У Магілёўскай гарадской бібліятэцы імя Карла Маркса 22 красавіка ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшла сустрэча з перакладчыкамі Алесяй Башарымавай, Ігарам Крэбсам і Ганнай Янкута. На імпрэзу завіталі сябры творчай суполкі “Святліца”, якую вядзе Тамара Пятроўна Аўсяннікава, а таксама сябры магілёўскага аддзялення Таварыства беларускай мовы. Усяго ў невялічкай утульнай зале сабралося каля дваццаці чалавек.
Ігар Крэбс, Ганна Янкута, Алеся Башарымава
Пачала імпрэзу Алеся Башарымава, якая расказала пра свае пераклады са шведскай мовы, якія выходзілі як у кніжным, так і ў іншых фарматах, а таксама прачытала пераклад шведскай казкі, змешчанай у апошнім нумары анлайн-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”.
Ігар Крэбс, які перакладае з нямецкай мовы, сказаў, што, прачытаўшы Мюнхгаўзена ў арыгінале, убачыў, што кніга вельмі адрозніваецца ад рускай версіі, якая была адаптаваная для дзяцей. Насамрэч кніга прызначаная дарослым, і гэта Ігар давёў, прачытаўшы нядаўна перакладзены з яе ўрывак. Таксама ён пацешыў публіку перакладам верша Генрыха Гайнэ.
Ганна Янкута больш падрабязна расказала пра часопіс “ПрайдзіСвет” і кнігі, што выйшлі ў яго бібліятэцы, а таксама пачытала некалькі ўрыўкаў са сваіх перакладаў.
Атмасфера сустрэчы атрымалася цёплая і нязмушаная, гасцям ахвотна задавалі пытанні, а цікавілася публіка ўсім: і складанасцямі ды асаблівасцямі пры перакладзе розных твораў, і лагатыпам ды назвай часопіса “ПрайдзіСвет”, і любімымі кнігамі ды пісьменнікамі, і творчымі планамі перакладчыкаў. Госці з задавальненнем адказалі на гэтыя шматлікія пытанні, а напрыканцы раздалі прысутным падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусами!!” – беларускія закладкі і паштоўкі, а самаму актыўнаму слухачу – Тамары Аўсяннікавай – дасталася торба “Будзьма!”.
Фота Надзеі Бацілавай