У Гродне невядомыя вандалы знішчылі працу вулічнай мастачкі з Гомеля Юлісіс Неўмер, створаную ў рамках праекта Must Act – Must Art. Інфармацыя пра гэта з’явілася на старонцы аднайменнай супольнасці. Разам з творам Юлісіс была знішчана праца мастака HADE з Оршы.
«Вядома ж мы засмучаныя, прычым усе. Гэта поўны кашмар. У нас не краіна, а савок, які сапраўды трэба перажыць, – эмацыйна пракаментавала Юля сайту “Сильные Новости”. – Не трэба здзіўляцца, чаму ўсё крутыя мастакі і дызайнеры з’язджаюць з Беларусі, таму што іх прызнаюць ў іншай і чужой краіне, але не ў сябе.
Што тычыцца гэтага месца, то гэты дворык я адзначыла для сябе як адно з самых прыязных месцаў, за ўвесь час, што я малявала. Тут да нас падыходзілі людзі ўсіх пакаленняў, выказвалі падзяку, выносілі пачастункі. Нічога не прадвяшчала бяды, як гаворыцца. Эскіз быў узгоднены. Мы праехалі праз усю краіну каб маляваць, мы выбіралі месца, рыхтавалі эскізы. Аўтар Саша Хадэ крапатліва вывучаў гісторыю стварэння Гродна, вывучаў міфалогію, падрыхтоўваў эскіз, каб ён ўпісваўся ў гістарычны цэнтр горада.
Даведаліся літаральна ўчора. Зайшла вечарам у кантакт і даведалася аб тым, што малюнкі былі акуратна зафарбаваныя, пры чым так званы «тэг», які вісеў яшчэ да нашага малявання, як быў, так і застаўся. Гэта відаць на фота. Малюнкі зафарбаваныя, а тэг застаўся, вось у такой краіне мы жывем … »
Нагадаем, што падобны здзек зазнала праца Юлісіс, зробленая ў рамках той жа акцыі ў Гомелі. Праўда, тады, на шчасце, не ў меру заўзятая дворнічыха зафарбавала не ўсю працу, а «ўсяго толькі» аголеныя грудзі, што падаліся ёй занадта фрывольнымі. Праз некаторы час Юлісіс аднавіла свой малюнак у першапачатковым выглядзе. Дворнікі больш на яго не замахваліся, бо да іх давялі інфармацыю, што эскіз быў узгоднены з адміністрацыяй Чыгуначнага раёна.
Тады ж у каментары нашаму сайту мастачка адзначыла, што з падобным выпадкам вандалізму за сваю больш чым 5-гадовую практыку стрыт-артысткі яна сутыкнулася ў першы раз. На жаль, як мы цяпер бачым, не ў апошні …