На выходных драматург, кінасцэнарыст і рэжысёр падзяліўся цізерам будучай першай серыі «першага мастацкага серыяла» «Акрэсціна», над якім ён цяпер працуе ў Вільні. Ролік, створаны з мэтай прыцягнення ўвагі да праекту і яго фінансавай падтрымкі, выклікаў рэзкую рэакцыю беларусаў.
Здымкі пілота новага кінапраекта "Акрэсціна" пачыналіся ў сярэдзіне студзеня. Андрэй Курэйчык і “Маланка медыя” “пазіцыянуюць будучы прадукт як першы мастацкі серыял пра беларускую рэвалюцыю”.
Галоўнай мэтай серыяла аўтары лічаць паказаць усяму свету гісторыю беларускага народа ў імкненні быць свабоднымі, распавесці пра падзеі, якія і сёння адбываюцца ў Беларусі.
Рэжысёрам серыяла выступае Андрэй Курэйчык, вядомы гледачу як адзін з аўтараў сцэнара такіх карцін, як “Движение вверх”, “Юленька”, “Любовь-морковь”, а таксама рэжысёр праектаў “Вышэй за неба”, “ГараШ” і “Партызан-фільм”. Прадзюсар карціны — кіраўнік “Маланка медыя” Павал Марыніч. Кампазітар — Дзмітрый Фрыга. У фільме задзейнічана міжнародная каманда акцёраў. Таксама ў партнёрах праекта паказваецца літоўская кампанія Filmai LT.
Неадназначная рэакцыя беларусаў
Цізер стужкі, які рэжысёр выклаў на выходных у сваім Facebook, выклікаў неадназначную рэакцыю беларусаў.
Вядомая настаўніца Ганна Севярынец піша: Тое, што я бачу ў кадрах гэтага рэкламнага відэа, амаральнае і антымастацкае відовішча”.
Кацярына Андрыеўская піша пад пастом Курэйчыка з цізерам: “Што вы з намі робіце? Навошта здымаць хлусню і ўвогуле здзекавацца над тым, што па сённяшні дзень баліць...”
Дзмітрый Сідараў спытаў пад пастом: Навошта Вы гэта здымаеце зараз?
Кінакрытык Тарас Тарналіцкі ў сваім Facebook: “Мяркуючы па беспрэцэдэнтна высокаму градусу абмеркавання будучага серыяла пра Акрэсціна, які здымае Андрэй Курэйчык, мы можам стаць сведкамі першага прэцэдэнту калектыўнага cancel culture у беларускім кіно”. А з каментароў пад яго пастом вынікае, што яшчэ не склалася адзінага меркавання наконт будучай стужкі Курэйчыка. Сам рэжысёр пакуль ніяк не адрэагаваў на крытыку ў бок яго новага серыяла.
Па словах Андрэя Курэйчыка, прэм’ера серыяла запланавана на першую палову 2022 года. На дадзены момант сабрана толькі невялікая частка сумы ад бюджэту першай серыі.