Суп з таркаванай бульбы. Гатуем «цярцюху» разам з «Будзьма!»

Працягваем тэму «другога хлеба беларусаў» — бульбы. Сёння падзелімся рэцэптам традыцыйнага беларускага супа «цярцюха», міска якога добра сагрэе восеньскім зябкім надвор’ем.


Што ж такое гэтая «цярцюха»?

У беларускай і ўкраінскай мовах слова «цярцюха» азначае нешта пацёртае, усё залежыць ад мясцовасці: дзесьці гэта тоўчаная сухая бульба ці салодкі напой з малаком і душанымі клубніцамі, дзесьці так называлі нават дранікі, якія таксама з таркаванай бульбы. Бывала і таркаванку — адмысловую запяканку з бульбы з яблыкамі і разынкамі — таксама называлі цярцюхай.

У вядомай беларускай сатырычнай паэме XIX стагоддзя «Энеіда навыварат», аўтарства якой прыпісвацюць Вікенцію Равінскаму, так называлі тоўчаны тытунь. Мы распавядзем пра рэцэпт «цярцюхі» ў выглядзе наварыстай, але простай поліўкі з вельмі звычайных прадуктаў: сала, бульбы і цыбулі. У пост такі суп гатуюць на грыбах. Сама страва карыстаецца папулярнасцю ў гродзенскіх вёсках сярод гаспадыняў сталага веку.

Як прыгатаваць «цярцюху»?

Цыбулю і салёнае сала трэба парэзаць на кубікі. Замест сала можна выкарыстоўваць вяндліну або грыбы. Затым на патэльні трэба растапіць кавалак масла, абсмажыць на ім сала. Калі з яго выйдзе дастаткова тлушчу, усыпаць цыбулю. Смажым да змены колеру. Масла дадаваць не абавязкова, але яно робіць смак будучага булёну больш вытанчаным.

Засмажанае сала ці грыбы з цыбуляй перакладваем у рондаль, заліваем вадою, усыпаем чорны перац гарошкам і пару лаўровых лісткоў. Варым каля 20 хвілін. Соль дадаваць толькі напрыканцы, на свой густ, бо сала і так салёнае.

Пакуль булён варыцца, самы час нацерці бульбу на буйной тарцы. Натаркаваную бульбу дадайце ў булён і варыце памешваючы цягам 10 хвілін. Калі любіце максімальна далікатныя супы, то можаце ўліць крыху вяршкоў у «цярцюху» на апошняй хвіліне прыгатавання, але такі варыянт супа не будзе захоўвацца доўга. Пры падачы можна суп папярчыць і дадаць зеляніну на свой густ.

Смачна есці!

На трохлітровы рондаль «цярцюхі» нам спатрэбяцца:

Вада — 3 літры

Бульба — 700 грамаў

Салёнае сала і цыбуля — па 150 грамаў

Масла — 30 грамаў

Тры лаўровыя лісткі

Перац чорны — 15 гарошкаў

Соль, перац і зеляніна — па смаку

Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.