Ці робіць вышыванка-“вышымайка” беларусам?

Лета прайшло, спёка спала, а інтарэс да тэмы вышыванак не спадае. Медыйныя асобы выхваляюцца ў фэйсбуку чарговай набытай кашуляй. Дык усё ж аўтэнтычны строй ці майка з прынтом? Гэтым разам з “Будзьмай” дзеляцца думкамі сябры грамадскай арганізацыі “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”, шырока вядомай у вузкіх колах як проста СЭТ. Таварыства нядаўна атрымала акрэдытацыю ЮНЕСКА як арганізацыя-кансультант па нематэрыяльнай культурнай спадчыне, таму выступае як экспертная супольнасць.

Алена Ляшкевіч, Юля Літвінава, Барыс Шчука, Сяргей Лісіца, Ганна Якуш

Далучаюцца да дыскусіі прадстаўніцы навуковых колаў, мастацтвазнаўцы –

 Ірына Смірнова, супрацоўніца Акадэміі навук,  Марыя Віннікава, кандыдат мастацтвазнаўства, старшы навуковы супрацоўнік Музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук , Вольга Лабачэўская, доктар мастацтвазнаўства

Пазіцыя СЭТ у “вышыванкавых войнах” кансерватыўная ў добрым сэнсе гэтага слова і кансалідаваная: традыцыйнаму строю быць. Быць і займаць пачэснае месца ў жыцці грамадства: “Традыцыйны строй – гэта зручна, прыгожа, экалагічна. Надзеўшы яго, цалкам з усімі элементамі, любы можа назіраць, як будзе трансфармавацца ягоны стан. Захочацца трымаць спіну роўна, паводзіцца годна, думаць у гармоніі з сусветам”, – лічыць Ганна Якуш.

Сяргей Лісіца дзеліцца назіраннямі: “Народны строй у грамадстве ўспрымаецца ў найгоршым выпадку нейтральна, найчасцей – спагадліва, са здзіўленнем. Многія цікавяцца, дзе можна было б набыць штосьці з нацыянальнага адзення. Я перакананы, што нацыянальная беларуская свядомасць хутка апануе ўсіх грамадзянаў, і традыцыйная беларуская культура ( у т.л. і строй) зойме пачэснае месца ва ўяўленнях беларусаў”.

Некаторыя сябры СЭТ спрабуюць паглядзець на з’яву з іншага боку.

Барыс Шчука: “Ніхто, акрамя адзінкавых аматараў, ужо ня будзе займацца рукадзельлем, а пагатоў вырабам сабе тканіны з уласнага льну. Адпаведна, як рэальная культурная практыка традыцыйны строй ужо існаваць ня будзе. Калі казаць пра шырокую публічную прысутнасць, то для яго застаецца месца ў такіх абсягах, як выхаванне і адукацыя, мастацтва, масавая культура, палітычная ідэалогія”.

Мастацтвазнаўцы Вольга Лабачэўская, Ірына Смірнова і Марыя Віннікава сышліся на тым, што традыцыйны строй, безумоўна, павінны прысутнічаць у сучасным беларускім культурным жыцці, але выкарыстоўвацца ў адпаведнасці з месцам і часам. “Для ўрачыстых выпадкаў, гэткіх рытуалаў сучасных рэалій, традыцыйны строй мог бы стаць добрым рашэннем. Свята горада, Дзень пісьменства, той жа фэст “Камяніца”… Але проста выйсці на двор у традыцыйным строі… Ён не прачытаецца як знак. Можна колькі заўгодна крычаць: Беларуская культура гіне”, але ніхто не пачуе”, – лічыць Ірына Смірнова.

Вольга Лабачэўская прыводзіць у прыклад іншыя еўрапейскія краіны: “У Швецыі, Літве, Аўстрыі ўжо адказалі на такія пытанні. Нейкае свята – і ўсе ў традыцыйных строях, афіцыйныя асобы ў тым ліку. Ва Украіне вышыванкі ніколі не выходзілі з ужытку, у іх ходзяць у школу дзеці і нават настаўнікі. У Беларусі строй больш не элемент штодзённага жыцця, але працягвае выконваць ролю маркера этнічнасці”.

А вось па “вышымайках” і да іх падобных вырабаў з арнаментам, што выдае сябе за традыцыйны беларускі, меркаванні разыходзяцца.

фота з сацыяльных сетак

Юля Літвінава “за”: “Сучасныя “вышымайкі” вельмі добра спрыяюць распаусюду традыцыйнага строю, бо наўпрост ці ўскосна скіроўваюць да яго позірк і думку”.

Акадэмічная супольнасць застаецца нейтральнай па пытанні выкарыстання традыцыйнага арнаменту на сучасных рэчах: усё добра, што зробленае з густам і пачуццём меры.

Марыя Віннікава: “У дызайнераў павінны быць прафесійны падыход. Беларускі строй вельмі разнастайны ў сваіх лакальных праявах, да таго ж трэба размяжоўваць якасныя строі і пераробленыя. І 100 гадоў таму маглі зрабіць сурагат”.

Вольга Лабачэўская: “Тая ці іншая форма з выкарыстаннем сучасных тэхналогій усё роўна папулярызуе і сцвярджае беларускія сімвалы. Дыскусіі аб вышыванках падымаюць актуальную сацыяльную праблему. Адзенне ручнога вырабу дарагое, а сам не кожны можа вышыць, як майстрыхі з СЭТ. Таму сучасная рэч з арнаментам – торбачка ці саколка – можа выконваць ролю знака, сімвала. Народу яны трэба. Але павінная быць прафесійнасць у выкананні такіх рэчаў, дызайнерская дасканаласць. Людзям не заўсёды хапае ведаў для правільнай інтэрпрэтацыі арнаментаў, а для сучаснага чалавека яны павінныя быць інтэрпрэтаваныя”.

Сяргей Лісіца таксама ставіцца да “вышымаек” нейтральна: “Наконт папулярызацыі народнага строю вырабамі, якія не з’яўляюцца элементамі строю, – гэта як прапагандаваць віды спорту, прапануючы пагуляць на адпаведных камп’ютарных сімулятарах. Да таго ж я не ведаю, з якой мэтай тыя людзі робяць вышымайкі. Думаю, што яны не прапагандуюць традыцыйны строй, а проста хочуць, каб беларусы сябе азначылі. Добрай альтэрнатывай традыцыйнаму строю ў штодзённым жыцці лічу густоўнае адзенне з машыннай вышыўкай геаметрычных арнаментаў”.

Барыс Шчука займае больш жорсткую пазіцыю па “вышымайках”, але прызнае пэўную іх карысць: “Той невялікі шум, які чуецца вакол вышыванак сёння, – гэта найперш плён чыіхсьці камерцыйных і палітычных зацікаўленасцяў. Камерцыйных – таму што з шумам “раскручваецца” шэраг гандлёвых марак. Палітычных – таму што шум гэты датычны нацыянальнай ідэі. Да культуры гэты шум дачынення не мае. Вышываначная тэма падтрымліваецца штучна. Ніякага “культурнага адраджэння” гэта не дасць, але можа ў тэорыі даць пэўны ідэалагічны паварот, перафарматаванне масавай свядомасці”.

Адназначна “супраць” “вышымаек” у іх сённяшнім выглядзе выказалася Ганна Якуш: “Ты не стаў годным-модным беларусам, надзеўшы першую, што трапілася пад гарачую руку, беленькую сарочку з выпадковай “славянскай” вышыўкай, якая не мае нічога агульнага з беларускай традыцыяй, або свежакупленую “вышымайку”, якая не адрознівае дзяўчат ад хлопцаў. Густ, пісьменна распрацаваны дызайн і канцэпцыя, заснаваная на музейных экспазіцыях, – вось чаго не хапае сучаснай інтэрпрэтацыі вышыванак. Напрыклад, адзін з асноўных канфліктаў старажытнай вышыванкі і навамоднай “вышымайкі” – гэта маштаб. Той, хто хоць раз бачыў і захапляўся ў музеі драбнюсенькай, амаль ювелірнай вышыўкай, ніколі не палюбіць буйныя спрошчаныя прынты на футболках і тым больш кашулі з навязлівым “сцэнічным” дэкорам”.

Хацелася б верыць, што мода на этна ўсё ж стане трывалай тэндэнцыяй у беларускім грамадстве. Але некаторыя сябры СЭТ застаюцца скептычнымі.

Барыс Шчука: “Культура ў грамадстве спажывання – гэта масавая культура, а ў ёй хвалі моды змяняюць адна адну. Доўгатэрміновых з’яваў тут не будзе па вызначэнні. Для тых, хто носіць “вышымайкі” і іншае, гэта калі не проста даніна часовай (!) модзе, то ідэалагічны атрыбут. Знак “каманды”, “заўзятарам” якой чалавек ёсць. Як шалік “Дынама-Мінск”, значак “За свабоду!” або георгіеўская стужачка. Нам можа падацца, што медыйная балбатня вакол вышыванак азначае нейкія “глыбокія перамены, нацыянальны ўздым”. Зусім не абавязкова”.

Ганна Якуш салідарная з Барысам: “Я бачу, што многія людзі гатовыя спажываць народную культуру так, як прапануе яе рытм сучаснасці – хутка, павярхоўна, танна. Але вышымайкі працуюць на карысць папулярызацыі традыцыйнага строю толькі тады, калі адсылаюць да сваіх першакрыніц – аўтэнтычных прынцыпаў і тэхналогій. Той, хто займаецца рэканструкцыяй традыцыйнага строю, ніколі не скажа, што робіць гэта таму, што модна. Такі працэс можа цягнуцца гадамі, ён складаны і цікавы, гэта даследаванне, вывучэнне тэхнік апрацоўкі тканіны, асаблівае заглыбленне ў той далёкі таемны сусвет, які мы бачым на старых фотаздымках і нават яшчэ маем шчасце дакранацца да яго ў жыцці, разглядаючы традыцыйны тэкстыль”.

Трохі больш аптымізму ў акадэмічнай супольнасці.“Трэба глядзець, наколькі гэтая мода будзе жыць. Попыт у моладзевым нацыянальнаарыентаваным асяродку ёсць. Я сёлета не была на фестывалі “Камяніца”, але мяркуючы па фотаздымках, людзей у строях больш, чым летась”, – кажа Вольга Лабачэўская.

Запатрабаванасць традыцыйнага строю ў сучасным грамадстве, як адвечна жывая класіка, не выклікае сумневу ў дасведчаных людзей. А сучасныя інтэрпрэтацыі – што зрабіць, гэта толькі інтэрпрэтацыі.

 

Гутарыла Алена Ляшкевіч