У беларускіх школах вучаць, што паўстаньне Каліноўскага было польскім

05.12.2018 Адукацыя

У падручніках па расейскай літаратуры для 8 клясы, па якіх вучаць дязцей у беларускіх школах, паўстаньне Кастуся Каліноўскага 1863–64 гадоў называецца польскім – паведамляе Свабода.

Дапаможнік выпушчаны Навукова-мэтадычнай установай «Нацыянальны інстытут адукацыі» і дапушчаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусі.

У анатацыі да разьдзелу пра расейскую літаратуру другой паловы XIX ст. гаворыцца:

«Адмена прыгоннага права ў 1861 годзе выклікала новы выбух народных хваляваньняў, найбуйнейшае зь іх — Польскае паўстаньне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага (18631864)».

Рэдактарка падручніка — дацэнт БДУ Сьвятлана Захарава, супрацоўніца катэдры пэдагогікі і праблемаў разьвіцьця адукацыі БДУ.

Свабода папрасіла пракамэнтаваць словы пра «польскае паўстаньне Каліноўскага» гісторыка, прафэсара Аляксандра Краўцэвіча:

Аляксандар Краўцэвіч
Аляксандар Краўцэвіч

​«Вось шмат шуму пра новую канцэпцыю нацыянальнай гісторыі, пра новы афіцыйны, агульны для ўсіх курс гісторыі беларускай дзяржаўнасьці. А пачынаецца яна з Полацкага княства. Дзяржава нібыта паварочваецца ў бок беларускага патрыятызму. Афіцыёзныя гісторыкі і чыноўнікі публікуюць вялікія артыкулы ў газэце „Беларусь сегодня“ пра ўзмацненьне патрыятычнага выхаваньня.

Але гэта ўсё бла-бла-бла. Бо ёсьць яшчэ практыка рэальнага жыцьця. А ў практыцы ўсё выглядае трохі інакш. Надалей у падручніках гісторыі беларуская дзяржаўнасьць пачыналася з 1917 г.; нямецка-савецкая вайна — аснова дзяржаўнай ідэалёгіі зь яе галоўнай міталягемай пра ўсенародную партызанскую вайну. Прычым высілкамі адпаведных гісторыкаў з кожным годам савецка-беларускіх партызанаў становіцца ўсё больш (як у Расеі абаронцаў „Белага дому“ у 1991 г.)

Праваслаўная царква стала неафіцыйным цэнзарам гуманітарных падручнікаў, безь яе дабраславеньня яны проста не ідуць у друк. І вось сьляды гэтага дабраславеньня. У падручніку рускай літаратуры для 8 клясаў школаў Рэспублікі Беларусі проста і выразна напісана: „польскае паўстаньне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага“. Адразу ўсё ясна і зразумела з „паваротам да беларускасьці“. Бла-бла-бла».

Рэдактарка згаданага падручніка Сьвятлана Захарава, дарэчы, аўтарка больш як 35 навуковых і навукова-мэтадычных публікацыяў па пэдагогіцы і мэтодыцы выкладаньня расейскай літаратуры ў сярэдняй школе.