«Цiха памалюся… Альбо любоў i ахвяра»

18.01.2011 Афіша

Беларуская дзяржаўная філармонія запрашае ў Малую канцэртную імя Рыгора Раманавіча Шырмы залу ўсіх, каго хвалююць адвечныя пытанні: дзеля чаго я нарадзіўся, у чым сэнс майго жыцця і што гэта такое жыццё, смерць, Любоў… Мы адкрыем для сябе свет Боганатхнёных Евангельскіх слоў і слоў Свяціцеляў Мікалая Сербскага і Сілуана Афонскага… Духоўная паэзія беларускіх паэтаў Валянціна Лукшы, Анэлі Тулупавай, Пятруся Макаля, Яўгеніі Мальчэўскай, Анатоля Кудласевіча, Алега Бембеля ўсхвалююць нашы пачуцці, а ціхая малітва песнапенняў узнясе нас на духоўную вышыню ачышчэння.

Нараджэнне, жыццё, смерць на Крыжы і ўваскрасенне Бога і Чалавека Іісуса Хрыста, – усё гэта ажыве перад нашымі вачамі, і, магчыма, нам адкрыецца сэнс нашага існавання на зямлі.

Размова будзе ціхай і патаемнай, як малітва.

У ёй будуць прымаць удзел:
Зінаіда Феакцістава (Каладзяжная), майстар мастацкага слова, салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэат Нацыянальных і Ўсесаюзнага конкурсаў, Святлана Старадзетка (сапрана), салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэат Міжнародных конкурсаў, Сяргей Клачкоў, (тэнар), саліст Беларускай дзяржаўнай філрмоніі.

Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Людміла Катранжы, лаўрэат Нацыянальных конкурсаў.

26 студзеня, серада, а 19:00