19 ліпеня ў мястэчку Зялёны Бор Смалявіцкага раёна ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшла творчая сустрэча з празаікам і перакладчыкам Альгердам Бахарэвічам і перакладчыцай і паэткай Юляй Цімафеевай.
Падчас свайго выступу Альгерд Бахарэвіч зачытаў урыўкі з кнігі “Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча” (2011), якая заняла другое месца прэміі Ежы Гедройца-2012. Асаблівую цікавасць аўдыторыі выклікалі эсэ “Апноэ”, “Эўтаназія” і “Алкагалізм”, што падштурхнулі наведнікаў да гарачай дыскусіі пра тое, ці мае чалавек права вырашаць, калі памерці і ці праўда беларусы — адна з самых пітушчых нацый у свеце.
Юля Цімафеева прадставіла зеленаборцам зборнік дэтэктыўнага апавядання “Злачынства, сэр!”, якое нядаўна выдалі сумесна інтэрнэт-часопіс “ПрайдзіСвет” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Невялікі твор Фрэнка Стоктана “Панна ці Тыгр”, змешчаны ў зборніку, таксама не пакінуў наведнікаў імпрэзы абыякавымі. Напружаныя спрэчкі пра канцоўку апавядання разгарэліся падчас і пасля прэзентацыі яго публіцы. Панне ці тыгру аддала б свайго каханага напаўварварская прынцэса, вызначалі галасаваннем і аргументаваным дыспутам. Праўда, як гэта часта бывае, урэшце кожны застаўся пры сваім меркаванні.
Напрыканцы прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” атрымалі найлепшыя знаўцы беларускай літаратуры, якія здолелі назваць, што прывёз Якуб Колас з Парыжу і чые вершы змешчаныя ў зборніку эсэ “Гамбургскі рахунак Бахарэвіча”.