Кажуць, і вельмі добрая рэч прыядаецца, калі карыстацца ёю часта. Гальшаны ў гэтым сэнсе умеюць здзіўляць. Фестываль “Гальшанскі замак” праходзіў сёлета ўжо шосты раз, і штогод на яго з задавальненнем едуць пастаянныя наведвальнікі, бо ведаюць: фэст будзе мець сваю, так бы мовіць, разынку. Вось і сёлета на аўтапаркоўцы ля сцен гальшанскага замка я заўважыла аўтамабілі з усіх абласцей Беларусі, а таксама з Расіі і Літвы.
Сёлета у Гальшанах юбілей – 735 гадоў з дня першага ўпамінання мястэчка ў пісьмовых крыніцах. Адначасова святкавалі і яшчэ адзін слынны юбілей – 610 гадоў з дня нараджэння Соф’і Гальшанскай, роданачальніцы еўрапейскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў. Камень з памятнай дошкай у гонар гэтай слыннай зямлячкі ўстаноўлены на цэнтральнай плошчы сучаснага аграгарадка Гальшаны, дзе і пачаліся юбілейныя ўрачыстасці. Па праву гаспадара свята на плошчы адкрыў старшыня Гальшанскага сельвыканкама Войцех Коўзан, паведамляе сайт газеты “Гродзенская праўда”.
Нагадаўшы слаўныя даты старэйшага на ашмянскай зямлі мястэчка, ён патлумачыў, чаму турысты з усяго свету цягнуцца ў Гальшаны: гэтае месца мае рэпутацыю аднаго з самых загадкавых свету. Акрамя былога замка Сапегаў, які зараз уяўляе толькі руіны, турыстаў прыцягвае будынак кляштара ў цэнтры аграгарадка, у якім, кажуць людзі, жыве прывід Белай Панны. А ў праваслаўным гальшанскім храме захоўваецца часцінка мошчаў святой праведнай Іўліаніі Альшанскай, апякункі моладзі.
Старшыня Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч за асабісты ўклад у папулярызацыю і захаванне гістарычнай спадчыны Гальшаншчыны ўручыў граматы Яніне Корзун, загадчыцы школьнага музея імя Эдуарда Корзуна, а таксама пенсіянерцы, аматарцы-краязнаўцы, фотамастаку Валянціне Лабунінай.
Таксама віталі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, былога вязня фашысцкага канцлагера, воінаў-інтэрнацыяналістаў, самую старэйшую гальшанку Марыю Вікенцьеўну Бакуновіч і бацькоў Карыны Загорскай Андрэя і Наталлю – на сённяшні дзень яна самая малодшая жыхарка аграгарадка.
Дзень нараджэння Гальшан плаўна перацёк у святкаванне “Дажынак” у мясцовым сельгаскааператыве “Гальшанскі”, які ўжо шмат гадоў запар лічыцца лепшым на Ашмяншчыне. На святочнай плошчы, пры гасцях і земляках ушаноўвалі герояў жніва. А пасля гальшанцы частавалі ўсіх духмяным караваем з мукі сёлетняга намалоту.
Потым, услед за рыцарамі на конях, удзельнікі свята рушылі да замка, які ў гэты фестывальны дзень таксама адзначаў свой юбілей. Павел Сцяфан Сапега пабудаваў яго 405 гадоў таму.
На фестывальнай пляцоўцы ля сцен замка ўвагай гасцей адразу завалодалі рыцары, якія развярнулі цэлае прадстаўленне – тут і рыцарскія забавы, і бугурты, і конна-спартыўнае шоў ”Гісторыя рыцара”, пры паказе якога конна-спартыўны клуб “Залатая шпора” перанес усіх у часы ВКЛ. Цікавым было і выступленне народнага клуба славянскіх адзінаборстваў “Арыдан” з Гродна.
Упершыню на фестывалі выступіў вулічны тэатр “Вір”, які ў спектаклі “Карабель дурняў” ажывіў на фестывальнай пляцоўцы карціну нідэрландскага мастака Іераніма Босха. Таксама артысты “Віра” ўсіх жадаючых вучылі хадзіць на хадулях.
Эпоха сярэднявечча быццам вярнулася на адзін дзень да руінаў таямнічага замка – танцавальны калектыў «Soleil» запрасіў усіх у танцы і правёў майстар-клас па сярэднявечных і шатландскіх танцах, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прадставіў фрагменты са сваіх найбольш вядомых спектакляў.
Сярэднявечная музыка гучала ў выкананні груп «Літы талер», “PAWA” і дуэта «Дзівабор».
Вабіў да сябе эксклюзіўнымі вырабамі ручной работы Горад майстроў, дзе можна было не толькі падзівіцца на прыгожыя рэчы, набыць іх, але і паспрабаваць штосьці зрабіць самому.