Апошнія эпізоды — замаляваная фрэска ў Солах, дачэпкі да помніка Ларысе Геніюш — сведчаць, што маргінэз рэзка адчуў сілу, і ўлады да яго вымушаныя прыслухоўвацца.
Фота з асабістай старонкі ў Фэйсбук
Гісторык Цімафей Акудовіч у гутарцы з Budzma.org пракаментаваў апошнія тэндэнцыі дзеянняў беларускіх «хунвэйбінаў», якія дамагліся замазвання вядомай фрэскі «Цуд над Віслай» у касцёле ў Солах, а зараз дамагаюцца дэмантажу помніка Ларысе Геніюш у Зэльве.
«Мне падаецца, што проста 2020 год вызваліў дарогу для людзей з вельмі агрэсіўнай «рускамірскай» ідэалогіяй, якія да гэтага ў Беларусі адчувалі сябе ўсё ж заціснута. З аднаго боку, яны жывуць у краіне, дзе галоўны кіраўнік гаворыць па-руску і ўсё класна ў дачыненнях з Расіяй — саюз, братэрства і г. д., але, з другога боку, аднаўляюцца радзівілаўскія палацы, касцёлы праводзяць каталіцкія фэсты, ды Льву Сапегу ставіцца помнік, — кажа Цімафей Акудовіч. — У іх быў кагнітыўны дысананс з гэтай нагоды. А тут раптам 2020 год вызваліў ім дарогу і зрабіў так, каб іх меркаванні і думкі былі пачутыя ўспрынятыя ўсур’ёз. Яны гэтым і карыстаюцца. Я так разумею, ініцыятывы і з Соламі, і з Зэльвай — гэта ініцыятывы нізавыя, ад вось такіх актывістаў. І мне падаецца, пазіцыя дзяржавы такая, што калі ім паступае чарговая заяўка ад такога актывіста, то яны яе выконваюць, калі няма нагодаў адмовіць. А калі ёсць такія, то адмаўляюць. Бо, як мне здаецца, чыноўнікам самім не вельмі цікава гэтым займацца, апроч асобных сітуацый».
Як асобную сітуацыю Цімафей Акудовіч разглядае руйнаванне могілак польскіх вайскоўцаў: «Там нехта дужа разумны ў кабінетах гэтае ўсё сеў і прыдумаў. Бо трэба было, чамусьці трэба было так адзначыцца, паставіць галачку. А калі мы кажам пра апошнія эпізоды, то тут, хутчэй за ўсё, сітуацыя, калі дзяржава сёння не можа адмовіць проста таму што: ну, бітва ж у касцёле намаляваная, у якой палякі перамагаюць камуністаў! Няма ў іх сёння аргументаў, каб штосьці запярэчыць такой актывістцы — бо парушэнне ж усіх сённяшніх дзяржаўных канонаў. Таму ідуць і замазваюць, можа нават не дужа хочучы».
«З Зэльвай крыху іншая сітуацыя, паглядзім, як там будзе. Ларысу Геніюш запісаць у калабаранты дужа цяжка — трэба вельмі гэтага захацець. Гэта выбітная беларуская паэтка, пісьменніца, якая вельмі пацярпела ад савецкай сістэмы. Паглядзім, думаю, там улады будуць больш супраціўляцца жаданням маргінальных актывістаў, чым у Солах», — сказаў Цімафей Акудовіч.
Гісторык пагаджаецца з тым, што маргінэз, які адчуў сваю моц і становіцца ўжо і не такім маргінэзам, — сіла вельмі небяспечная. «Заўсёды страшная сітуацыя, калі маргінэз так вось рэзка вырываецца наперад і адчувае сваю сілу. Зараз ужо ёсць сітуацыя, якая нясе вялікую шкоду Беларусі. І калі зацягнецца, прынясе яшчэ большую, можа нарабіць шмат бяды. На сёння ўсё ж гэта балючыя, вельмі непрыемныя, але яшчэ толькі пакасці», — лічыць ён.
«Аднойчы ўсё скончыцца добра, — упэўнены Цімафей Акудовіч. — Ну, слухайце, мы, беларусы, перажылі савецкую сістэму, якая вось такім жа дзікунствам займалася 70 год. Шмат беларусы страцілі, але ж выжылі і вярнулі ўсё назад. Тут, мне здаецца, пагроза па маштабе значна меншая і пройдзе яна значна раней».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org