У Горадні пачаліся раскопкі на Вялікай Траецкай (+фота)

28.03.2012 Гісторыя

З 26 сакавіка пачаўся другі этап археалагічных даследванняў у Горадні па вул. Вялікая Траецкая, 46. Раскопкі маюць характар «выратавальных», бо месца ў старым горадзе вызваляецца пад сучасную будоўлю і ладзяцца сіламі студэнтаў кафедры археалогіі і этнаграфіі ГрДУ імя Янкі Купалы.

Першы дзень заўжды лічыцца арганізацыйным, таму навуковыя каментары, роўна як і знаходкі прыйдзецца яшчэ пачакаць.

 

Студэнты пакуль толькі разбіваюць раскоп і здымаюць верхні пласт. Вядома аднак, што гэты раён забудоўваўся ад сяр. ХІ ст. і людзі тут бесперапынна пражывалі ажно да сённешняга дня.

– Пакуль нам трапляецца толькі кераміка, – распавядае студэнт 5-га курсу Максім Шэляг, – індывідуальных знаходак няма. З боку правага профілю выявіліся скляпенні, там і будзе знаходзіцца асноўны раскоп.

– Мэта раскопак, – каментуе дацэнт кафедры археалогіі і этнаграфіі ГрДУ Генадзь Семенчук (фота на застаўцы – аўт.), – прасачыць стратыграфію культурных напластаванняў менавіта ў гэтым раёне, каб уявіць карціну засялення на гістарычным пасадзе Горадні. У 2002 г. раскопкі праводзіліся літаральна ў 50 метрах адсюль, дзе выявілася некалькі будаўнічых пластоў. Выяўлены там матэрыял, напрыклад, пацверджваў інфармацыю пісьмовых крыніцаў – пажар XVII ст., які адбыўся яшчэ да нападу маскоўскіх і шведскіх войскаў.

Сёлетнія раскопкі павінны дапамагчы глыбей унікнуць ва ўрбаністычныя працэсы, што адбываліся тут, а таксама лепш ахарактэрызаваць штодзённае жыццё тых часоў.

– Усё трэба правесці ў кароткія тэрміны, бо інакш нашую працу будуць рабіць звыклыя працоўныя пад наглядам, напрыклад, двух археолагаў, – рэзюмуе Максім Шэляг.

Паводле Твой Стыль

Тэгі: