19 лютага 1861 г. расійскі імператар Аляксандр ІІ падпісаў Маніфест аб адмене прыгоннага права і Палажэнне аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці. Сяляне нарэшце атрымалі асабістую свабоду і грамадзянскія правы. Адмена прыгону пацягнула за сабой шматлікія іншыя пераўтварэнні, у тым ліку ў судовай і пенітэнцыярнай сістэме. З вызваленнем сялян з’явілася патрэба ў стварэнні агульнага суда, бо ў ранейшыя часы на прыгонных сялян распаўсюджвалася судовая ўлада землеўласніка, ад якога цалкам залежала вызначэнне віны і мера пакарання селяніна. Адпаведна, да пачатку правядзення ў Расійскай імперыі судовай рэформы ў 1864 г. значная частка насельніцтва, у тым ліку Беларусі, не сутыкалася з сістэмай дзяржаўнага суда. Да з’яўлення міравых судоў абмежаванне волі ў турэмнай установе ў якасці пакарання было не надта шырока распаўсюджанае. Валасныя суды, як і раней памешчыцкія, шырока ўжывалі практыку цялесных пакаранняў, а абмежаванне волі існавала ў выглядзе некалькіх дзён мясцовага арышту (так званая «халодная»).
Да другой паловы ХІХ ст. сярод беларускіх сялян на падставе чутак сфармавалася ўяўленне пра турму (астрог) як пра страшнае месца, дзе не бывае ніхто, акрамя непапраўных зладзеяў і забойцаў: «седзяць не сабачыя дзеці, да самые сабакі, чэрці з лапамі, гады і бэзбожнікі... апаганьваюць усякую сьвятасьць». Адметна, што сярод палешукоў сфармавалася выразнае ўспрыманне арыштантаў як чужынцаў (прыхадні з-за Дняпра), бо сярод сваіх не ведалі тых, хто б трапіў у дзяржаўную турму. Асуджаныя ў турме не проста лічыліся чужымі ў сацыяльным і этнічным плане («...закованаго ў ланцугі, бы начэ кацапа»), але нават у пэўнай ступені расчалавечваліся, пра што сведчаць згаданыя вышэй міфалагізаваныя азначэнні зняволеных. Як адзначыў этнограф Часлаў Пяткевіч, няма нічога дзіўнага ў тым, што для палешукоў астрог быў «прывідам нейкае пячоры з казкі пра змея». То бок турма для беларусаў была нечым з шэрагу міфалагічнага іншасвету. На сімвалічным узроўні месца зняволення выступала нячыстым месцам, у якасці зямнога ўвасаблення пекла, дзе людзі адбываюць пакаранне за свае цяжкія грахі. Турмой апякуецца чорт, гэта яго прастора: «Харошы астрог, да чорт яму рад».
Аднак у выніку судовай рэформы сітуацыя радыкальна змяняецца. Калі раней за шматлікія парушэнні, у тым ліку не вельмі значныя, волю не абмяжоўвалі, то цяпер беларусы ўпершыню пачалі масава трапляць «на суткі». У старыя часы апынуцца ў турме было не так проста, аднак дзякуючы судовай рэформе гэта стала лёгкай справай, што адлюстравалася ў народных прыказках: «У астрог шмат дарог», «У астрог дарога шырокая», «Сумы і турмы ніколі не заракайся» і да т.п. Гэта мела велізарныя сацыяльныя, ментальныя і этычныя наступствы. Негатыўнае ўспрыманне турмы на ўзроўні міфалагічнай свядомасці аўтаматычна ператварала арыштантаў у небяспечных людзей, свой станавіўся чужым, ці, як мінімум, чалавек адчуваў недавер грамады і абмежаванасць у сваіх магчымасцях, паніжаўся яго сацыяльны статус: «з астрога выйдзеш астрожнікам да самае смерці». Да асуджаных было прадузятае стаўленне, назіраўся выразны астракізм у дачыненні да іх: «Ой, шкода, што цябе аслабанілі; лучшай бы ты там сагніў, астрожнік пракляты!», «З астрожнікам спазнайся — хутка да астрогу сам збірайся». Як бачна, нават камунікацыя з былым зняволеным разглядалася негатыўна праз боязь напаткаць такі ж самы лёс. Падобным чынам у традыцыйным беларускім грамадстве імкнуліся пазбягаць ведзьмака і лішні раз з ім не сутыкацца, каб выпадкова не наклікаць на сябе сурокаў, шкодных чараў ці іншага ліха.
Зрухі былі настолькі значныя, што гэта закранула нават вельмі архаічныя пласты традыцыйнай культуры. Сярод замоў пашырыліся адмысловыя магічныя тэксты, скіраваныя на справядлівае і паспяховае вырашэнне справы ў судзе, унікненне турэмнага пакарання. Пра час узнікнення такіх замоў сведчыць тэрміналогія, якая адлюстроўвае парэформенныя рэаліі. Вось некалькі прыкладаў такіх замоў, якія прамаўляліся па дарозе ў суд і напярэдадні паседжання. «Я іду ў пуці, Ісус Хрыстос наперадзе, Мацер Божая за ім. Усім святым — пячаць, а суддзям, пракурорам, лжэсведкам — маўчаць, маўчаць, маўчаць. Амін», — гэтую замову прамаўлялі ў час суда, гледзячы ў вочы суддзям. Былі вядомы і радыкальныя магічныя дзеянні. Калі ішлі з дому на суд, утыкалі нож у кухонны стол вастрыём да дзвярэй і гаварылі: «Адразаю губы, зубы і язык суддзям, засядацелям, пракурору». Але не толькі бізуном, але і сімвалічным пернікам імкнуліся забяспечыць прыхільнасць суддзяў: «Ноч-Варвара, дзень-Гаўрыла. Прабоі вырываю, замкі замыкаю і мову адымаю. Іду я дарогай шырокай у суд. Каля суда стаіць кол, на калу — свечка. Іду я да вас, суддзі, з пасхаю, а вы да мяне будзьце з ласкаю. Амінь».
Чытайце таксама: Незламаныя дзеці Валадаркі
Назіралася розніца ва ўспрыманні турэмнага зняволення ў старэйшага і малодшага пакалення. Калі для першых гэта было непрымальна і страшна, то сярод маладзейшых з’явілася іншае меркаванне, асабліва пасля таго, як ужо трапіў у турму. Досвед зняволення паказваў, што гэта не такое жудаснае месца, як пра гэта расказвалі, і што асуджаныя далёка не ўсе кепскія і безнадзейныя, а, наадварот, пераважна звычайныя людзі:
«Ты мяне на напужаеш астрогам, да й сам бы не баяўся, як бы там пабываў. У астрозі лучшай, як дома: не трэба журыцса ні за сена ў пакосах, ні за пашню пад сушаю, ні за худобу, штоб не галадала, да не трэба думаць ні за сёе, ні за тое. Гадуюць добрэ, на работу гоняць толькі ў пагоду, не змушчаюцса, а ў негоду лежы наеўшыся. Начальства слухай, астрожнікам не настырняйся, дак будзе табе райская жытка. Там не чэрці, не гады, як ты думаеш, да людзі разумные, дружные адзін з адным».
Штосьці вельмі знаёмае пазнаецца ў працытаванай думцы стагадовай даўніны.
Пасля дзесяцігадовай дзейнасці міравых судоў турма як пакаранне стала настолькі папулярнай, што ўжо нікога не здзіўляла і не абурала. Да яе прызвычаіліся, ужо не так баяліся, яна страціла міфалагізаваны арэол, стала часткай штодзённасці грамадства («Каму астрог, а мне хата»). Схадзіць у турму стала нібыта выйсці з дому з нейкай нагоды ці проста пагуляць у карчму: «Аб етай справі, — кажа асуджаны тым, хто застаецца дома, — будзем гаварыць, як я вернуся з астрога»; «Ось, скора ўжэ, — гаворыць дзяўчына пра свайго нарачонага, — мой Максім вернецса з астрога, дак і павенчаемся». Пры гэтым было яснае разуменне цяжкасці жыцця зняволеных, якое не ідэалізавалася, бо «астрожны хлеб горкі». Ніхто добраахвотна ў турму не збіраецца («Вялікая цюрма, ды ніхто ў яе не хоча») і ўсяляк імкнецца пазбегнуць гэтай долі.
Захаваная дата ўнутры камеры руінаў Барысаўскай турмы
Каштоўнасць волі засталася безумоўнай і бясспрэчнай. У традыцыйным светапоглядзе беларусаў свабода з’яўляецца неабходнай умовай для шчаслівага жыцця чалавека. Невыпадкова ў народных апавяданнях неабмежаваная свабода і роўнасць нават згадваюцца ў ліку прыкмет райскага жыцця. Турма, як чортава месца, псуе чалавека, адбірае магчымасці паўнавартаснага жыцця і не дае быць шчаслівым.
budzma.by