Таварыства беларускай мовы днямі абвясціла конкурс артыкулаў на тэму “Гуманітарныя навукі. Персаналіі” – кожны ахвотны можа стварыць артыкул у беларускай Вікіпедыі, а тройку найлепшых аўтараў чакаюць прызы.
Даведацца пра ўмовы конкурсу, журы і іншыя цікавыя рэчы – можна тут, а “Будзьма” тым часам паразмаўляла з куратарам конкурса Яўгеніяй Парашчанкай пра значнасць глабальнай энцыклапедыі, новыя тэрміны, і жыццё ва ўмовах дзвюх Вікіпедый.
-Як з’явілася ідэя напоўніць Вікіпедыю пры дапамозе конкурса?
-Ідэя належыць мне, Таварыства беларускамой мовы яе адразу падтрымала, бо таксама мела падобныя планы. Адна з задач – уводзіць беларускую мову ва ўжытак, ствараць новую тэрміналогію. У нас любяць наракаць на адсутнасць тэрміналогіі – трэба не наракаць, а ствараць яе. Вікіпедыя папулярызуе мову, уводзіць яе ва ўжытак. Якім бы беларускамоўным вы б ні былі, але калі вы прадаеце цвікі, вы не будзеце пісаць “прадаю цвікі” – толькі “гвозди», ці калі вам трэба фота бусла, вы будзеце шукаць яго па запыце “аист». Другая задача. Вікіпедыя – рэсурс акадэмічны, ён можа быць альтэрнатывай падручнікам: састарэлым, ідаэлагізаваным, абсалютна не адпаведным сучасным рэаліям. І школьнікі, студэнты будуць ахвотна карыстацца дадзенымі Вікіпедыіў навучальным працэсе.
-У Беларусі часцяком нейкай з’явы па дзве, так сталася і з Вікіпедыямі. Чаму вы абралі менавіта Вікіпедыю на “наркамаўцы”?
-Мы разважалі доўга, як быць у гэтай сітуацыі. Падкрэслю, што ТБМ не выступала супраць конкурсных артыкулаў, напісаных класічным правапісам, аднак ёсць некалькі момантаў. Як растаўляць артыкулам на тарашкевіцы адзнакі? У яе няма нормы, у кожнага пісьменніка па факце свая тарашкевіца, у навукоўцаў – таксама.Каб існавала моўная норма, мала напісаць дапаможнік з правіламі; мова вымагае ўзусу. Момант тэхнічны: давялося б рабіць два конкурсы, па адным у кожнай з моўных версій. З іншага боку, ніхто не перашкаджае напісаць файны артыкул на наркамаўцы і перанесці яго ў Вікіпедыю на тарашкевіцы. Момант трэці: як бы мы ні любілі тарашкевіцу, аднак навучанне ў краіне ідзе на наркамаўцы; да таго ж, не зразумела, як шукаць той ці іншы тэрмін: параўнайце «мелодыя» і «мэлёдыя», напрыклад.
-Вы кажаце пра стварэнне новай тэрміналогіі, ці не станецца такога, што з’явяцца словы кшталту “далькажык”, з якімі большасць будзе не згодная.
-У тым і сэнс: далучайцеся да Вікіпедыі, рабіцеся рэдактарамі, рэдагуйце, спрачайцеся! Не падабаецца далькажык – дакажы, з-за чаго такі тэрмін не мусіць ужывацца, дакажы, што ты адмыслоўца, прапануй свій варыянт. Вікіпедыя – рэсурс надзвычай дэмакратычны. Вось у нас ужо спыталі, чаму ў конкурсе няма раздзела “Бібліятэчная справа”. Бо мы не маем адмыслоўцаў у журы, якія б займаліся бібліятэчнай справай. Зрабіце конкурс, зрабіце гэты раздзел.
-Конкурс доўжыцца ўсяго толькі месяц, ці не падаецца вам, што гэтага мала для такіх глабальных задач.
-Калі да нас будуць публічна звяртацца з прапановай падоўжыць тэрмін, мы хутчэй за ўсё яго падоўжым, галоўнае, каб была цікавасць. Заклікаем далучацца да Вікіпедыі і папулярызацыі мовы.
Юрась Ускоў