На мінулым тыдні лета нас парадавала па-сапраўднаму цёплым надвор’ем, а грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” – новымі творчымі сустрэчамі!
Так, 12 чэрвеня наш цудоўны дуэт: сяпвачка Таццяна Матафонава і пісьменнік Міхась Скобла завіталі ў бібліятэку № 14 імя Францішка Багушэвіча, куды іх запрасіла загадчыца – спадарыня Наталля Стрыгельская. Дзетак чакалі вясёлыя народныя песні, вершы-загадкі, а таксама займальная віктарына пад назвай “Каб любіць Беларусь нашу мілую”, якую госці разам з гледачамі тут жа на сустрэчы пераназвалі ў “Як даць бусі ўсёй Беларусі”. За пятнаццаць хвілінаў імклівага “падарожжа” вучні пабывалі і ў зялёнай Белавежы (дзе “для ўсіх звяроў хапае ежы”), і на возеры Нарач, што “спіць за барамі ў калысцы пясчанай”, і на Нёмане, у чыё рэчышча заплыў сасмяглы ў салёным моры-акіняне кіт… Для самых актыўных і кемлівых творчы дуэт прывёз сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
13 чэрвеня ў сельскай бібліятэцы аграгарадка Ждановічы адбылася яшчэ адна цікавая сустрэча з пісьменніцай Аксанай Спрынчан і музыкам Ярашам Малішэўскім. Творчы дэсант з Мінску сустрэў цёплы прыём і праўдзівую зацікаўленасць з боку гаспадароў – дарослых і дзетак, што сабраліся ў светлай залі бібліятэкі. Сустрэча сталася шчырай і сяброўскай. І гледачы, і выступоўцы атрымалі яркія ўражанні.
Госці зладзілі паэтычна-музычны спектакль, дзе слова чаргавалася з мелодыямі, а вершы – з песнямі.
Следам за вершамі гучалі загадкі, якія гледачы намагаліся адгадаць найхутчэй ды атрымаць за тое прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. І такіх ахвотных было багата. Спадар Яраш учыняў музычныя адкрыцці, бо для бальшыні прысутных назвы і гучанне многіх беларускіх народных інструментаў былі пачутыя і пабачаныя ўпершыню. На розныя галасы перагукаліся Ярашавы дудкі, чароўна гулі акарыны, містычна заварожваў варган, змушаў здзіўлена пахітаць галовамі саламяны пішчык, магутна разлятаўся зычны голас славутай жалейкі. Творчасць і родная мова аб’ядналі і гледачоў, і выступоўцаў. Пад канец імпрэзы яны разам спявалі пад гітару ды танчылі пад сакральную беларускую дуду.
Гэтам жа днём літаратары Уладзімір Арлоў і Ігар Крэбс сустрэліся са старадарожскімі школьнікамі з археалагічнага летніка ў в. Прусы. Госці падрыхтавалі для юных гісторыкаў адразу 6 гістарычных і філалагічных конкурсаў і віктарын. Вучні з захапленнем адказвалі на пытанні знакамітых творцаў па гісторыі роднага горада Уладзіміра Арлова – Полацка, а таксама па гісторыі Старых Дарог, расшыфроўвалі сімвалы партрэта Францішка Скарыны.
Практычна кожны ўдзельнік сустрэчы атрымаў невялікі сувенір падчас лінгвістычнай віктарыны, падрыхтаванай Ігарам Крэбсам.
Усе прысутныя выказвалі шчырую падзяку і радасць ад сустрэчы з пісьменнікамі, запрашалі прыязджаць яшчэ.
14 чэрвеня паэтэса Вера Буланда выступіла перад вучнямі пачатковых класаў у гімназіі № 6 горада Мінска.
З малечай Вера Аляксандраўна пачала гутарку з пытанняў: як яны разумеюць выраз “Зямля пад белымі крыламі”, з якім словам можна зарыфмаваць слова Бусел (“малюся”, “у Беларусі” – былі адказы), ці наведвалі яны калі-нбудзь Бярэзінскі запаведнік, або Белавежскую пушчу… Пасля чаго вучням былі прапанаваны загадкі, складзеныя паэтэсай.
Незвычайны, добры, мілы,
Вы не злуйце – будзе люб,
Запаведнікаў асілак –
Гэта слаўны, мудры… (Зубр).
Разбяжыцца – не дагоніш,
Часта тупае ледзь-ледзь,
Як стары над мёдам стогне,
А хто любіць мёд? (Мядзведзь).
Зямля пад белымі крыламі дарагая ўсім паркамі і садамі, гарадамі і мястэчкамі, пасёлкамі і маленечкімі вёскамі. А 2018 год абвешчаны годам малой радзімы. Таму Вера Аляксандраўна прачытала новыя вершы.
Сон не йдзе – успамінаецца
Хата бацькава, мы – усе,
Малаком аблітая раніца
І замёрзшыя травы ў расе.
З малака-туману стрыножаны
Ад стагоў адыходзіць конь,
Певень горла дзярэ, растрывожаны
Яркім вогнішчам над ракой.
Ля калодзежа мамы з вёдрамі
Расшыфроўваюць бабскія сны,
І навіны дрэнныя-добрыя
Ў поўных вёдрах нясуць яны.
Апантаныя ранішнім клопатам…
І за рэчкай адвешу паклон
Вам, матулі з бабуліным вопытам,
Калі ласка, прашу ў свой сон.
Пераклад – адзін з найважнейшых складнікаў сучаснай беларускай літаратуры. Пераканацца ў гэтым можна было на прамінулых выходных у Гродне. Адразу тры серыі айчыннай перакладной кнігі, якія з’явіліся сёлета ў незалежных выдавецтвах, былі прадстаўленыя гарадзенцам 16 чэрвеня на падворку этна-крамы “Цудоўня” у межах акцый грамадзскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. А менавіта: “Паэты планеты” – кампактная серыя невялікага фармату, якая выходзіць у выдавецтве Змітра Коласа і прэзентуе ўсім, хто чытае па-беларуску, асноўныя творы самых знакамітых вершатворцаў свету; “Амерыканка” – новая кніжная серыя, якая мае на мэце аб’яднаць культавыя творы аўтараў Паўночнай Амерыкі, кнігі “пра свабоду і чалавечую годнасць”. І, нарэшце – гэта новыя кнігі выдавецтва “Коска” пра карову Маму Му і яе сябра крумкача Крага аўтарства шведскай пісьменіцы Юі Вісландэр, а таксама вершаваная аповесць “Біла з Болаю” шведкі Гунілы Бергстрэм. Прадставілі гэтыя серыі іх рэдактары, выдаўцы і перакладчыкі: Марыя Мартысевіч, Андрэй Хадановіч і Надзея Кандрусевіч.
Марыя Мартысевіч і Надзея Кандрусевіч на імпрэзе ў Гродне.
“Паэты планеты” – класічныя і выбітныя сучасныя аўтары з Францыі, Нямеччыны, Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША, Італіі, Іспаніі, Грэцыі і нават Румыніі – тэзаўрус сусветнай літаратуры. Выдаюцца ў серыі і творы беларускіх паэтаў. Сярод іх – Рыгор Барадулін, Юлій Таўбін, Алесь Разанаў. Да перакладу некаторых з дзясяткаў рознакаляровых кніжачак кішэннага фармату мае непасрэднае дачыненне Андрэй Хадановіч. У прыватнасці, ён прадставіў слухачам польскага паэта эпохі барока Яна Каханоўскага і ўкраінскага паэта эпохі постмадэрну Сяргея Жадана. Дзве інтанацыі – іранічная і лірычная – аб’ядналіся ў адным выступе.
Андрэй Хадановіч расказвае пра паэтаў планеты.
Некаторыя вершы паэтаў-мужчын рабіліся прадмовамі да таго, што стварылі за год для беларускага перакладу жанчыны. Так, Надзея Кандрусевіч зладзіла натхнёную прамову пра стан дзіцячай літаратуры ў Швецыі.
Надзея Кандрусевіч – перакладчыца і выдавец кніг пра Маму Му і Крага.
Завершыла яна прадстаўленем кнігі пра асаблівую дзяўчынку Болу Гунілы Бэргстрам. Паэма для дзяцей, дзе шчыра і без аздобаў расказваецца пра тое, як жыве сям’я, у якой нарадзілася дзіця з цяжкай формай аўтызма. Кніга, якая, паводле перакананняў Надзеі, вельмі неабходная многім беларускім дзецям і іх сем’ям.
Перакладныя кнігі, прадстаўленыя ў этна-краме “Цудоўня” 16 чэрвеня.
Марыя Мартысевіч расказала пра навінкі кніжнай серыі “Амерыканка”: “Байцоўскі клуб” Чака Паланюка – кнігі, якая паводле задумы перакладчыка, атрымалася падобнай да кавалку мыла з дэтанаратам, і “Пенелапіяды” канадкі Маргарэт Этвуд – аповесці, якая перакручвае з ног на галаву Гамераў міф пра Адысея.
Марыя Мартысевіч прадстаўляе серыю “Амерыканка”
Але гэта было не ўсё. Публіка з цікавасцю ўзяла ўдзел у займальнай віктарыне па амерыканскай культуры, якую падрыхтавала Марыя Мартысевіч.
Наведнікі вечарыны “Пера-к-лад” на падворку “Цудоўні”.
Самым актыўным і кемлівым дасталіся наборы паштовак кампаніі “Будзьма беларусамі!” – серыя “Не маўчы па-беларуску”, якая дапамагае дарослым і дзецям засвоіць беларускую лексіку з розных сфер штодзённасці.
Паштоўкі “Не маўчы па-беларуску” для пераможцаў “амерыканскай” віктарыны
А завершылася імпрэза музычным сюрпрызам ад вядомага рок-музыкі Алеся Дзянісава, які разам са сваімі паплечнікамі прадставіў эскіз ірландскага рок-фольк праекту, цэнтральнай часткай якога зробяцца пакладзеныя Дзянісавым на музыку вершы Ўільяма Батлера Ейтса ў перакладзе Андрэя Хадановіча.
Трыё Алеся Дзянісава – хэдлайнер перакладной вечарыны
Эксперыментальная выязная прэзентацыя прайшла “на ўра!”. Гаспадар Этна-крамы “Цудоўня” Андрэй Несцяровіч шчыра падзякаваў гасцям за імпрэзу і заахвоціў беларускіх літаратараў часцей наведвацца ў Гродна з кніжнымі навінкамі.
Гаспадар “Цудоўні” Андрэй Несцяровіч.
Фота – Сяргей Кулік
І завяршыла гэты багаты на сустрэчы тыдзень творчая сустрэча ў Кітайскім Культурным цэнтры г. МІнска. Сюды на творчую імпрэзу з нагоды тыдня крэатыўнай культуры Кітаяь былі запрошаны пісьменніцы, сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянціна Осіпава і Людміла Паўлікава-Хейдарава.
Валянціна Осіпава вітала шаноўны сход, дзялілася разважаннямі пра творчасць, якая мае права менавацца творчасцю адзіна ў тым выпадку, калі яна нясе адбітак самабытнасці, асобы, асаблівага падыходу, крэатыўнага вырашэння твора, да якой бы галіны чалавечай дзейнасць гэта ні адносілася. Пісьменніца выказала задавальненне, што культурныя зносіны нашых краін развіваюцца, у тым ліку і дзякуючы Кітайскаму культурнаму цэнтру, які часта праводзіць выставы рознага кшталту мастацкіх рамёстваў, выяўленчага мастацтва, а таксама сустрэчы, канцэрты і інш, якія знаёмяць беларусаў з мінулым і сучаснасцю Кітая.
Валянціна Осіпава адзначыла, што Беларусь – адкрытая краіна для ўспрымання ўсяго значнага, што робіцца ў свеце ў галіне культуры, выяўленчага мастацва, мастацкага слова і філасофскай думкі. І гэтаму ёсць самы, напэўна, яркі прыклад у беларускай літаратуры.
Вядомая беларуская пісьменніца Людміла Паўлікава-Хейдарава распрацавала, абапіраючыся на прынцып сусветнавядомай Кнігі Перамен (І-Цзын) – поўную кнігу іцзын-секстэтаў – шасцірадковікаў, якія адпавядаюць гексаграмам Кнігі Перемен. І гэта сапраўдны крэатыўны падыход, бо кніга несумненна зыходзіць з беларускага менталітэту, пакладзенага на прынцыпы кітайскага даследавання сусвету, што ўзаемна абагачае нашыя культуры.
Людміла Паўлікава-Хейдарава прысвяціла свой выступ азнаямленню непасрэдна з іцзін-секстэтамі, частку каторых папрасіла пачытаць і Валянціну Осіпаву.
Вось прыклады гэтых незвычайных твораў:
3.
У ГЛЫБІНЯХ ЖЫЦЦЯ
або
СВЯТЛО НАРАДЖАЕЦЦА Ў ЦЕМРЫ
_____ _____
____________
_____ _____
_____ _____
_____ _____
____________
Яшчэ нябёсы не падгрэблi жар,
яшчэ на вуснах не застыла слова,
а свет ужо – раджаецца нанова.
I ўсё так зыбка, плытка i часова
тут, дзе святлом пазначаны абшар
i цемра праступае, як аснова.
5.
ГУЛЬНЯ НА КРАІ ПРОРВЫ
або
У НЕВЯДОМАСЦІ НЕ АДЗІН ТВАР
_____ _____
____________
_____ _____
____________
____________
____________
Апошняга святла шчымлiвы звон
iрве душу. Але зямны палон –
магутны вiр, жыцця короткi сон.
Шлях у душы да пекла i да раю.
За Божы дзень i cонца б’е паклон,
схiлiўшы галаву да небакраю.
20.
НЯВЫЗНАЧАНАСЦЬ
або
КАБ УБАЧЫЦЬ ЦЕМРУ, ДАСТАТКОВА ЗАПЛЮШЧЫЦЬ ВОЧЫ
____________
____________
_____ _____
_____ _____
_____ _____
_____ _____
Гусцее цень зямны. I на змярканнi
цiшэе дол і думак крок чаканны,
пагляд мякчэе і святло. I кане
у сон наступнасцi, над светам i вякамi
ляцiць душа. I адступае час,
каб невядомасць зазiрнула ў нас.
22.
ВЫТАНЧАНАСЦЬ
або
НЯМА ЛЕПШАГА ЎПРЫГОЖВАННЯ, ЧЫМ ВЫСАКАРОДНАЕ СЭРЦА
____________
_____ _____
_____ _____
____________
_____ _____
____________
Так нечакана далi расцвiлi! –
Як матылi, святло iх аблятае.
Па кветцы ў кожнай хмаркi на брылi.
Сядае сонца – быццам прарастае
сярэдзiна нябёсаў залатая
да залатой сярэдзiны зямлi.
29.
ДОТЫК ГЛЫБІНЯЎ
або
ШТО МОЖА БЫЦЬ ГЛЫБЕЙШЫМ АД НЕБА?
_____ _____
____________
_____ _____
_____ _____
____________
_____ _____
Заваражыла мроi вечарнiца.
I думкi ўсе – лятуць за небакрай.
Але ж i тут, на кожным кроку жыцця,
пад нашымi нагамi – не зямлiца,
а край зямлi, як i нябёсаў край.
На iм парой так проста аступiцца.
50.
ТАЯМНІЦА СПАКОЮ
або
УСЁ МАЕ СВАЁ МЕСЦА НА КОЛЕ ЖЫЦЦЯ
____________
_____ _____
____________
____________
____________
_____ _____
Гараць пiсьмёны вогненных разлогаў –
нябёс вячэрнiх патаемны сказ.
Не ўчуць, не разгадаць яго падчас.
Каму ён? Што ў iм? Жальба цi наказ?
О, як жа зразумець патрэбна многа,
каб нехта потым зразумеў i нас.
51.
НАТХНЕННЕ НЕ ЧАКАЕ
або
НОВАЯ КАРЦІНА ПАВЕРХ СТАРОЙ
_____ _____
_____ _____
____________
_____ _____
_____ _____
____________
Нябёсы, дол – усё было ў агні.
І вось зара на самым небакраі
ціхутка жар астатні падграбае.
Што ж, і душа з такое вышыні
зрываецца парою, што, бывае,
ужо не разбіваецца – згарае.
56.
АСЦЯРОЖНАСЦЬ ВАНДРОЎНІКА
або
НАВАТ ШЛЯХ ДАДОМУ БЫВАЕ НЕЗНАЁМЫМ
____________
_____ _____
____________
____________
_____ _____
_____ _____
Вячэрнi баль святла ужо збiрае
паломнiкаў сваiх, ужо iграе
сiвая далеч вогненны матыў
i танчаць, як асеннiя лiсты,
аблокi, а на пласе небакраю
складае сонца голаў залаты…
Пасля выступу пісьменніцы абменьваліся думкамі з прыстунымі, адказвалі на шматлікія пытанні, знаёмілі з сучаснымі магчымасцямі авалодання беларускай мовай, беларускай літаратурай, жадалі, каб дзяцей ў сем’ях выхоўвалі беларускамоўнымі, дзяліліся паштоўкамі з малюнкамі, дзе рэчам адпавядялі самыя закавырыстыя беларускія словы, асабліва цікаўных узнагароджалі памятнымі значкамі, часопісамі з архіваў “Дзеяслова” і інш.