У Горадні паўстане электронны музей вуснай гісторыі

Яго створаць у межах міжнароднай праграмы транспамежнай супрацы “Латвія — Літва — Беларусь”. Паводле словаў кіраўніка праекта, загадчыка кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргея Піваварчыка, у музеі будуць знаходзіцца звесткі па гісторыі другой паловы ХХ стагоддзя, якія збяруць студэнты і выкладчыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму разам з партнёрамі з Даўгаўпілскага ўніверсітэта і Латвійскага цэнтра прасоўвання інавацый і развіцця.

На віртуальнай пляцоўцы музея будзе прадстаўлена шмат рознай інфармацыі. Гэта будуць відэаінтэрв’ю, аўдыёзапісы, фатаграфіі відавочцаў падзей, тэкставыя матэрыялы і шмат іншай інфармацыі з Латгаліі на тэрыторыі Гарадзенскай і Віцебскай абласцей.

Пра стварэнне музея расказвае Сяргей Піваварчык:

— Праект пачаў працаваць яшчэ 1 сакавіка 2013 года і разлічаны на 15 месяцаў. Дзве партнёрскія арганізацыі, Гарадзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы і Даўгаўпілскі ўніверсітэт, будуць займацца запісам вуснай гісторыі і даследаваннем некропаляў на вышэйпазначанай тэрыторыі. У выніку павінен быць створаны электронны музей вуснай гісторыі. На сённяшні дзень якраз ідзе збор інфармацыі.

Дакладная дата паўстання музея невядомая, але міжнародная праграма ўжо дзейнічае на Гарадзеншчыне.

 

Андрэй Мялешка

Фота Андрэя Мялешкі

Тэгі: