На касцёле ў Гервятах цагляныя фасады рамантуюць цэментам, які наносіць шкоду муроўцы на вапне, паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».
Касцёл у Гервятах. Фота: t.me/spadczyna
Паводле тэхналагічнага працэсу, «спачатку трэба счысціць ружовую фарбу, якой у нас чамусьці любяць наводзяць парадачак на фасадах з чырвонай цэглы, а пасля ўжо перакладаць асобныя цагліны, калі яны разбурыліся (чаго не бачна), або наноў рабіць швы», — адзначаецца ў тэлеграм-канале «Спадчына».
Касцёл у Гервятах. Фота: t.me/spadczyna
На адным з контрфорсаў бачны невялікі зандаж, які паказвае наколькі адрозніваецца колер мура ад колеру фарбы.
Касцёл у Гервятах. Фота: t.me/spadczyna
Гервяцкі касцёл — неагатычны касцёл Найсвяцейшай Тройцы, збудаваны ў 1899–1903 гг. на сродкі князя Альшэўскага, самы высокі ў Беларусі. Ягоная вышыня больш за шэсцьдзесят метраў, амаль з дваццаціпавярховы дом. Месца ўзвядзення храма было абранае не надта ўдала: грунтовыя воды ўвесь час размывалі падмурак. Каб выправіць сітуацыю, будаўнікі былі вымушаны змяніць рэчышча ракі Лоша, на якой размяшчаюцца Гервяты. А на яе беразе адмыслова пад патрэбы будаўніцтва касцёла была ўзведзена цагельня. Шпіль касцёла завершаны крыжам, які здалёк падаецца маленькім, але насамрэч мае вышыню каля шасці метраў. Касцёл не атынкаваны, апроч вокнаў і часткова вежаў, ён уражвае вялікай колькасцю гатычных элементаў, з нагоды чаго яго часта параўноўваюць з Кёльнскім саборам. Адметна, што з моманту асвячэння касцёл Найсвяцейшай Тройцы не зачыняўся і дзейнічаў нават за савецкім часам.