Працягваем вандроўку па Аршанчыне. Падарожнікаў, што завітаюць сюды, чакае шмат цікавага. Блізкасць да ўсходніх межаў дае пра сябе ведаць, збольшага з мясцовых архітэктурных цікавостак засталіся толькі крушні, але і яны выглядаюць вельмі маляўніча ды адлюстроўваюць сумную, але рэчаіснасць.
У апошняй частцы маршруту завітаем у вёску Юрцава, дзе ў добрым стане захавалася родавая сядзіба Любамірскіх ХІХ стагоддзя, пабудаваная ў выглядзе сярэднявечнага замка, ды ў вёску Дуброўна, дзе варта пабачыць старажытнае замчышча, крушні барочнага бернардынскага кляштара пачатку ХІХ стагоддзя, царкву ў стылі класіцызм і іншыя цікавосткі.
Фота: planetabelarus.by
Найперш сёння рушым у вёску Юрцава, якая ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1561 годзе як уласнасць роду Сангушкаў, пасля ўладальнікі паселішча часта змяняліся ад аднога шляхецкага роду да іншага, пакуль у 1787 годзе Юрцава не перайшло да Францішка Любамірскага. З таго часу і на працягу больш як ста гадоў фальварак Кацішын, што на ўскраіне сучаснага Юрцава, належаў Любамірскаму і ягоным нашчадкам.
Фота: planetabelarus.by
Прадстаўнікі роду Любамірскіх вядомы ажно з XVI cтагоддзя, ягоныя прадстаўнікі валодалі землямі ды рэзідэнцыямі па ўсёй тэрыторыі Еўропы, былі добрымі ваярамі і ўдзельнічалі ў палітычным жыцці тагачаснай Рэчы Паспалітай ды не раз прэтэндавалі на самыя высокія пасады ў дзяржаве. Але з ХІХ стагоддзя менавіта Францішак Ксаверы Любамірскі, які і валодаў Юрцавам, адным з першых прыняў падданства Расійскай імперыі.
Канстанцін Любамірскі (1786–1870)
Сын Францішка Ксаверыя Любамірскага Канстанцін працягнуў вайсковую службу ў Расійскай імперыі, атрымаў мноства ўзнагародаў, падчас вайны з Напалеонам падтрымліваў расійскі бок, але калі пачалося Лістападаўскае паўстанне ў 1830–1831 гг., адмовіўся прымаць удзел у ягоным здушэнні. Пасля такога выбару, верагодна, Канстанцін Любамірскі патрапіў да імператара ў няміласць, і генерал-маёр, нягледзячы на свае папярэднія дасягненні, быў звольнены з войска ды атрымаў забарону на наведванне сталіцы Расійскай імперыі.
Фота: planetabelarus.by
У той час паводле тэстаменту бацькі Канстанцін атрымаў у спадчыну каля чатырнаццаці фальваркаў, сярод якіх быў і Кацішын, частка сучаснага Юрцава. Тут, на правым беразе ракі Скупеня, у 1846 годзе Любамірскі распачаў будаўніцтва неагатычна-эклектычнага палаца, які атрымаўся больш падобны да муроў сярэднявечнага замка. Палацава-паркавы ансамбль будаваўся на працягу доўгіх гадоў і быў скончаны прыблізна ў 1880-я. Кампактны двухпавярховы палац з дзвюма вежамі на высокім беразе ракі наведвальнікі Юрцава маюць магчымасць пабачыць і сёння.
Навокал сядзібы быў закладзены парк з мноствам сажалак, на берагах якіх месціўся вялікі гаспадарчы двор, які можна пабачыць і на карціне Напалеона Орды, што гасцяваў тут у 1877 годзе. Да нашых дзён захавалася некалькі драўляных і цагляных гаспадарчых пабудоў, але большасць з іх была знесена ў 2014-м.
Юрцава, палац Любамірскіх, Напалеон Орда, 1877
Пасля смерці Канстанціна Любамірскага паводле тэстаменту маёнтак быў перададзены ягонай дачцэ Ядвізе, жонцы Адама Грабоўскага. Апошняй уладальніцай Юрцава, верагодна, была іх дачка Марыя, жонка Гераніма Друцкага-Любецкага. Але пасля 1921 года Юрцава апынулася па савецкі бок мяжы.
Пэўны час у будынку колішняга палаца месцілася жаночая турма, з 1953 года тут быў адчынены першы ў БССР супрацьсухотны шпіталь для інвалідаў — стацыянар доўгі час месціўся акурат у палацы і флігелях, пасля будынкі былі аддадзены пад патрэбы абласнога шпіталя для ветэранаў Другой сусветнай вайны. У 2020 годзе колішні палац быў істотна адрамантаваны і ў ім размясціўся новы лекавы корпус шпіталя.
Фота: orda.of.by
Варта падчас падарожжа па Аршаншчыне зазірнуць і ў Дуброўна, цэнтр колішняга Дубровеньскага графства на Аршаншчыне. Упершыню Дуброўна ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах як умацаванае паселішча ў 1514 годзе, калі вялікі князь Аляксандр Казіміравіч падараваў навакольныя мясціны смаленскаму ваяводзе Юрыю Глябовічу.
Дуброўна, М. Іваноў, 1784
Дуброўна, М. Іваноў, 1784
Блізкасць усходніх межаў пакінула адбітак і на гісторыі Дуброўна: паселішча перманентна цярпела ад нападаў маскоўскага войска і неаднаразова было спалена. З XVI стагоддзя вядома пра існаванне тут памежнага драўлянага замка на сутоку рэкаў Дняпро і Дубровіца. І сёння ў Дуброўна можна разгледзець абрысы старажытнага замчышча. Замак страціў сваё абарончае значэнне і перабудаваны ў палац у першай палове XVIII стагоддзя, а пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай спыніў сваё існаванне.
Дуброўна, Замчышча, М. Іваноў, 1784
Дуброўна, Бартэльмі Лавэрнь, 1840
У 1630 годзе тагачасны гаспадар Дуброўна Мікалай Глябовіч заснаваў у мястэчку касцёл і кляштар бернардзінаў, першапачаткова драўляныя. Вядома, што ў 1641–1716 гадах ужо з фундацыі Юрыя Глябовіча адбылася рэканструкцыя бернардзінскага архітэктурнага ансамбля.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Цікавая гісторыя з кляштарам адбылася пасля падзелу Рэчы Паспалітай, за тагачасным гаспадаром Дуброўна Францішкам Ксаверыем Любамірскім, які, паводле мясцовай легенды, загадаў спаліць драўляны кляштар ды забіць тых святароў, што таемна вянчалі ягоную дачку з нейкім недастаткова заможным, але прыгожым шляхцічам. Але пасля таго, як з Пецярбургу прыехала камісія, каб расследаваць інцыдэнт, Ксаверый Любамірскі вырашыў адбудаваць новы мураваны кляштар ды храм, які захаваўся да нашых дзён. Касцёл жа па Другой сусветнай вайне быў зруйнаваны савецкай уладай, сёння ад яго можна пабачыць толькі падмуркі.
Фота: Віктар Бугаеў
Кляштар жа быў узведзены ў 1809 годзе на высокім беразе Дняпра ў стылі барока з традыцыйнымі прыёмамі мясцовага дойлідства. Па здушэнні Лістападаўскага паўстання расійскія ўлады ліквідавалі бернардзінскі ордэн, абвінаваціўшы ў тым ліку і бернардзінцаў у падтрымцы інсургентаў. Тады дубровенскі бернардзінскі кляштар быў скасаваны.
Яшчэ з цікавых помнікаў у Дуброўна варта звярнуць увагу на царкву Святой Тройцы — помнік культавай архітэктуры пачатку ХІХ стагоддзя. Храм узведзены ў 1809 годзе па фундацыі ўжо вядомага нам Францішка Ксаверыя Любамірскага ў стылі класіцызм. Сам Францішак Ксаверы тут сёння і пахаваны. Унутры царквы варта звярнуць увагу на абразы ХІХ стагоддзя «Святая радзіна» і «Таемная вячэра». Храм Святой Тройцы ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: wikipedia.org
Траецкая царква, Дуброўна, 1941–1944
Яшчэ адным вартым увагі турыстаў архітэктурным помнікам у Дуброўна з’яўляецца прамысловы будынак з чырвонай цэглы, які можна пабачыць на ўсходнім ускрайку колішняга мястэчка, непадалёк ад сучаснага ільнозавода. З будынкаў адной з першых фабрыкаў па перапрацоўцы лёну «Дняпроўская мануфактура», узведзенай на пачатку ХХ стагоддзя, захаваўся толькі той, што раней выкарыстоўваўся ў якасці фарбавальнага цэху. Ягоная рэканструкцыя доўжылася ажно да 2018 года, сёння там месціцца музей, прысвечаны гісторыі прадпрыемства, які таксама цікава наведаць.
Фота: planetabelarus.by
Дняпроўская мануфактура, Дуброўна, 1902
Вядома, што будавалі фабрыку і працавалі там толькі яўрэі, якія складалі вялікую частку насельніцтва тагачаснага Дуброўна. Статутам колішняга прадпрыемства нават быў зацверджаны абавязковы выходны ў шабат. Тут была наладжана вытворчасць яўрэйскага рытуальнага адзення «таліт». На той час у дубровенскіх вытворцаў у гэтай галіне амаль адсутнічалі канкурэнты.
Высокая сінагога, Дуброўна, 1905
У сінагозе, Дуброўна, 1913
Вядома, што была ў Дуброўна, як у любым старажытным мястэчку Беларусі, і сінагога, якую называлі Высокай. Гэта быў вельмі цікавы драўляны будынак, узведзены на мяжы XVIII–XIX стагоддзяў. Але храм як і мясцовыя іудзеі не перажылі Другой сусветнай вайны: у Дубровенскім гета было забіта ад двух да трох тысячаў мясцовых яўрэяў. На месцы расстрэлаў, побач са старымі яўрэйскімі могілкамі, усталяваны помнік з імёнамі забітых.
Старая сінагога, Ісахар-Бэр Рыбак, 1917
Чытайце яшчэ:
Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Аршанскім раёне
Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець на Аршаншчыне. Частка другая
Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Аршанскім раёне. Частка трэцяя
Вандруйце разам з «Будзьма!»
ПЖ, budzma.org