Абвешчаны лаўрэаты прэміі імя Ежы Гедройця — 2025

15 лістапада 2025 года ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску абвешчаны лаўрэаты чатырнаццатага сезона літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця — галоўнай незалежнай узнагароды ў галіне беларускай прозы, паведамляе bellit.info.

I месца — Сяргей Дубавец, аўтар кнігі «Занзібар: сталеньне маладой душы».

гедройць-2025.jpg

Рашэннем журы аўтар узнагароджаны за філасофскую рэфлексію над пошукамі нацыянальнай ідэнтычнасці свайго пакалення. Пераможца атрымаў галоўную ўзнагароду пры падтрымцы Фонду міжнароднай салідарнасці.

II месца — Югася Каляда, аўтарка кнігі «Перамена месцаў».

гедройць-2025-02.jpg

Аўтарка ўзнагароджана за фантасмагарычнае адлюстраванне зрухаў у беларускім грамадстве творчай стыпендыяй і месяцам працы на шведскім востраве Готланд. Прыз забяспечыў суарганізатар прэміі — Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

III месца — Зміцер Дзядзенка, аўтар кнігі «Гульні Цырцэі».

гедройць-2025-03.jpg

Журы адзначыла кнігу за асэнсаванне гістарычнай повязі часоў у вострасюжэтнай форме. Прыз — выданне наступнай кнігі пры падтрымцы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў.

Рашэнні агучылі публічныя сябры журы прэміі: ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, кандыдатка філалагічных навук Катажына Дрозд-Урбаньска; літаратуразнаўца і драматург, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай Сяргей Кавалёў; паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч.

Спецыяльным прызам партнёра прэміі, Audiobooks.by, была ўзнагароджана кніга Югасі Каляды «Перамена месцаў». Чытачы і слухачы абралі з кароткага спісу твор, што будзе агучаны прафесійнай камандай аўдыявыдавецтва.

Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца штогод з 2012 года і адзначае тры найлепшыя кнігі, напісаныя па-беларуску ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы.

Цырымонія праходзіць у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску — горадзе, дзе слова «салідарнасць» стала сімвалам свабоды. Вечар адкрыў дудар Дзяніс Шматко (гурт Lity Taler), а пасля ўручэння галоўнай узнагароды гасцей чакаў спецыяльны канцэрт лідара гурта J: Морс — Уладзіміра Пугача.

Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Польскі ПЭН-клуб і Беларускае культурнае таварыства «Хатка».

Партнёры падзеі: Audiobooks. by, Reform. news, Еўрапейскае радыё для Беларусі, Numar8Production.

Праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.