Ці ня жарт? Міхалок заявіў пра спыненьне існаваньня «Ляпіса Трубяцкога»

17.03.2014 Музыка

Прэс-аташэ гурта «Ляпіс Трубяцкі» пракамэнтаваў Tuzin.fm навіну пра самароспуск гурта.

17 сакавіка на афіцыйным канале гурта «Ляпіс Трубяцкі» на Youtube зьявілася відэа, у якім лідэр гурта Сяргей Міхалок кажа, што самае ганебнае для кожнай каманды – гэта сустрэць 25-гадовы юбілей: «Гурты, якія паважаюць сябе не павінны так доўга жыць, таму «Ляпіс Трубяцкі» самараспускаецца. Мы адыграем вясеннія і летнія сэты, а 1 верасьня «Ляпіса Трубяцкога» больш ня будзе».

Гэтае відэа шакавала прыхільнікаў гурта, якія адразу сталі гадаць: ці гэта чарговы жарт Міхалка альбо праўда. Прэс-аташэ беларускай каманды Аляксандар Бергер у камэнтары Tuzin.fm не пацьвердзіў і не абверг гэтай інфармацыі. «Пакуль я не гатовы нічога камэнтаваць. Канечне, я бачыў гэтае відэа і ўспрыняў яго як праўду. Але калі гэта жарт, я ж ня буду казаць, што гэта жарт. Калі ад гурта будуць далейшыя тлумачэньні, абавязкова паведамлю падрабязнасьці», – сказаў Аляксандар. На пытаньне, якія тэарэтычна прычыны маглі б паўплываць на такую заяву, ён таксама не ўзяўся адказваць.

Tuzin.fm