У 2016 годзе пачнуцца працы па кансервацыі Крэўскага замка – пра яго аднаўленне размовы не вядзецца. Першая чарга кансервацыі – Паўночная, ці Княжацкая вежа і прылеглыя парэшткі абарончых сцен, – паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўнік упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.
– Крэўскі замак аднаўляцца, рэканструявацца не будзе. Прынамсі на гэтым этапе, хаця Паўночная вежа можа быць рэканструявана. Мы ведаем яе аблічча, ведаем, дзе якія вокны былі. Тая фіксацая адбылася яшчэ да першай сусветнай вайны. Ну а пакуль што ставім задачу кансервацыі. Нашая задача, у першую чаргу, захаваць рэшткі гэтага замка.
Пры гэтым, як заўважыў Ігар Чарняўскі, у будучыні магчыма ўсё ж і аднавіць Крэва. У якасці прыкладу ён узгадаў замак у Медніках, што зараз на тэрыторыі Літвы. Там, паводле Чарняўскага, спачатку таксама была зроблена кансервацыя, а зараз наведвальнікі бачаць адноўлены замак.
Беларускае Радыё Рацыя