У Маладзечне ўзгадалі жыццё і творы Уладзіміра Караткевіча

Да 85-гадовага юбілею класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча на базе гімназіі №10 г. Маладзечна супрацоўнікі абанемента Цэнтральнай раеннай бібліятэкі імя М. Багдановіча правялі конкурсна-пазнавальную праграму “О любоў мая, Беларусь!”.

Удзельнікі дзвюх каманд адказвалі на пытанні, звязаныя з жыццём і творчасцю Уладзіміра Караткевіча. Сюрпрызным момантам была “чорная скрыня”, з якой сапернікі па чарзе выцягвалі розныя рэчы (каласы жыта, фігуру каня, чыгунок са скарбам, валошкі, каштаны) і па асацыяцыі ўзгадвалі творы аўтара.

А таксама спаборнічалі ў дэкламацыі верша “Заяц варыць піва”.

Навіной для многіх было тое, што Караткевіч неаднойчы наведваў Маладзечаншчыну, і ў інтэрнаце завода “Спадарожнік” быў створаны адзін з першых у Беларусі яго мемарыяльны пакой.

Напрыканцы імпрэзы ўдзельнікі мерапрыемства паслухалі голас самога Уладзіміра Сямёнавіча, а пераможцы атрымалі салодкі пачастунак ад бібліятэкараў.

 

Край.бай па матэрыялах, прадастаўленых  Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Максіма Багдановіча

Тэгі: