Невуцтва дазваляе прарасійскім актывістам адчуць сваю ідэйную перавагу над «беларусізатарамі» і казаць, што няма ніякай беларускай культуры, а ўсё скрадзена ў палякаў.
Верашчакай называецца адразу некалькі страў. Фота: websmi.by
Крыніцай бясспрэчнага доказу польскасці верашчакі паслужыў куцы артыкул у рускамоўным раздзеле Вікіпедыі, якая тымі ж самымі прарасійскімі актывістамі пры патрэбе адкідаецца ва ўсіх іншых нязручных выпадках і называецца ілжывай.
У гэтым артыкуле прыведзена меркаванне польскага пісьменніка і этнографа Вінцэта Поля.
У любой іншай сітуацыі меркаванне ўдзельніка антырасійскага паўстання 1831 года, якім з’яўляецца Поль, было б пагардліва высмеяна бондараўцамі, але ў такой справе, як «выкрыццё» беларусізатараў, і сам чорт для іх сябар.
У кнізе «Poezyje Wincentego Pola», выдадзенай у 1857 годзе, польскі аўтар пісаў:
«Ёсць старая прыказка: За караля Саса папушчай паса, і пра яе ведае амаль кожны. Менш вядомы далейшы працяг гэтай песенькі — За караля Саса лыжкай каўбаса.
Да добрых якасцяў кухара належала, каб ён умеў падаць каўбасу на некалькі дзясяткаў страў. На верашчаку пададзеная каўбаса была нарэзаная, перакладзена лустамі сала і палітая вострай падліўкай — гэта былая зручная кулінарная выдумка з часоў Саскіх; каўбасу, пададзеную на верашчаку, елі лыжкай — адсюль і прыказка. Добры шляхецкі кухар умеў падаць каўбасу на дванаццаць страў — панскі на дваццаць чатыры. Каўбаса была вялікім рычагом у прыватным і публічным жыцці — і без яе не разумелі сняданку ў дні, вольныя ад посту.
Верашчак быў знакамітым кухарам Аўгуста III, і ад яго пайшла назва спосабу падачы каўбасы».
Аўгуст ІІІ Сас, кароль польскі і вялікі князь літоўскі. Як успамін пра «стабільнасць» аўгустаўскіх часоў у народзе хадзіла прымаўка «За караля Саса еш, пі і папушчай паса». Фота: Wikimedia Commons
Кухар Верашчака згадваўся толькі ў гэтай кнізе, але версія пра паходжанне назвы ад яго імя аказалася надзвычай жывучай. Магчыма, таму, што патлумачыць назву рэдкай стравы праз польскую мову ніяк не атрымлівалася.
Шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» пераказвае версію пра кухара Верашчаку, але ўпэўнена называе польскае wereszczaka запазычаным з беларускай мовы.
У «Этымалагічным слоўніку польскай мовы», складзеным славістам Аляксандрам Брукнерам і выдадзеным у 1927 годзе, значэнне слова тлумачыцца праз «od wrzasku», гэта значыць ад верашчання.
Брукнер таксама перакананы, што слова пазычана з русінскай (то бок старабеларускай ці стараўкраінскай) мовы, бо там, дзе ў гэтым слове -ere-, у польскай мусіла б быць -rze- ці -rzo-.
Тое, што слова мае ўсходнеславянскае паходжанне, пацвярджае і той факт, што ў рускай мове ёсць таксама страва, якую называюць вереща́га або вереща́нка — гэта яечня. Па логіцы бондараўцаў і назву для рускай яечні «скралі» ў палякаў?
Відаць, Брукнер, а следам за ім і рускія мовазнаўцы Уладзімір Даль і Макс Фасмер, мелі рацыю і назвы страў з’явіліся, бо сала, мяса і яйкі верашчаць, пішчаць, патрэскваюць на гарачай скаварадзе.
Але што, калі сапраўды такі кухар быў? Як ужо вышэй было адзначана, слова такое ў польскай мове ўтварыцца не магло, а значыць кухар з такім імем мусіў быць не з мясцовых.
А вось на Беларусі добра вядомы шляхецкі род Верашчакаў герба «Касцеша», які паходзіў з баяр Кобрыншчыны. Гэта значыць, што, хутчэй за ўсё, ён быў на гэтай зямлі яшчэ ў часы рускіх княстваў.
Першыя пісьмовыя згадкі пра Верашчакаў адносяцца да пачатку XV стагоддзя. У першай чвэрці XIX стагоддзя двор Верашчакаў у Туганавічах быў адным з галоўных месцаў сустрэчы павятовай шляхты.
Развітанне Адама Міцкевіча з Марыляй Верашчакай. Фота: Wikimedia Commons
У час канікул у 1820–1821 гадоў сюды прыязджаў Адам Міцкевіч, які сустрэў тут сваё вялікае каханне — Марылю Верашчаку, якой прысвяціў значную частку сваёй паэтычнай спадчыны.
Ці не гэты факт, звязаны з біяграфіяй найвялікшага паэта таго часу, стаў прычынай, чаму імя Верашчакаў было на слыху ў многіх палякаў, а пасля было перанесена ў свядомасці людзей праз асобу каралеўскага кухара на невытлумачальную назву стравы? Выглядае, што так.
У любым разе, з якога боку да верашчакі не падыдзі, а знайсці ў ёй штосьці спрадвечна польскае, што было б «скрадзена» нейкімі подлымі беларусізатарамі, немагчыма.