Мінскі world rock-гурт Re1ikt і віленская мануфактура Pi i Mar прэзентуюць крафтавую гарбату “Рэліктавы лес”.
Напой створаны адмыслова да перавыдання альбома “Лекавыя травы”, які выйшаў у 2015 годзе, быў высока ацэнены крытыкамі ды слухачамі і стаўся сапраўдным беларускім бестсэлерам. Дыск атрымаў шматлікія ўзнагароды: “Лепшы рок-альбом”, “Прыз народных экспертаў”, “Прыз штатных экспертаў” на прэміі Experty.by, “Альбом года” на прэміях “Даём рады” і Rock Profi.
“Поспех канцэптуальнага альбома “Лекавыя травы” (а гэта вялікая колькасць прададзеных дыскаў, безліч каментароў, лайкаў, праглядаў і праслухоўванняў) навёў нас на думку ўвасобіць у фізічнай форме тое, што, уласна, натхніла на стварэнне альбому – збор беларускіх зёлак. Таму сумесны праект – гарбата “Рэліктавы лес” – яго лагічны працяг”, – кажа лідар Re1ikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.
Мануфактура гарбаты ў Вільні Pi i Mar збірае інгрыдыенты, якімі багатая беларуская зямля – свежыя травы ды кветкі, – і традыцыйныя для еўрапейскай гарбаты спецыі. Напой “Рэліктавы лес” – глыбокі і сапраўдны, у яго складзе сасна, ядловец, яблык і чорны чай. Навінка з’явіцца ў меню сталічнага “Грай-кафэ”, а таксама на паліцах беларускіх крам.
“Многія артысты ствараюць уласныя брэнды (прыкладам, Снуп Дог вырабляе дызайнерскае адзенне, а Рыяна – касметыку), хоць гэтыя рэчы ў большасці выпадкаў мала звязаныя з музыкай. Мы ж памеркавалі, што беларусам да смаку будзе менавіта бадзёрлівы эка-напой. Каб людзі маглі паглыбіцца ў атмасферу “Лекавых траў” мацней, каб змаглі перажыць новыя эмоцыі. Каб спалучэнне музыкі і смаку абудзіла ў іх новыя вобразы і фантазіі”, – тлумачыць Аляксандр Дземідзенка.
Дэгустацыя гарбаты “Рэліктавы лес” для ўсіх ахвотных і акустычны канцэрт Re1ikt пройдуць у “Грай-кафэ” (г. Мінск, вул. Iнтэрнацыянальная, 33) 18 сакавіка ў 19.00.
Гурт Re1ikt спалучае сучасныя музычныя плыні з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, робячы яго актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае. Калектыў выкарыстоўвае рэдкія духавыя і перкусійныя інструменты, а таксама незвычайныя гітарныя эфекты. У кампазіцыях каманды спляліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас.
Re1ikt атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве і Расіі.
Бліжэйшыя выступы Re1ikt: 24 сакавіка – сольны канцэрт (клуб Skład Butelek, Варшава), 8 красавіка – фестываль «І зноў вясна!» (клуб «Брюгге», Мінск), 8 траўня – Вялікі рок-канцэрт беларускіх выканаўцаў (клуб Re:Public, Мінск), 16-17 чэрвеня – фестываль «Свята Сонца» (Дудуткі).