Ці займеў поспех чэрыці-шоп “КаліЛаска”?

07.04.2014 Культура

Год таму малады фатограф Леся Пчолка прадала фотаапарат і за ўласныя грошы адкрыла першы ў Беларусі чэрыці-шоп пад назвай “КаліЛаска”. Рэчы, якія сюды і сёння прыносяць у шчодрых колькасцях, перадаюцца тым, хто мае ў іх патрэбу. А самае цікавае адзенне, кнігі, пласцінкі выстаўляюцца на продаж у краме па невялікіх цэнах. За гэты час Леся і яе памочнікі перабралі тоны адзення і зладзілі шэсць канцэртаў, авалодалі бухгалтарскай справай ды не раз залазілі ў пазыкі, ездзілі з забаўляльнымі праграмамі па інтэрнатах і не страчвалі веры ў людзей.

— Леся, што цябе за гэты першы год у дабрачыннасці найбольш шакавала і, наадварот, уразіла станоўча?

— Шакаваная я была тым, у якой сітуацыі знаходзяцца нашыя дабрачынныя ўстановы і наколькі ім патрэбная дапамога. Раней я не магла гэтага ўявіць. Прыязджаючы ў інтэрнаты, бачыш, што людзі ходзяць проста ў жудасным адзенні і ім не хапае элементарных рэчаў. Напрыклад, у Тарасіках (Барысаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат — заўв. budzma) да мяне падышла жанчына і запыталася, ці прывезлі мы шампунь, бо, па яе словах, іх проста стрыгуць налыса, калі не хапае сродкаў. У свеце штодня вырабляецца столькі адзення, што здаецца, кожны можа гадоў 10 яго насіць і не думаць пра пакупкі. А ёсць людзі, якім не хапае элементарных рэчаў. Гэта шакуе.

Што да станоўчых уражанняў, то мне падабаецца пазітыўны настрой нашай крамы. Бо нягледзячы на цяжкія назіранні, з якімі сутыкаемся непазбежна, мы не пераходзім у разрад такой плакальнай дабрачыннасці, якая выкарыстоўвае фотаздымкі людзей у бруднай вопратцы з подпісам «Дапамажыце». То бок у «КаліЛасцы» дабрачыннасць успрымаецца як пазітыўны абмен: ты прыходзіш на канцэрт, які мы зладзілі, альбо набываеш сукенку ў краме — і тым самым ужо камусьці дапамагаеш.

— Зразумела, што для інтэрнатаў важная любая дапамога. Але ці карысная для грамадства тэндэнцыя да такой моднай дабрачыннасці, калі страх, боль, бяда схаваныя за шырмай? Ці не прытупляе бесклапотная абязбольвальная дабрачыннасць такія пачуцці, як спагада, міласэрнасць?

— Мне здаецца, што дабрачыннасць не павінная быць толькі міласэрнай і з заклікам да шкадавання, яна можа быць рознай. У Еўропе чэрыці-шопы — абсалютная норма, кантэйнеры выстаўленыя проста на вуліцы, і чалавек ведае, куды аднесці непатрэбнае адзенне, гэта нармальнае стаўленне.

Заўсёды застануцца арганізацыі, якія будуць дзейнічаць, паказваючы сумных коцікаў, альбо арганізацыі, што ўздымаюць вострыя праблемы, ад якіх робіцца страшна. Але ёсць і праекты, якія існуюць, каб дапамога была зручнай. Чым больш у грамадства магчымасцяў для дапамогі, тым мацней у ім выхоўваецца такая патрэба.

Рэч яшчэ ў тым, што палітыка саміх інтэрнатаў даволі закрытая. Напрыклад, у Тарасіках нам не дазваляюць фатаграфаваць памяшканні, а толькі святы. Калі мы будзем надта гучна абурацца, што людзі там дрэнна апранутыя і ім чагосьці не стае, то нам проста закрыюць туды ўезд, і мы не зможам дапамагаць.

— Табе бывае маральна цяжка з гэтым сутыкацца?

— Бываюць сітуацыі, якія кранаюць, часам нават да слёз. Да мяне аднойчы падышоў 15-гадовы хлопец і папрасіў ноўтбук. У інтэрнаце ёсць камп’ютарны клас, але ноўтбук — мара ўсяго ягонага жыцця, ён хоча нешта пабачыць па-за межамі свайго пакоя. Я пайшла да дырэктара і спытала, ці можна прывезці ноўтбук гэтаму хлопчыку, але яна сказала, што гэта немагчыма, бо калі прывязем аднаму, то ўсе захочуць. І зрабіць з гэтым нічога нельга.

А ўвогуле людзі там не скардзяцца. Дзеці гулялі з намі ў жмуркі, нават тыя, хто не можа хадзіць, толькі поўзае. І дзеці на вазках уцякалі ад нас, і ўсё гэта з такой прагай да жыцця, з такой цікавасцю, якой не пабачыш у дзяцей на вуліцы. Яны выхоўваюць валанцёраў, вучаць любові да жыцця.

 

 

«Пісалі, што мы збіраем сабе на лімузін, прадаючы рэчы»

 

— З якімі арганізацыямі вы супрацоўнічаеце? Каму найбольш патрэбная дапамога?

— За год мы дапамаглі 13 дабрачынным арганізацыям. Цяпер мы шчыльна працуем з «Чарнобыльскім буслам». Нам прасцей працаваць з імі, бо ў іх ёсць кантакты з установамі і яны ведаюць, каму і што трэба везці. Ніхто ў «КаліЛасцы» не мае машыны, гэта вялікая праблема, таму мы вымушаныя прасіць кагосьці. Прыкладна раз на месяц мы прыязджаем з культурнай праграмай ва ўстановы, якія часцей за ўсё знаходзяцца далёка ад Мінска — у Асіповічы, Івянец, Бягомль, бо яны атрымліваюць найменш дапамогі. Дзеці там стасуюцца толькі між сабой, таму нашая праграма з музыкамі альбо клоўнамі — важныя зносіны са светам для іх. У Тарасікі да дарослых увогуле мала хто прыязджае, там цяжэй знаходзіцца.

— А ёсць сетка дабрачынных арганізацый альбо кожны сам за сябе?

— Гэта насамрэч даволі складана, бо ў кожнай арганізацыі свая адпрацаваная сістэма. А мы яшчэ маладыя, і многія буйныя арганізацыі лічаць, што мы надта дробныя для іх. Не заўсёды можам знайсці агульную мову, часам з некаторых арганізацый прыязджалі да нас па рэчы, нават «дзякуй» не казалі, маглі і нагрубіць. Яшчэ ёсць праблема юрыдычная. За кожную рэч трэба даць справаздачу тысячамі паперак. Таму часам, калі мы прапаноўваем дапамогу, арганізацыі не ведаюць, як яе прыняць.

— Дабрачынныя арганізацыі часам чуюць у свой адрас грубыя словы, маўляў, зарабляеце на чужой бядзе. Вы паспелі ўжо нечага такога наслухацца?

— Толькі спачатку, калі крама адчынялася, людзі не ведалі, як гэта ўсё мае адбывацца і пісалі, што мы збіраем сабе на лімузіны, прадаючы рэчы. Але пра ўсе нашыя акцыі ёсць справаздачы, кожны можа атрымаць інфармацыю пра нашую дзейнасць. Таму цяпер водгукі толькі пазітыўныя.

«Труна да нас не дайшла, хоць рэч карысная»

 

— У «КаліЛаску», напэўна, за год нацякло цэлае мора рэчаў.

— Так, за год мы атрымалі больш за 12 тон. Гэта вельмі здорава, што людзі знаходзяць магчымасць іх нам давезці.

— Але ж усе гэтыя рэчы трэба адсартаваць!

— Так, выглядае гэта даволі жудасна (смяецца). Мы ў даўгіх пальчатках перакопваем горы адзення побач з кварцавальным абсталяваннем. Спадзяемся на складзе ўсталяваць пральную машыну, бо вялікую колькасць рэчаў возім на таксоўцы ў пральню альбо дадому перамываць.

— Якія дзіўныя рэчы людзі цягнулі ў краму?

— Перыядычна прыносяць паношаную ніжнюю бялізну, шкарпэткі і калготкі. Хацелі б папрасіць так не рабіць. Ёсць некалькі смешных гісторый: на адкрыццё нам, напрыклад, прынеслі вечка ад унітаза. А аднойчы ў краму прынеслі труну. Я сказала: «Дзякуй, заносьце!» Але тут быў Гоша, адзін з уладальнікаў на той момант Me100, ён сказаў, што ніякай труны тут не будзе. Па-мойму, яе прынёс нехта з галерэі «Ў», так што, магчыма, гэта быў такі перфоманс. Шкада, труна да нас не дайшла, хоць рэч, канечне, карысная.

— Шыкоўныя рэчы прыносілі — футра, напрыклад?

— Прыносілі і дарагія рэчы, і футра таксама, але няма ў нас на іх пакупнікоў.

 

 

«Вось пераедзем — створым сваю атмасферу»

 

— Крама акупляе вашую дабрачынную дзейнасць?

— Людзей прыходзіць не так шмат, як хацелася б. За год мы не выйшлі ў плюс, а былі нават стратныя месяцы, калі залазілі ў пазыкі і прасілі адтэрмінаваць выплату арэнды. Праект адкрыўся на мае асабістыя сродкі і да сённяшняга моманту існуе толькі за кошт продажаў крамы. Для мяне важна, што нашая арганізацыя незалежная. Гэта ўжо сацыяльнае прадпрымальніцтва, а не тыповая дабрачыннасць.

Пакуль праблема крамы — у адсутнасці ўтульнасці і ў тым, што мала хто сюды (у прастору «ЦЭХ» — budzma) даязджае. Адзення, якое можна вывесіць на продаж, насамрэч больш, але не хапае прасторы. Мы адбіраем альбо вінтажныя, альбо нейкія цікавыя рэчы, нічога пошлага, каб пакупнікі вярталіся да нас. Цяпер мы шукаем новае памяшканне, вось пераедзем — створым сваю атмасферу, і, магчыма, справа пойдзе лепш.

— Ты адкрыла «КаліЛаску», натхніўшыся пецярбургскай крамай «Спасибо». Твой чэрыці-шоп мае нейкія асаблівасці, улічваючы беларускія рэаліі?

— У Вялікабрытаніі, напрыклад, дабрачынныя крамы існуюць больш за сто гадоў. У Эдынбургу ёсць вуліца, дзе шмат дабрачынных лавачак, кожная з якіх вузкаспецыялізаваная: адна дапамагае толькі пэўнай арганізацыі, другая — прытулкам для жывёлаў, трэцяя ўздымае праблему хваробы сэрца. На Захадзе ты можаш атрымаць ільготу на арэнду памяшкання для чэрыці-шопа, і там будуць працаваць валанцёры. Для нас гэта немагчыма. Мы арандуем памяшканне і плацім падаткі, як любая камерцыйная ўстанова. За год працы магу сказаць, што сталага валанцёрства ў нас амаль няма. Калі крама адчынялася, з’явілася шмат людзей, якія выступалі як удзельнікі праекта. Некаторыя з іх зніклі ў першы ж дзень, іншыя і цяпер гатовыя дапамагаць, але разава, па меры магчымасці.

Што да чэрыці-шопаў у постсавецкіх краінах, той жа «Спасибо» ў Пецярбургу трэці год існуе і дамогся поспеху. Крама мае вялікія плошчы, у ёй прадаецца шмат адзення. Але я заўважыла, што чым большы горад, тым лепш успрымаюцца такія барахолкі, гаражныя распродажы і г.д. Крама «Спасибо» існуе асобна ад складу, у які толькі ў адзін дзень месяца людзі могуць здаваць свае рэчы. У нас гэта таксама немагчыма, бо людзі проста не стануць замарочвацца, калі мы будзем ставіць такія ўмовы.

Нашая крама таксама мае свае асаблівасці і адрозненні. Напрыклад, мы ладзім дабрачынныя канцэрты альтэрнатыўных гуртоў, падчас якіх збіралі пэўную дапамогу: уваходным квітком былі, напрыклад, шампуні для інтэрната ў Тарасіках альбо корм, які аддавалі прытулкам для жывёлаў.

— Але нядаўні канцэрт быў ужо платны?

— Так, папярэднія канцэрты былі ў «Цэху», мы не плацілі за арэнду пляцоўкі, таму мелі магчымасць рабіць іх бясплатнымі. Але цяпер такі фармат не падыходзіць «ЦЭХу», які пазіцыянуе сябе як памяшканне для камерных мерапрыемстваў. Цяпер мы будзем праводзіць канцэрты ў іншых месцах, дзе мы плацім за памяшканне і абсталяванне, ганарар музыкам, так што канцэрты будуць платныя, грошы пойдуць на развіццё нашай арганізацыі.

— Хто сёння з’яўляецца камандай «КаліЛаскі»?

— Каманда мянялася цягам гэтага года, некаторыя людзі, якія выступалі на адкрыцці як арганізатары, пасля зніклі з праекта. Такім чынам, у нас сёння працуе пяць чалавек: два прадаўцы — Алена і Аляксандра, а таксама ілюстратар Наталля, якая ў краме ад самага пачатку праекта, івэнт-менеджар Юра і я. Мы разам займаемся ўсімі пытаннямі: ад абавязкаў сартавальніка да бухгалтара.

— Не пашкадавала ўвогуле, што ў гэта ўвязалася?

— Мне сказалі, што для станаўлення любога бізнесу трэба чатыры гады, таму я супакоілася: усё яшчэ наперадзе. Увогуле рабіць нешта, што на карысць не толькі табе, — вялікае задавальненне, якога я не знаходзіла ва ўсіх папярэдніх маіх працах. Гэта ні з чым не параўнаеш. Многае пачынаеш разумець у людзях, і па знаёмых таксама робіцца бачна, хто чаго варты.

Раней мы ўвесь час збіраліся з сябрамі і абмяркоўвалі, што ў Беларусі немагчыма нічым займацца, а мы ўсе непрызнаныя мастакі, музыкі і інтэлектуалы. Насамрэч гэта прыгнятае і бесіць, таму я і наважылася на адкрыццё крамы. Пасля некаторыя з тых сяброў пачалі абмяркоўваць тое, што ўжо зроблена, бо ў нас ёсць недавер да любой ініцыятывы. Мне здаецца, трэба менш абмяркоўваць, а больш рабіць — экалагічныя, дабрачынныя праекты, якія заўгодна, гэта будзе прыкладам для іншых.

 

Гутарыла Аляксандра Дорская