Гэтая гісторыя не пра тое, як чалавек доўга і мэтанакіравана ішоў да сваёй мэты — стаць знакамітым. Яна аб іншым. Калі ты гарыш сваёй справай, прысвячаеш ёй жыццё, натхняеш іншых — аддача абавязкова прыйдзе. Кацярына Панчэня (а для ўсіх баба Каця) скончыла чатыры класы, працавала даяркай, трыццаць гадоў узначальвала мясцовы клуб, стварыла ўласны ансамбль. Менавіта дзякуючы ёй родная вёска Пагост у Жыткавіцкім раёне засталася самабытнай, захаваўшы традыцыі продкаў і сотні песень. Як баба Каця стала героем фільма «Дачка Прыпяці», чаму яна вышывае па начох і што прыцягвае ў яе дом турыстаў са Швейцарыі, Японіі і Амерыкі — пра гэта ў матэрыяле «Смартпрэс».
Пакуль на пліце тушыцца мяса, баба Каця корміць на ганку маленькага рудога ката і ў думках збіраецца ісці па вёсцы з «казой» і «цыганкай» (мы прыехалі напярэдадні Шчодрага вечара — Смартпрэс). Ёй 81, але яна пільна сочыць за тым, каб традыцыі выконваліся. Гаворыць, нават у самыя цяжкія часы для вёскі людзі хадзілі калядаваць, вадзілі карагоды, спявалі песні.
— Заходзьце ў хату, хутка буду, — за столькі год Кацярына Аляксееўна так прызвычаілася да гасцей, што спакойна працягвае займацца гаспадаркай, пакуль мы разглядаем яе дом.
А тут сапраўды ёсць на што паглядзець! Не дом, а музей: дзясяткі вышываных ручнікоў, пышна набітыя падушкі ў яскравых квятастых навалачках, беласнежныя фіранкі з пунсовымі ружамі, на сценах — чорна-белыя фотаздымкі родных. Амаль усіх ужо няма на гэтым свеце, і гэта самы вялікі боль бабы Каці.
— Гэта ж назносіла ўсе ручнікі з вёскі ў хату, каб пахварсець, — жартуе жанчына, калі ловіць наш захоплены позірк. — Сколькі вышыла за ўсё жыццё, яшчэ мо на дзве хаты хопіць. Я і ў маладосці не спала, і ў старасці не сплю – усё вышываю. Сёлета першая зіма, як у хаце няма красён.
— Дык і цяжка ж вам ужо.
— Дык што рабіць? Смерць выглядаць? Варушыся! Плачаш, крэхчаш, але слава госпаду богу, што белы свет бачыш.
Як баба Каця патрапіла на сцэну: «Ішла на балота — спявала, плыла на лодцы — рот не закрываўся»
Усё жыццё Кацярыны Аляксееўны звязана з вёскай Пагост. Тут яна расла, пабралася шлюбам, нарадзіла шасцярых сыноў і тут сустрэла старасць. Дзесяткі фотаздымкаў у тоўстых альбомах як напамін пра тое, што падаравала ёй жыццё і што забрала. Але мы пачынаем размову з прыемнага — творчасці і сцэны, без якой баба Каця не можа і зараз.
Чым больш яна ўзгадвае былыя часы, тым больш загараюцца яе вочы. І вось Аляксееўна ўжо зацягвае песню, выходзіць на сярэдзіну пакоя, як на сцэну, і пачынае паказваць падтанцоўку з чарговага фестывалю, на якім некалі выступала.
— Я спяваю з чатырох гадоў. У мяне бацька быў знатны гарманіст, маці пела, бабка, і я, дзе што пачую, адразу падхватываю. Мо за 300 песень ведаю. Я ж не сціхала ніколі. На агародзе палю – рот разяўлены, на поле ці на балота пайду — спяваю. Калі па Прыпяці плыла на лодцы з дранкай для новай хаты, і то спявала, — распавядае Кацярына Панчэня. — Адкуль ведаю ўсе традыцыі і абрады? Наша бацькоўская хата стаяла насупраць клуба, адразу ж пасля вайны мужчыны і жонкі Пагоста арганізавалі тэатральны кружок. А я з дзяцінства ўдзельнічала ў розных п’есах. Як я танцавала«Мікіту», так ніхто не станцуе!
У 1980 годзе Кацярына Аляксееўна стала кіраваць мясцовым клубам, кажа, тады «па 500 душ туды хадзіла». Пагост быў вялікай вёскай, у многіх сем’ях выхоўвалі па 10-12 дзяцей. Яна адразу стварыла фальклорны ансамбль «Міжрэчча». І пачаўся новы этап у яе жыцці.
З шасці сыноў застаўся адзін
— Гэта мае бабы. Я выйду на вуліцу, свісну — яны збягуцца, — з гонарам працягвае нам фота баба Каця. На ёй — жанчыны ва ўрачыстых нацыянальных строях сталі ў шэраг, пасярэдзіне — баяніст. — Я як узялася за работу! Не дзеля славы, галоўнае, каб ўсё ішло так, як трэба.
Гэтая простая жыццёвая філасофія і зрабіла вёску Пагост вядомай не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Ансамбль «Міжрэчча» пачаў спяваць народныя песні, выступаць на розных фестывалях, а баба Каця беражліва захавала старажытныя абрады. Кажа, нават падчас вайны ў Пагосце праводзіўся вядомы «Юр’еўскі карагод» (гэта вясновае свята, калі ўпершыню пасля зімы на вуліцу выганяюць жывёлу, а затым жыхары вёскі раздаюць рытуальны хлеб, спяваюць песні, водзяць карагод і жадаюць адзін адному добрага ўраджаю — Смартпрэс) . Цяпер гэты абрад застаўся толькі ў адной палескай вёсцы — у Пагосце. А ў 2019 годзе ЮНЕСКА ўключыла яго ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Разглядаючы фотаздымкі Кацярыны Аляксееўны і яе ансамбля «Міжрэчча», якім яна кіравала трыццаць гадоў, нават не здагадваешся, на фоне якіх асабістых драматычных падзеяў усё адбывалася.
— З шасці сыноў застаўся адзін, — слёзы самі пакаціліся па твары бабы Каці.
Адны памерлі ў маленстве, іншыя трагічна загінулі ўжо дарослымі. Партрэты тых, хто сышоў, глядзяць са сценаў дома. Сыны, муж, бацькі... Кацярына Аляксееўна нарадзілася ў 1941 годзе, скончыла чатыры класы і ў 14 гадоў пайшла працаваць у калгас. Узгадвае і голад, які выпаў на яе дзяцінства, і цяжкую фізічную працу.
— Мне было восем гадоў, але я ўжо была людзіна. Бацькі на мяне кідалі маленькіх сясцёр, карову, свіней. У мяне сілы было мо за трох чалавек, — успамінае наша суразмоўніца. — Калі трэба было ў Тураў што аднесці родным ці пасху асвяціць, ішла пешшу. Тыя дзесяць кілометраў, што дзесяць шагоў.
Пакуль зала апладзіравала, бабу Кацю за сцэнай прыводзілі ў прытомнасць медыкі
Магчыма, менавіта сцэна яе ўратавала ў самыя цёмныя дні. Па начох, падчас бяссоніцы, Аляксееўна садзілася за станок і ткала яскравыя маляўнічыя строі сабе і ўсім удзельнікам ансамбля. Потым займалася гаспадаркай (трымала трох коней, авечкаў, свінняў, кароваў, гусей), карміла сям’ю, палола агарод і бегла ў клуб на працу.
Упершыню «Міжрэчча» выступіла ў Мінску ў 1991 годзе, а потым фестываляў і конкурсаў было столькі, што ўсіх ужо не ўзгадаеш. Напрыклад, летась Кацярына Аляксееўна ездзіла выступаць у Гродна і ў Ноўгарад. Гэта ў 80 год!
— Як вытрымліваю дарогу? Я з такім напорам еду, людзі ж хочуць мяне паслухаць. Нельга паміраць, — усміхаецца жанчына.
Але час бярэ сваё, і ў бабы Каці то ціск скача, то ногі баляць. Іншая б засталася дома, але толькі не яна. Гадоў шэсць таму Аляксееўна паехала выступаць у Лельчыцы, а яе за сцэнай прыводзілі ў прытомнасць медыкі.
— Тады паехалі спяваць коліснюю песню «Пры крутым беражку», а гарманіста няма ў Пагосце. Аб’ездзілі шэсць сёл, пакуль яго знайшлі. Ну, такі ён гарманіст — тралі-валі. Хай ужо дрыпае тую песню. Прыехалі (нас было 12 чалавек), а там столькі людзей! А у мяне голас прапаў, заплакала, ціск падняўся — 220. Медсястра дала два ўколы. Я трошкі прыйшла ў сябе, выйшла на сцэну і стала спяваць. А потым як пайшла танцаваць, як каза прыгала. Зал падняўся, крычыць «біс!».
Тады іхні ансамбль узяў другое месца.
Сваю вёску Аляксееўна некалькі разоў прадстаўляла ў Маскве, а ў 2014 годзе яе запрасілі выступаць у Берлін і Дрэздэн. Да Амерыкі, дзе бабу Кацю таксама чакалі, не здолела даехаць. Дваццаць гадоў таму жанчыне зрабілі аперацыю на сэрцы, і лекары рэкамендавалі не лётаць. Пра сваю першую паездку за мяжу яна распавядае эмацыйна і смешна:
— Там такі цягнік быў! Залазім у яго, а там камнатушка на тры чалавекі і стол. Хіба можна спаць, калі ў такой радасці едзеш? Як сталі мы спяваць! Аднекуль выдраўся пасажыр, лётчык, прыйшоў да нас і стаў слухаць. Во як спявалі!
Пасля смерці сына Аляксееўна адна выгадавала ўнукаў
Да таго, як стаць загадчыцай клуба, Аляксееўна паспела папрацаваць у паляводчай брыгадзе, даяркай, у сталовай.
— Тры разы давалі групу інваліднасці, не брала. Але нядаўна прыйшлося, — уздыхае баба Каця. — Калі адзін з сыноў патануў на рачцэ, забрала да сябе чатырох унукаў. Нявестка была п’яніцай, а што рабіць? Мне тады 61 год быў, цяжка, але ўсіх павывучвала, замуж пааддавала.
Праз усе жыццёвыя выпрабаванні яна б магла замкнуцца ад усяго свету, але дзверы дома бабы Каці для ўсіх адчыненыя. Знаёмствы яна заводзіць хутка і лёгка. Даведаўшыся, што мы не збіраемся заставацца ў яе ночыць, шчыра здзівілася: «Доча, чаго гэта?»
— У гэтай хаце мір перавярнуўся. Адкуль толькі не прыязджалі да мяне госці! Швейцарыя, Амерыка, Японія, Кітай… Людзі кажуць, што едуць да мяне як да чужой, а развітваюцца, як з роднай, — зазначае Аляксееўна.
Дзякуючы яе адкрытасці ў Пагост сталі прыязджаць журналісты, турысты. А калі тэлеканал CNN уключыў вёску ў рэйтынг лепшых месцаў для сустрэчы Новага года і Калядаў, пра Пагост загаварылі ў свеце. І гэта заслуга бабы Каці. Яна ж проста рабіла тое, што любіць і што шануе.
А яшчэ Кацярына Аляксееўна падкупляе нейкай вясковай шчырасцю. Адзін са студэнтаў, які прыязджаў у Пагост у экспедыцыю, з усмешкай успамінаў: «Заходжу да бабы Каці а 6 раніцы, а яна кажа: пойдзем свіней адразу пакормім, а потым пагаворым». Напэўна, нешта падобнае адбылося са здымачнай камандай, якая павінна была здымаць фільм пра іншую жанчыну. Але зазірнулі ў хату да бабы Каці, пагаварылі, і адразу стала зразумела: вось яна, новая гераіня для кіно. «Дачка Прыпяці» здымалася год, і кожны месяц у доме бабы Каці на дзесяць дзён спыняліся дзевяць чалавек, якія назіралі за жыццём Аляксееўны, вясковымі абрадамі і буднямі.
— Як ў людзі пайду — усё забуду. А дома сяджу і плачу, — баба Каця апранае строй неверагоднай прыгажосці, які сама вышыла, на шыю — каралі. Жартуе, што раней была высокая, 1 метр 78 сантыметраў, а цяпер стала зусім маленькай: «Знізу стапталася, зверху вошы аб’елі».
Прыбраная Аляксееўна выходзіць на вуліцу і ідзе ў бок клуба. Усё роўна, што ногі баляць, важна іншае: сёння яна з «казой» і «цыганкай» будзе шчадраваць, цешыць мясцовых і спяваць песні. У свеце бабы Каці ўсё ідзе па плане, традыцыі не забытыя — і гэта галоўнае.