Гледзячы на мапу Беларусі, мы задумваемся, куды наступным разам павандраваць, што паглядзець, што яшчэ не бачылі і каб уражвала. Усе ведаюць браслаўскія азёры і паселішчы вікінгаў, маёнткі Радзівілаў, смаргонскую мядзведжую акадэмію, Шагала і “Славянскі базар” у Віцебску, белавежскіх зуброў, лідскі хмель-солад. А чым Стоўбцы і наваколле могуць зацікавіць турыста-суайчынніка і турыста-замежніка? Ці могуць Стоўбцы стаць не менш папулярнымі за Мір і Нясвіж?
14 чэрвеня грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” разам з Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання “Сімпа”, рэгіянальнай філіяй Таварыства беларускай мовы і Стаўбцоўскім райвыканкамам запрашаюць разам абмеркаваць турыстычны патэнцыял Стоўбцаў на першым гарадскім ток-шоў “Турыстычныя Стоўбцы: чым мы адметныя?”
Як горад сустракае сваіх гасцей і наколькі ўтульна ім на вуліцах Стоўбцаў? Што з архітэктурных адметнасцяў, помнікаў удала пазіцыянуецца, а што несправядліва застаецца па-за турыстычнымі маршрутамі? Якія гарадскія мерапрыемствы могуць стаць візітоўкай горада і ці ёсць такія ўвогуле? Як стварыць прывабны вобраз нашага горада і зрабіць яго вядомым турыстычным цэнтрам? Запрашаем ініцыятыўных жыхароў, работнікаў установаў культуры і ўсіх зацікаўленых абмеркаваць разам гэтыя ды іншыя пытанні, а таксама паспрабаваць знайсці шляхі для паспяховага развіцця раёна.
Паспяховымі прыкладамі турыстычных брэндаў і досведам іншых гарадоў Беларусі падзеляцца госці сустрэчы:
– Ігар Мельнікаў (Заслаўе), гісторык, аўтар кніг і экскурсій па гісторыі 20-30- х гг.;
– Вольга Маханенка (Лепель), менеджар праектаў па стварэнні турыстычных брэндаў Лепельшчыны, арганізатар фестывалю “У госці да Лепельскага цмока”;
– Ірына Гардзіенка (Мінск), загадчык аддзела маркетынга Нацыянальнага агецтва па турызме;
– Ала Гальперына (Новы Свержань), уладальніца аграсядзібы “Млын”.
14 чэрвеня, пачатак у 19.00
Гімназія №1 (г. Стоўбцы, вул. Камінтэрна, 3), актавая зала
Уваход вольны для ўсіх зацікаўленых!
Даведкі: (029) 712-18-03, razam@budzma.org