Літаратары Міхась Скобла, Алена Масла і музыкант Яраш Малішэўскі выступілі ў Мёрах 16 студзеня.
У праграме сустрэчаў – сярэднія школы № 2 і № 3. Падчас першай сустрэчы Алена Масла (выпускніца СШ № 3), супрацоўніца выдавецтва “Мастацкая літаратура”, распавяла пра сваю творчасць ды ўзгадала школьныя гады.
Міхась Скобла распавёў пра кампанію “Будзьма!”, абвесціў конкурсы для вучняў і пазнаёміў прысутных са сваёй творчасцю. Найбольш спадабаўся вучням ды настаўнікам верш “Ода баразне”, ён прагучаў “у памяць 2008-га – года бульбы”.
Добрым дадаткам сталі песні ў выкананні Яраша Малішэўскага ды ягонае гранне на дудзе. Вучні даведаліся пра старадаўнюю беларускую дуду, пра яе адрозьненне ад валынкі, як напачатку і назвалі гэты інструмент дзеці, а потым задавалі пытанні музыку.
У СШ № 3 сустрэча была прымеркаваная да адкрыцця Музею кнігі і друку, які з’явіўся дзякуючы рупнасці настаўніка гісторыі, кіраўніка гісторыка-археалагічнага гуртка “Арганаўты мінуўшчыны” Вітаўта Ермалёнка.
На адкрыццё сабраліся не толькі вучні і настаўнікі гэтай школы і школаў горада, але і госці з суседніх раёнаў, а таксама загадчыкі аддзелаў адукацыі і культуры райвыканкаму, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, праваслаўны і каталіцкі святары, мясцовая інтылігенцыя.
У добра прадуманым сцэнічным дзействе пад назвай “Край наш светлы, бо кніжны” перад урачыстым адкрыццём музею са сцэны гучалі вершы і песні, прамаўлялі Еўфрасіння Полацкая ды Францішак Скарына… Добрым пачаткам дзейнасці новага музею стала ўганараванне Вітаўтам Ермалёнкам і дырэкцыяй школы рупліўцаў і добразычліўцаў музею – болей як дзесяць чалавек атрымалі адмысловыя дыпломы.
Перад прысутнымі выступілі загадчык райаддзелу адукацыі Валеры Драба, дырэктар СШ № 3 Валянціна Атрошка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Скавародка, супрацоўнік Браслаўскага краязнаўчага музею Кастусь Шыдлоўскі. Атрымалі слова і госці з Мінска. Не абышлося без падарункаў і тут, майкі і маладзёвыя сумкі з лагатыпам кампаніі “Будзьма” ад Міхася Скоблы атрымалі вучні – выканаўцы роляў Еўфрасінні Полацкай і Францішка Скарыны.
Музей кнігі і друку ў Мёрах – унікальны. На стэндах – рукапісныя кнігі і старадрукі, Евангеллі і рэлігійныя выданні на царкоўна-славянскай, польскай і беларускай мовах, падручнікі ад пазамінулага стагоддзя да нашых дзён, газеты, што ў розныя часы чыталі на Мёршчыне, паштоўкі і маркі… Ёсць і рарытэты, якіх захавалася ўсяго некалькі асобнікаў. Прыкладам, “Буквар”, выдадзены савецкімі ўладамі ў 1920 годзе, але з-за вайсковых дзеянняў ім так і не пакарысталіся – пачак кніг праляжаў гадоў 80 на гарышчы ў Лявонпалі… Гэтага “Буквара” няма нават у сталічных бібліятэках.
Фота аўтара.
Тэгі: Віцебшчына, Мёры