Цягам дзесяцігоддзяў паспяхова існавала версія, што мат да нас прыйшоў з Расіі. Насамрэч гэта не так. Традыцыі выкарыстання нецэнзурнай лексікі ў беларускай мове такія ж даўнія, як і ў любой іншай. «Люстэрка» распавядае, калі ў Беларусі з’явіўся мат, якую лаянку выкарыстоўвалі нашыя продкі, хто змагаўся з гэтай з’явай і з якім поспехам.
Увага! У гэтым тэксце з адукацыйнымі мэтамі выкарыстоўваецца нецэнзурная лексіка. Калі для вас гэта непрымальна, то не варта чытаць яго далей.
Адкуль узяліся лаянкавыя словы?
Галоўныя словы, якія цяпер успрымаюцца як лаянкавыя, з’явіліся яшчэ ў дадзяржаўны перыяд. Напрыклад, расійскі лінгвіст Барыс Успенскі лічыць, што галоўная трыяда абсцэннай лексікі ў рускай мове — тры словы: назоўнікі, якія абазначаюць жаночы і мужчынскі палавыя органы, і дзеяслоў, які апісвае працэс палавога акту. Гэты ж тэзіс выкарыстоўваецца і ў дачыненні і да беларускай мовы. Усе тры словы прыйшлі з праіндаеўрапейскай мовы — да індаеўрапейскай сям’і належыць і сучасная беларуская.
Па меры таго як праіндаеўрапейская дзялілася на новыя мовы, гэтыя словы пераходзілі ў іх (часам прыкметна змяняючыся ў плане гучання). Напрыклад, так з’явілася праславянская мова, на якой размаўлялі продкі ўсіх славян.
«Рускі мат славянскага паходжання. Чатыры вядомыя кожнаму рускаму чалавеку карані (імаверна, гаворка пра карані -хуй-, -пизд-, -еб-, і -бляд-. — Заўв. рэд.) можна сустрэць і ў македонскай, і ў славенскай, і ў іншых славянскіх мовах», — адзначала расійская даследчыца Лідзія Малыгіна.
Крыніцы ўзнікнення мацюкоў (паводле матэрыялаў лінгвіста Барыса Успенскага). Фота: ngs.ru
Чаму ж у мове наогул узнік мат? На думку таго ж Успенскага, для славян было важнае пакланенне дзетародным органам дзеля ўрадлівасці. Лічылася, што чым часцей будуць выкарыстоўвацца словы, якія цяпер лічацца лаянкавымі, тым больш будзе жыта.
«Мацюкі шырока прадстаўленыя ў рознага роду абрадах відавочна паганскага паходжання — вясельных, сельскагаспадарчых і да т. п., — то-бок у абрадах, так ці інакш звязаных з урадлівасцю: лаянка — неабходны кампанент абрадаў такога роду і носіць безумоўна рытуальны характар; аналагічную ролю грала брыдкаслоўе і ў антычным паганстве», — пісаў навуковец.
У цэлым мат граў ролю паганскіх малітваў (каб выратавацца ад дамавіка, лесуна, чорта і гэтак далей, прадпісвалася альбо прачытаць малітву, альбо памацюкацца), замоваў, загавораў.
Аналагічнай пазіцыі прытрымліваецца і Малыгіна. Паводле яе словаў, «мат быў элементам паганскіх культаў, звязаных з урадлівасцю, напрыклад, з загаворам жывёлы або заклікам дажджу. У літаратуры падрабязна апісваецца такі звычай: сербскі селянін кідае ўверх сякеру і вымаўляе мацюкі, спрабуючы выклікаць дождж».
Карта рассялення славян у VII–VIII стагоддзях. Выява: Koryakov Yuri, CC BY-SA 3.0, commons. wikimedia. org
Уяўленне пра сувязь паміж зямлёй і мацюкамі захавалася на тысячагоддзі (праўда, у выніку ўзаемасувязь стала адваротнай: лаянка нібыта пагаршала ўрадлівасць). Напрыклад, у 1982 годзе падчас экспедыцыі на беларускім Палессі запісалі наступнае павер’е: «Грэшно ругацца, сквэрняеш матэрь Божыю и мать сваю и землю. Вабшчэ нельзя ругацца — ты прасквярнил зямлю, зямля пад табой гарыть» (тут і далей цытуем транскрыпцыю з рускамоўнай публікацыі, але відавочна, што яна перадае беларускую мову). У гэтым жа рэгіёне быў зроблены яшчэ адзін запіс: «Матерна ругацца грех, ты мать-сыру землю ругаеш, патаму шта мать-сыра земля нас дэржыть, матерь Гасподня ў землю уежжае, праваливаецца ат етай ругани, крэпка скорби у ее бальшые, што мы ругаем ее — топчем, у гразь кидаем и ана шчытаецца у нышчате бальшой».
Кіеўская Русь і барацьба з мацюкамі
Падобна да таго, што стаўленне да мацюкальнай лексікі стала негатыўным у перыяд Кіеўскай Русі — сярэднявечнай дзяржавы, якая існавала з IX стагоддзя на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі і Украіны (а таксама часткова Польшчы і краін Балтыі). У 988 годзе на яе землях прынялі хрысціянства, да гэтага практычна ўсё насельніцтва было паганцамі. Як адзначаў Успенскі, «мацюкальная лаянка мае выразна выяўлены антыхрысціянскі характар, што таксама звязана менавіта з паганскім яе паходжаннем. Адпаведна, у старажытнарускай пісьменнасці — ва ўмовах хрысціянска-паганскага двухвер’я — мацюкі заканамерна разглядаюцца як рыса дэманічных паводзін».
Прасцей кажучы, лексіка, якая выкарыстоўвалася ў старажытных абрадах, стала выразна асацыявацца з паганствам — а таму стала табуяванай.
У якасці прыкладу навуковец прыводзіць яшчэ адну палескую легенду, запісаную ў 1982 годзе ў вёсцы Грабаўка Гомельскага раёна. «Ну, бог васкрес и пашол у пекла и стал тягнуть из пекла людей из ямы. Адин руки падае — а ўсих рук багата. Так он нестерпеў и па-руски загнул матам. И Исус Христос его не взял, и [ён] зделался чортом. У его сейчас абразавались ногти такие и воласы паднялись на галаве и сделалась такое обличие, як у чорта».
Кіеўская Русь у 1015–1113 гадах. Выява: Koryakov Yuri, CC BY-SA 2.5, commons. wikimedia.org/w/index. php? curid=1553941
Але вернемся ў канец Х стагоддзя. Паводле словаў Малыгінай, пасля прыняцця хрысціянства «царква пачала актыўную барацьбу з паганскімі культамі, у тым ліку з мацюкамі як адной з праяваў культу. Адсюль такая моцная табуяванасць гэтых формаў (гаворка пра тую самую трыяду. — Заўв. рэд.). Менавіта гэта і адрознівае рускі мат ад абсцэннай лексікі ў іншых мовах».
Апошняе палажэнне таксама карэктнае і ў дачыненні да сучасных беларусаў. Бо жыхары Кіеўскай Русі — продкі будучых беларусаў, рускіх і ўкраінцаў — у той час размаўлялі на старажытнарускай мове, усходнеславянскім дыялекце праславянскай.
Праўда, барацьба хрысціянства з мацюкамі ішла з пераменным поспехам. Напрыклад, на камені, які знаходзіцца ля фундамента знакамітага Сафійскага сабора ў Полацку (пачаў будавацца ў сярэдзіне XI стагоддзя) даследчыкі знайшлі слова «пізда» — дакладна пад словам «Пётр» дагары нагамі ад яго. Прычым хвост літары «р» — адначасова хвост літары «з».
Нецэнзурная лексіка, нанесеная на камень ля фундамента Сафійскага сабора ў Полацку, унізе фота, вышэй — напісанне літар. Выява: «Эпіграфіка Беларусі X-XIV стст», І.Л. Калечыц, Беларуская навука, 2011
Мацюкальная лексіка выкарыстоўвалася і ў некалькіх берасцяных граматах, знойдзеных у Ноўгарадзе і Старой Русе (Расія). У царкоўным статуце Яраслава Мудрага адзначалася, што калі нехта назаве чужую жонку «бляддзю», а гэта будзе жонка баярына, за гэта давядзецца заплаціць ёй пяць залатых грыўняў і яшчэ столькі ж — мітрапаліту. Такая ж абраза ў адрас гараджанкі абышлася б у шэсць срэбных грыўняў (па тры ёй самой і мітрапаліту), а сялянкі — у 60 рэзан (крыху больш за грыўню). Для параўнання: за збіццё чужой жонкі (незалежна ад саслоўя) мужчыну таксама давялося б заплаціць 6 грыўняў.
Ці часта людзі выкарыстоўвалі мат у той час у штодзённасці? Падобна, што так. Біскуп і багаслоў Кірыла Тураўскі, які жыў у беларускім Тураве ў XII стагоддзі, пісаў у сваіх павучаннях, што ў той час было распаўсюджанае «срамословіе, бестудная словеса и плясаніе, еже в пиру, и на свадбах, и в павечерницах, и на игрищах и на улицах».
Мацюк — у афіцыйных дакументах сярэдзіны XVI стагоддзя
Паводле гісторыка Алега Дзярновіча, «пачынаючы з XV стагоддзя мы паводле ўсіх лінгвістычных і гістарычна-культурных крытэраў можам смела сцвярджаць пра існаванне самастойнай старабеларускай мовы». На той час ужо існавала Вялікае Княства Літоўскае, беларуска-літоўская дзяржава.
Як адзначаў даследчык Уладзіслаў Іваноў, нецэнзурныя словы ў старабеларускай былі ўжо ў пачатковую эпоху яе існавання. Напрыклад, яшчэ ў ХV-ХVI стагоддзях лінгвісты фіксуюць некаторыя ненарматыўныя словы (у прыватнасці, слова «блядзь» і вытворныя ад яго).
Архівіст Герман Брэгер знайшоў прыклад ужывання такой лексікі — прычым у афіцыйным дакуменце, метрыцы (зборы матэрыялаў канцылярыі княства. — Заўв. рэд.) ВКЛ 1560 года. Сутнасць у тым, што віленскі намеснік разбіраў спрэчку паміж маскоўскім купцом Іванам Скугарам і ляхавіцкім габрэем Шмойлам Ізраелевічам. Хутчэй за ўсё, яны не дамовіліся, бо купец проста ва ўрадавай установе назваў габрэя «блядзіным сынам». Шмойла абразіўся і выклікаў крыўдзіцеля на разбіральніцтва, але той не прыйшоў.
«Увогуле аналагічнага зместу дакументаў XVI-XVIII стст. захавалася даволі шмат. Аднак у большасці выкарыстоўвалася фраза «нячыстага ложа сын», зрэдку — «курвінага ложа сын». А ніжэйпрыведзены дакумент — пакуль адзіны знойдзены і самы ранні такога кшталту судовы ліст, упісаны ва ўрадавыя кнігі дзяржаўнай установы Вялікага Княства Літоўскага», — каментаваў Брэгер сваю знаходку.
Рост Вялікага Княства Літоўскага да 1462 года. Выява: Koryakov Yuri, CC BY-SA 2.5, commons. wikimedia.org
З гэтым навукоўцам згодная і даследчыца Вольга Бабкова. Паводле яе, у актавых кнігах — спецыяльных зборніках дакументаў у судах ВКЛ — часцей за ўсё сустракаліся абразы «нечыстага ложа сын» і «неучстивое матки сын» (гэта сінонімы). У зборніках сярэдзіны XVI — пачатку XVII стагоддзя Бабкова знайшла згадку пра гісторыю, як адну мінчанку публічна назвалі «курваю».
У той час ВКЛ ужо аб’ядналася з Польшчай у федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую, гэта адбылося ў 1569 годзе. У Княстве адной з афіцыйных была старабеларуская мова, на якой пісаліся ўсе асноўныя дакументы. На ёй размаўляла і значная частка насельніцтва. Але з часам гэтая мова пачала знікаць з афіцыйнага ўжытку ў РП. Адной з галоўных прычын было натуральнае змешванне польскай і літоўскай арыстакратыі, у працэсе якога другая ўсё больш пераймала лад жыцця першай — у тым ліку мову. У 1696 годзе з’явілася пастанова, што дзяржаўныя дакументы ў ВКЛ мусяць пісацца выключна на польскай і лацінскай мовах. Гэта стала велізарным ударам па старабеларускай.
А ў канцы XVIII стагоддзя Рэч Паспалітую падзялілі суседзі, тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Расіі, дзе не прызнавалі ні беларусаў як нацыю, ні асобнай беларускай мовы. Паланізацыя змянілася русіфікацыяй. У гэты перыяд афіцыйных дакументаў на беларускай мове знайсці немагчыма — а таму прасачыць пісьмовую гісторыю нецэнзурнай лаянкі не атрымаецца. Застаецца выкарыстоўваць звесткі, сабраныя фалькларыстамі і этнографамі ў XIX стагоддзі.
Напрыклад, даследчыца Таццяна Валодзіна цытуе ў сваім даследаванні польскага фалькларыста Міхала Федэроўскага, які жыў на мяжы XIX і XX стагоддзяў і вывучаў беларускую культуру. Той запісаў наступныя прымаўкі: «патрэбны, як у срацы валасы», «палічы ў срацы зубы» (апошняя ўжывалася, калі хтосьці падлічваў чужы ўзрост). Яшчэ адзін каларытны выраз, які можна было пачуць як іронію са знахароў, што загаворвалі зубы (то-бок лячылі зубны боль загаворам): «Ой, зубы, зубы, каб не тыя зубы, была б дупа з губы».
Таксама ў даследаванні можна знайсці запісы, зробленыя ў той самы перыяд яшчэ адным польска-беларускім этнографам, Чэславам Пяткевічам. Прычым прыклад досыць звыклы і для сучаснай беларускай мовы: «Пацалуй мяне ў сраку». Апошняе ўспрымалася як страшны грэх, бо хрышчаны чалавек цалуе толькі крыж. Фалькларыст Уладзімір Дабравольскі, які ў той жа перыяд збіраў фальклор на Смаленшчыне, запісаў прыклад, які даследчык назваў «верхам бабскай лаянкі»: «Залупилась па самыя вушы, хлопаить сябе по заднице и крычить: а во патруби мне у сраку».
У целым жа, паводле Валодзінай, «у беларускай культуры рэдка знойдзецца ўжыванне ненарматыўнай лексікі, няма тут, як часам у расіян, і прамых найменняў органаў цялеснага нізу альбо вульгарных пазначэнняў плоцевага акту. Прынамсі ў фальклоры 19 — пачатку 20 стагоддзя». У яе ж працах пералічваюцца адзінкавыя выключэнні з фальклору, напрыклад, сельскагаспадарчая прымаўка, распаўсюджаная ў Лепельскім раёне: «Расціце, агурочкі, як мужчынскія хуёчкі».
У цэлым нецэнзурная лексіка перадавалася ў асноўным у вуснай форме. Тым больш што ў друку ў часы Расійскай імперыі існавала цэнзура. Філолаг Язэп Ціхінскі доўгія гады (у другой палове XIX — пачатку ХХ стагоддзя) працаваў над рукапісным беларуска-польска-расійскім слоўнікам. Праца стваралася не на кірыліцы, а на лацінцы — і, паколькі кніга не праходзіла чысткі і цэнзуры, у ёй можна знайсці такія прыклады мацюкоў таго часу, як «срака», «дупа», «лайнік» (абібок), «сампітэрня» (таксама дупа). Апошняе слова ўжо стала гістарычным і цяпер не выкарыстоўваецца (як і, напрыклад, «паябешачка»).
Карта Расійскай імперыі ў 1914 годзе. Фота: 1-е Дзяржаўная картаграфічная ўстанова был. А. Ільіна via commons. wikimedia.org
Цікава, што ў патрыярхальным беларускім грамадстве — дакладней, як мінімум у некаторых рэгіёнах, у прыватнасці на Палессі, — забароны на мацюкі распаўсюджваліся выключна на жанчын, а ў вуснах мужчын не былі чымсьці заганным. Адносна нядаўна, у 1980-я, фалькларысты запісалі там наступную легенду: «Ишоў Гасподь па дарози, а жэншчына жыта жала. А ён спрасиў: «Пакажы мне дарогу». А ана яму рукой махнула: «Мяне врэмэни нема». И ён казаў: «Дак нехай тебе век не буде врэмэни!» А прыйшоў ён к мушчыне — мушчына кажэ: «Садис, дедок, мы с табой пакурым, пасыдим, я тябе пакажу дарогу. Ядри яё налева, што ана тебе адказала. Хади сюды». И Бог сказаў: «Ты — ругайса, а жэншчыне ругаца неззя»» («ядри яё налева» ўяўляе сабой замену мацюкоў).
У тым жа рэгіёне былі запісаныя і іншыя тлумачэнні такога абмежавання для жанчын: «Зямля ат жэншчын гарыть, ат таго, што жэншчыны ругаюца: «А идрить тваю налева», «А ядять тваю мухи», «Ёлки зялёные»». А таксама: «Як ругаецца [матом женщина], пад табой зямля гарыть, ты трогаеш з зямли мать, з таго свету мать ты трогаеш, ана ляжыть [твоя мать], а ты трогаеш, эта слава ня нужные, мужское слово».
Калі з’явіліся ўяўленні, што мацюкі ў жаночых вуснах успрымаюцца як грэх, ад якога пакутуе зямля, дакладна невядома. Але відавочна, што гэта адбылося яшчэ да ХХ стагоддзя.
Мат у СССР і пасля яго
У суседняй Расіі найбольшы распаўсюд і папулярнасць мат атрымаў пасля рэвалюцыі 1917 года. І гэтаму ёсць сваё тлумачэнне. Ва ўмовах грамадзянскай вайны шэраг прадстаўнікоў адукаваных слаёў насельніцтва (дваранства, духавенства) аказаўся на баку белых, якія прайгралі чырвоным. Пасля гэтага многія з іх былі вымушаныя з’ехаць у эміграцыю альбо, застаўшыся на радзіме, сталі людзьмі другога гатунку.
«Тады гаварыць на літаратурнай рускай мове было не проста не модна, а нават у нейкай ступені небяспечна. Сваёй гаворкай чалавек мог выдаць сваю саслоўную прыналежнасць да дваранства ці духавенства, а гэта лічылася смяротным прысудам. Прадстаўнікі ўлады той эпохі ўсяляк фанабэрыліся сваёй народнасцю. Гэтая мода на просты народ і моцнае слоўца з вуснаў улады і ўмацавала мат у [рускай] культуры і зрабіла яго такім папулярным», — лічыць філолаг Міхаіл Асадчы.
Між тым бальшавікі неўзабаве захапілі тэрыторыю Беларусі і ўключылі яе ў склад стваранага СССР. Тэндэнцыі, пра якія ішла гаворка, сталі характэрнымі і для нашай краіны.
На агульную карціну паўплывалі і масавыя рэпрэсіі. «На Салаўках я сустрэў калекцыянера Мікалая Мікалаевіча Вінаградава. Ён трапіў [туды] па крымінальнай справе і неўзабаве стаў сваім чалавекам у начальства. І ўсё таму, што ён лаяўся матам. За гэта многае прабачалі. Расстрэльвалі часцей за ўсё тых, хто не лаяўся. Яны былі «чужыя»», — успамінаў вядомы навуковец, акадэмік Дзмітрый Ліхачоў.
Але стаўленне да мацюкоў як да табуяванага матэрыялу ў навуковым асяроддзі, а таксама агульнае акадэмічнае пурытанства, характэрнае для СССР, прывялі да таго, што традыцыйная нецэнзурная лексіка слаба вывучалася беларускімі навукоўцамі ў той час. Тым больш масавая русіфікацыя, характэрная для савецкіх часоў, прыводзіла да таго, што людзі ўсё часцей карысталіся рускай, а не беларускай мовай — і адпаведнымі лаянкамі.
Ужо ў нашыя дні навукоўцы спрабуюць вывучаць і сістэматызаваць традыцыйную беларускую нецэнзурную лексіку. Напрыклад, ужо згаданы Уладзіслаў Іваноў прапаноўваў наступную класіфікацыю:
— Лаянка ў форме пасылання: «ідзі ў сраку (дупу, да чорта, да ліхаматары, у балота), пайшоў ці пайшла ты ў шмоню»;
— Лаянка-адмаўленне: «хер табе, скулля табе!»;
— Сэксуалізм-вульгарызм або лаянка сэксуальнага плану: «манда, шмоня, дупа драная, качалка»;
— Словы-паразіты: «блямба, бляха, пярэгатак»;
— Лаянкавыя словы: «лярва падлючая, скаціна сраная, мудзіла, мазюр свінячы, кнурык сраны»;
— Праклёны: «гапту на цябе, каб ты ўсраўся, каб дупай дыхаў!».
Таксама, як адзначае Іваноў, разам з абсцэннай лексікай існуюць і блізкія да яе словы. Напрыклад, да словаў «каперус» і «піздзец» прымыкаюць «капут, гамон, капец, юк». А да словаў «хуй» і «хер» — «агрэгат, агурок, аруддзе, багацце, клін, матавіла».
З прыкладаў вышэй добра відаць, што нецэнзурная лексіка беларускай мове зусім не чужая — больш за тое, яна можа пахваліцца вялікім запасам і непасрэдна лаянак, і іх мякчэйшых аналагаў. Вось толькі ці захаваецца гэтая лексіка, залежыць ад будучыні мовы ў цэлым — калі беларусы будуць далей выкарыстоўваць сваю мову, то і мацюкі з яе напэўна нікуды не падзенуцца.