Напярэдадні арганізатары заклікалі ўсіх прыходзіць у калядна-маскарадных касцюмах і прыносіць нешта на салодкі стол, таму падчас імпрэзы можна было падсілкавацца смачнымі пачастункамі і сустрэць самых розных героеў: маленькіх прыгажунь-фей, прынцэс, лісічку, казу, мядзведзя, Здыхліка Неўміручага і шмат іншых.
Пасля сумеснага выканання ці не самай навагодняй песні “Звон звініць”, усе агульнымі сіламі клікалі Святога Мікалая і дэманстравалі яму свае таленты: чыталі вершы, спявалі песні і нават гралі на акардыёне.
Неўзабаве знаходлівыя беларусы вярнулі свае падарункі, а абаяльныя калодзежнік і паркавік у выкананні вядоўцаў курсаў Эміліі і Веранікі сталі ці не самымі ўлюбёнымі персанажамі вечару.
Атрымалася сапраўднае свята!
– Дазвольце да вас завітаць, з калядой павіншаваць! – з гэткімі словамі на “Елку на мове” прыйшлі калядоўшчыкі.
Выконвалі калядныя песні, вадзілі карагоды, Мішка паказваў, як маці і тата правяраюць хатняе заданне, Каза страчвала прытомнасць і, канешне, усе атрымлівалі пачастункі ў падзяку за цудоўны выступ.
Наблізіцца да традыцый было цікава і дзецям, і дарослым. Разам яны выканалі танцы “Ойра”, “Кракавяк”, “Яблачка”, “Верабей”, “Полька”, “Падыспань”.
Некаторыя ўдзельнікі настолькі акунуліся ў атмасферу, што ўжо пасля афіцыйнага сканчэння каляднай вечарыны папрасілі навучыць іх яшчэ чаму-небудзь.
Наступныя заняткі адбудуцца ўжо ў студзені 2015 года. Сачыце за навінамі ў суполках на Facebook і Вконтакте.
Тэгі: Гродна