Сёння ў Кіеве адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця помніка Уладзіміру Караткевічу. У цырымоніі прынялі ўдзел Міністр культуры Беларусі Павел Латушка і Міністр культуры Украіны Міхаіл Кулыняк, дзеячы культуры і мастацтва Беларусі і Украіны.
Мерапрыемства праведзена на беларускай і ўкраінскай мовах. На цырымоніі выступіў ансамбль “Купалінка” Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Падчас адкрыцця помніка Міністр культуры Павел Латушка адзначыў вялікую ролю Уладзіміра Караткевіча ў беларускай культуры, які даў беларусам разуменне таго, што беларускі народ мае багатую гісторыю, якая з’яўляецца часткай еўрапейскай гісторыі. Помнік фактычна стане сімвалам яднання беларускага і ўкраінскага народаў. Таксама Міністр падкрэсліў вялікі ўплыў украінскай культуры на творчасць Уладзіміра Караткевіча. У сваіх шматлікіх мастацкіх творах і літаратуразнаўчых артыкулах пісьменнік звяртаўся да ўспамінаў пра жыццё на Украіне, даследаваў творчасць Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Івана Франка і іншых.
Помнік Караткевічу створаны ў выкананне дамоўленасці Прэзідэнтаў Беларусі і Украіны. Міністэрствам культуры быў праведзены рэспубліканскі конкурс на стварэнне праекта помніка. Помнік створаны беларускімі скульптарамі Канстанцінам Селіханавым, Алегам Варвашэням і архітэктарам Аляксандрам Корбутам.
Фінансаванне работ па стварэнню помніка ажыццяўлялася за кошт сродкаў рэзервнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Работы па ўсталяванню помніка ў Кіеве і добраўпарадкаванню прылеглай тэрыторыі ажыццяўляліся за сродкі Кіеўскай мэрыі.
Паводле матэрыялаў Міністэрства культуры Беларусі
