Ці варты Гедройца “Праклён”? Плюсы і мінусы рамана Валерыя Гапеева

Прамежкавыя або канчатковыя вынікі якіх заўгодна прэмій (літаратурных, тэатральных) ніколі не выклікаюць аднадушнай згоды. Заўжды знойдуцца тыя, хто сумняецца ў іх слушнасці. Не дзіўна, што абвяшчэнне лонг-ліста прэміі імя Ежы Гедройца выклікала такія ж дыскусіі. Часцей за ўсё чытачы і літаратары былі здзіўленыя адсутнасцю ў доўгім спісе рамана Валерыя Гапеева “Праклён”. Каб разабрацца ў сітуацыі, акрэслім пэўныя плюсы і мінусы твора.

Першы плюс – адпаведнасць заяўленаму жанру. Апошнім часам у беларускай літаратуры назіраецца вельмі вольная трактоўка тэрміна “раман”. Яшчэ нядаўна пад гэтым жанрам разумелі вялікі эпічны твор, “у якім усебакова малюецца жыццё людзей у пэўны перыяд часу або цягам цэлага чалавечага жыцця”. Цяпер пануе іншая мода. Напрыклад, “Смерць лесбіянкі” Наталкі Харытанюк – па сутнасці, аповесць, сюжэт якой звязаны з асобай галоўнай гераіні, – “сціпла” называецца раманам.

Між тым, напісаць раман – майстэрства найвышэйшага пілатажу. І гапееўскі “Праклён” такому жанру цалкам адпавядае. Гэта відавочна, калі згадваеш яго асаблівасці. Першая – “шматлінейнасць сюжэта, які ахоплівае лёсы шэрагу дзейных асоб; наяўнасць сістэмы раўназначных персанажаў”. У “Праклёне” імі з’яўляюцца студэнт Уладзімір Жабрун, галоўны адмоўны герой Генадзь Колтун, выкладчык Алесь Лобач, бізнесовец Антось і іншыя героі, чые сюжэтныя лініі перакрыжоўваюцца. Другая – “ахоп вялікага кола жыццёвых з’яваў, пастаноўка грамадсказначных праблем”. Валерый Гапееў дае магчымасць сваім героям разважаць пра найбольш актуальныя праблемы сучаснасці. Важна (і ў гэтым яшчэ адзін плюс рамана), што ў “Праклёне” прысутнічае аўтарскае разуменне мінулага. Тое, што звычайна называюць філасофіяй гісторыі. Адзін з герояў твора, Антось, лічыць, што беларусы выклялі сябе самі, прадалі ўласныя святыні. Яны адмовіліся ад сваёй гісторыі і сталі «жыць паводле прынцыпаў: забралі палову, дык пакланіся, дагані іх і аддай яшчэ палову ад таго, што пакінулі». Таму прыватныя пытанні (вяскоўцы не маюць стымулаў для працы, бо не лічаць зямлю сваёй) звязаныя ў “Праклёне” з агульнымі (паступовая дэградацыя нацыі, адмаўленне ад уласнай спадчыны).

У такой сітуацыі нацыя асуджаная на выміранне праз адно-два пакаленні. Але сітуацыя канчаткова яшчэ не вырашылася. Змаганне працягваецца, і для яго адлюстравання Гапееў абсалютна лагічна ўводзіць у “Праклён” містычныя матывы (іншыя, вулічныя формы змагання за Беларусь з’явліся ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў). Штогадовы пік барацьбы, які разгортваецца паміж святлом і цемрай, адбываецца ў купальскую ноч, калі зацвітае папараць-кветка. У ёй схаваная смерць сілаў цемры. Кветка – сімвал нацыі, яна ўвасабляе нацыянальную памяць і культуру, вакол якіх ідзе змаганне. Нездарма тэкст малітвы, якую прамаўляюць раз на год у купальскую ноч, каб дапамагчы заступніку кветкі, схаваны на старадаўніх ручніках.

У чым жа мінусы рамана?

Галоўная заўвага датычыць праблем з агульнай кампазіцыяй. Напрыклад, Гапееў падрабязна прапісвае лінію Генадзя Колтуна і студэнткі Люды, якая робіцца яго жонкай. Урэшце пісьменнік паведамляе чытачам, што Люда – пляменніца Алега Барысавіча, аднаго з кіраўнікоў “цёмных” сіл… і пасярэдзіне рамана кідае гэтую сюжэтную лінію. Генадзь з’явіцца ў “Праклёне” толькі аднойчы, падчас змагання за кветку (іншыя яго ўчынкі адбудуцца “за кадрам”). Відавочна сюжэтная лінія абарваная.

Яшчэ адзін прыклад – вобраз Ірыны. Гапееў упэўнена вядзе лінію яе ўзаемных стасункаў з Уладзімірам (знаёмства – расстанне – новая сустрэча). Потым дзяўчына нечакана паведамляе герою: “ім нельга сустракацца. (…). Не пытайся нічога, не буду тлумачыць”. У кантэксце рамана зразумела, што да такога фіналу яе падштурхнулі “цёмныя сілы”. Але праз сорак старонак аўтар дае зразумець, што Уладзімір знайшоў шчасце з іншай гераіняй. Але навошта тады пісаць пра гармонію стасункаў з Ірынай, пра адносіны, якія бываюць “у каханых мужоў і жонак”? Можа, каб увесці ў “Праклён” крыху лёгкай эротыкі?

Заўвага, якая датычыць вялікага памеру рамана, звычайна выклікае ў дасведчанага чытача іранічную ўсмешку. У сваю абарону прыгадаю выказванне Мікеланджэла. Вучні спыталі ў яго, як стварыць скульптуру. “Узяць кавалак мармуру і адкінуць усё непатрэбнае”, – адказаў той. У некаторых фрагментах (напрыклад, раздзелах, прысвечаных мінуламу, часам Сярэднявеччу, або падзеям, якія адбываліся пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі) працяглыя дыялогі дарэчы. А вось у некаторых сучасных раздзелах яны здаюцца празмернымі. Нават калі ўявіць, што дыскусіі паміж героямі насамрэч былі такімі доўгімі, як у “Праклёне”, пісьменнік усё ж не стэнаграфіст, каб фіксаваць кожнае слова.

Яшчэ адзін аспект “Праклёну” можна аднесці як да плюсаў, так і да мінусаў твора (у залежнасці ад выбранага ракурсу). Яго я патлумачу праз тэрмін “мінскацэнтрычнасць”. Рэч нават не ў тым, што апошнім часам Мінск стаў прасторай, дзе разгортваецца дзеянне шэрагу літаратурных твораў. Больш істотна, што ў літаратуры склалася кола пісьменнікаў, якія арыентуюцца на сталічных чытачоў (прычым як снобаў-інтэлектуалаў, так і прадстаўнікоў нешматлікай мінскай тусоўкі).

“Праклён” – народны твор у тым сэнсе, што кола яго чытачоў можа быць надзвычай шырокім: ад жыхароў сталіцы да рэгіёнаў. А таксама ў фармаце, які выбірае аўтар для выкладання сваіх поглядаў. Так, у аповесці Андрэя Федарэнкі “Дзядзька Адольф” (якая таксама прысвечаная сучаснасці) пазіцыю аўтара трэба шукаць у словах герояў, у аўтарскіх рэмарках і апісаннях. Гапееў кажа пра надзённае і набалелае адкрытым тэкстам, укладаючы свае развагі ў вусны герояў. Але фрагменты такіх выказванняў раскіданыя па розных частках “Праклёну”. Таму аўтарская філасофія раскрываецца чытачу пакрысе.

Зрэшты, вярнуся да пытання, вынесенага ў загаловак: ці варты Гапееў прэміі Гедройца? Зразумела, літаратура – не алімпійскія гульні і не чэмпіянат свету па футболе, дзе кожная каманда займае пэўнае месца. Тут не можа быць адназначна лепшых і адназначна горшых творцаў. На мой суб’ектыўны густ, назваць разгляданы раман кнігай года – пэўнае перабольшанне. Але ён заслугоўвае таго, каб трапіць у кагорту найлепшых. Галоўнае, што аўтар “Праклёну” разумее, пра што і навошта піша. Яму ёсць што сказаць. А дзеля гэтага і прыходзяць у літаратуру.

Дзяніс Марціновіч