У межах грамадскай культурніцкай кампаніі «БУДЗЬМА БЕЛАРУСАМІ!»
Пры актыўнай арганізацыйнай падтрымцы мерапрыемства раённай газетай «Лунінецкія навіны», аддзеламі адукацыі і культуры Лунінецкага райвыканкама.
31 ліпеня аб 11-й гадзіне ў Лунінцы каля помніка даследчыку Міколу Калінковічу адбыўся Дзень памяці.
Згадвалі двух выбітных асобаў – Аляксандра Блока і даследчыка палескага перыяду ягонай творчасці Міколу Калінковіча. Галоўны арганізатар мерапрыемства, журналістка Таццяна Канапацкая, апавяла прысутным пра творчасць паэтаў і пра яе значнасць для Палесся. Выступалі мясцовыя бібліятэкары. Госці з Расіі – паэты Ірына Карэніна і Андрэй Пермякоў – чыталі вершы. Зміцер Вішнёў урачыста прэзентаваў некалькі кніжак і нумароў часопіса «Тэксты» Цэнтральнай лунінецкай раённай бібліятэцы. Потым літаратары, журналісты выправіліся да аздараўляльнага цэнтра «Спадарожнік», дзе была зладжаная творчая праграма для дзяцей. Цвіком мерапрыемства былі, безумоўна, спевы Наталлі Мурко і вершы Змітра Пляна. Па ўсім было бачна, што аўдыторыя засталася задаволеная. Пры канцы сустрэчы адбылася віктарына, падчас якой былі прэзентаваныя торбы, футболкі, дыскі, паштоўкі ад грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Сёлета споўнілася 19 гадоў, як ладзяцца падобнага кшталту Дні памяці. Штогод нехта з літаратараў наведвае Лунінец і згадвае А. Блока і М. Калінковіча. У свой час тут былі літаратары Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Скобла, Алесь Карлюкевіч, Аксана Спрынчан, Іна Снарская і многія іншыя.
Тэгі: Лунінец