словах, па сказах, па абзацах. Аднак ад звыклых чытанак пасля буквара яны розняцца самастойнасцю твораў: гэта не прымітыўныя гісторыі пра тое, як мама мыла раму, а сапраўдныя сюжэты з завязкай, кульмінацыяй і развязкай.
Каб дапамагчы адважнаму чытачу, у кнігах выкарыстаны адмысловы італьянскі шрыфт EasyReading, распрацаваны для дыслексікаў: літары ў ім лягчэй распазнаюцца і не разбягаюцца.
У першых кніжках клапатлівыя выдаўцы паставілі націскі і расфарбавалі склады. За цікавым сюжэтам маленькі чытач не заўважыць, як перагорне апошнюю старонку.
А там яго ці яе чакаюць Дыплом і налепкі: прачытаць цэлую кнігу самастойна — гэта не жарты!
На адваротным баку вокладкі бацькі знойдуць методыку, як зрабіць так, каб дзіця «расчыталася», а таксама табліцу, якая з гэтым дапаможа. Такую табліцу можна таксама спампаваць на qr-кодзе і надрукаваць, каб павесіць на лядоўню. А як вам ідэя, што не толькі вы будзеце заахвочваць дзіця чытаць, але і яно вас?
У першым выпуску — тры кніжкі.
Алена Зарніцкая. Малюнкі Дарыны Харытончык.
Двор жыў дружна, пакуль аднойчы пацук не надумаў скрасці малое мышаня. Разам сябры адбіліся ад нахабы, а ўрэшце і перавыхавалі пацука.
На гэтым этапе патрэбныя простыя сказы (1-2 на старонку) і займальныя сюжэты. Мы паставілі націскі і расфарбавалі склады там, дзе іх шмат, каб чытанне давалася лягчэй.
Андрэй Скурко. Малюнкі Марыі Платонавай.
Сябры Заяц і Мядзведзь віншуюць бабулю з Днём нараджэння, а таксама выбіраюць новы аўтамабіль.
Толькі самыя даўгія і складаныя словы падзелены колерам на склады. Некалькі сказаў на старонцы.
Аляксандр Ждановіч (Маляваныч). Малюнкі Марыі Платонавай.
У кнізе дзве гарадскія гісторыі. Першая пра прывіда, што жыве ў гарадскім люку і палохае мінакоў. Дзяўчынка разгадвае яго таямніцу. Другая пра насельнікаў парку, якія аднойчы губляюць добрага сябра і трапляюць у кепскую кампанію. Урэшце ўсё стае на свае месцы.
На трэцім кроку дзіця можа самастойна прачытаць цэлую старонку тэксту.
Казкі гэтай кніжкі можна таксама паслухаць на Кніжным возе!
«У чым нахабства? У тым, што мы такі перакананыя, што даволі шмат людзей хоча навучыць сваіх дзяцей чытаць па-беларуску — і ў гэтага праекта хутка будзе працяг», — абяцаюць выдаўцы.
Кніжкі можна замовіць і ў Беларусь: дастаўка камплекта каштуе 28 злотых.