Для чаго сёння грамадству патрэбны мастак, што гэта за сфера дзейнасці такая? Што з’яўляецца імпульсам, каб пачаць ствараць? Пагаварылі пра гэта з мастаком Аляксандрам Адамавым.

Аляксандр Адамаў у сваёй майстэрні
Аляксандр Адамаў вывучаў культуралогію ў беларускім Універсітэце культуры, а з 2018 года займаецца мастацтвам як практык. Адметнасць яго даробку ў шматфокуснасці і мультымедыйнасці. Ён працуе ў скульптуры, інсталяцыі і аб’ектна-арыентаваным дызайне. Яго праект «Не-цацкі», створаны пасля 2020-га, стаў вострай рэфлексіяй на падзеі ў Беларусі і адначасова — дасціпным цытатнікам. Мініяцюрная ваза з агароджы на плошчы Перамогі і лімонная фарба ў дадатак (мінчане зразумеюць), лабірынт «План эвакуацыі», галаваломка з калючага дроту ці дарожная плітка з мінскіх ходнікаў — тут і палітычны падтэкст, і сацыяльная скіраванасць і адчайная гульня ў трэш. А таксама адметнае форматварэнне, якое з таго часу заўсёды будзе ў яго па-за стылямі і паміж жанрамі.
Складваецца ўражанне, што яго творы прымаюць сваю форму нібы пад уздзеяннем вострай неабходнасці, звычайна знешняй, але часта і ўнутранай, а таму — заўсёды патрабуюць тлумачэння свайго генезісу. Хоць сам аўтар кажа, што калекцыянуе абсурдныя моманты, напрыклад, збоі сістэмаў, прасветы, якія пры гэтым прыадчыняюцца і іх трэба паспець зафіксаваць. І гэта, безумоўна, самае цікавае ў гэтым аўтарскім падыходзе да рэальнасці.
Сустрэліся з мастаком у яго майстэрні, каб паразмаўляць пра межы і фарматы. Майстэрня Аляксандра Адамава займае 16 квадратных метраў, аднак мае і другі ўзровень. З найбольш часта ўжываных прадметаў у ёй — гэта мультытул leatherman, тры друкаркі для друку 3D, сканер, дэгазатар для сілікону. Яшчэ ёсць аэрограф, які пакуль ляжыць без справы...
— У вас тэарэтычная адукацыя — культуралогія. Адсутнасць практычнай акадэмічнай мастацкай адукацыі перашкаджае ці дапамагае займацца мастацтвам? Уявіце, што вы закончылі жывапіс у Беларускай акадэміі мастацтваў — якія б сёння былі вашыя творы?
— Так, я па адукацыі культуролаг-менеджар, дарэчы — магістр мастацтвазнаўства. І я часта вяртаюся ў думках да моманту, калі пасля першага курса хацеў сысці з універсітэта, але куратар групы мне сказаў, што наўрад ці дзесьці будзе столькі вольнага часу, як ва Універсітэце культуры. Я паслухаўся і вырашыў пачакаць, каб зразумець, куды я сапраўды хачу ісці далей.
Дарэчы, жывапіс я не змог бы скончыць, таму што не змог бы нават паступіць у Акадэмію мастацтваў. У мае 18 гадоў медсястра з ваенкамата, паказваючы выцвілую кнігу з кружочкамі, высветліла, што я колераанамал, а гэта значыць, што ні ў сапёры, ні ў мастакі мяне не возьмуць! Але калі ўявіць, што ўзялі, спадзяюся, я б працягнуў займацца творчасцю пасля заканчэння.
Аляксандр Адамаў у сваёй майстэрні
— Пасля Дзюшана і дэкларацый канцэптуальнага мастацтва само паняцце, хто такі мастак, стала вельмі няпэўным. Многіх гэта раздражняе, аднак я хачу перайначыць пытанне. Для чаго сёння грамадству патрэбны мастак, што гэта за сфера дзейнасці такая. Калі паглядзець на гэта пытанне метафарычна і практычна...
— Для мяне мастацкая дзейнасць у дадзены момант заключаецца ў пошуку мовы, у якой мы жывём, у фарміраванні новых гарызонтаў бачання, у пошуку надзеі. Мне асабіста вельмі цікава ўвасабляць у жыццё мае ідэі, якія з’яўляюцца ў галаве, і знаходзіць у навакольным свеце нейкія нечаканыя рэчы.

Аляксандр Адамаў у сваёй майстэрні
— І відавочна — самому іх ствараць... Як вы пачынаеце працаваць? Што звычайна з’яўляецца імпульсам? Чамусьці мне здаецца, што гэта адчуванне нейкай патрэбы, болю, на які, магчыма, трэба зрэагаваць, пустаты, якую трэба запоўніць?... Ці як у вас адбываецца?
— Мне сапраўды цяжка адказаць на пытанне, як я пачынаю працаваць, таму што працаваць я не заканчваю, мой творчы працэс проста мяняе інтэнсіўнасць, формы ўвасаблення. Я часта падключаюся да дапамогі ў рэалізацыі ідэй маіх сяброў, знаёмых, падзарабляю на здымках. Калі ёсць час для сябе і я ў майстэрні, там таксама пастаянна знаходзіцца шэраг распачатых работ, як мастацкіх, так і калядызайнерскіх — тое, што я адношу да прадуктаў маёй студыі.
Гэта значыць, па факце, я пераключаюся ад задачы да задачы, і гэтыя пераключэнні дазваляюць адарвацца ад жадання хутчэй рэалізаваць задуманае. Дазваляюць адляжацца ідэі.

Сцэнаграфія да спектакля Мікіты Ільінчыка «Эма»
Вядома, часам здараецца, што я працую ў супраціў нечаму, нейкай падзеі. А часам з-за адчування, што знойдзены вобраз — удалы і своечасовы. Часам-з жадання паэксперыментаваць ці проста ад няма чаго рабіць, па фану...
Напрыклад, першая «П’ета» з’явілася з жадання ўбачыць сумяшчэнне будовы формы ў скульптуры Мікеланджэла і Буды, як дзвюх выяваў пакуты, цярпення. Другі варыянт узнік як пратэст супраць немагчымасці выставіць «П’ету» ў Музеі сучаснага мастацтва ў Варшаве. То-бок як жэст супраціву. А над сваёй будучай выставай я працую хутчэй з пазіцыі пошуку вобразаў, інтэрпрэтацыі ідэй.

П’ета. Шоўк PLA, 3D-друк. 2024
— Дарэчы, што вы пакажаце на выставе, якая ў пачатку снежня адкрыецца ў галерэі Szczur у Познані?
— Выстава называецца «Гіперрэалістычная маці» і будзе прысвечана асэнсаванню атмасферы сучаснага еўрапейскага грамадства, дзе клопат становіцца формай кіравання.
Гэта даследаванне таго, як мяккасць, эмпатыя і тэрапія ператвараюцца ў інструменты кантролю, як камфорт становіцца механізмам дысцыпліны, а абарона — спосабам рэгуляваць жыццё.
«Гіперрэалістычная маці» — гэта метафара сістэмы, якая ахінае, абязбольвае, згладжвае канфлікты, стварае адчуванне бяспекі, але робіць гэта настолькі татальна, што сама мяжа паміж клопатам і падначаленнем знікае.

Аляксандр Адамаў у сваёй майстэрні
— У вас ўжо быў твор на тэму апекі, якая кепска заканчваецца...
— Так, «Lupa Capitolina» — скульптура ваўчыцы, змешчанай у каркас з дэталяў дзіцячай калыскі, які не столькі падтрымлівае ваўчыцу, колькі робіць яе цела кіраваным і назіраным. Я пераасэнсаваў вобраз Капіталійскай ваўчыцы — сімвала дзікай, некантраляванай мацярынскай улады. Але гэтая «дзікунства» не знікае пад ціскам цывілізацыі — яно кантралюецца як частка яе міфа.

Lupa Capitolina. Пластык, часткі каляскі, грунт. 2025
Праца паказвае, што клопат і кантроль — не супрацьлегласці: клопат заўсёды ўбудаваны ў сістэму ўлады як спосаб рэгулявання і падпарадкавання. Яна застаецца ў ролі маці толькі ў той меры, у якой гэтая роля адпавядае дысцыплінарнай сістэме. Нават яе дзікунства тут не супярэчыць уладзе, а служыць яе працягам — старанна кантраляваным напружаннем, якое ніколі не выходзіць за рамкі дадзенага.
— Вы зрабілі плакат пра тое, як быць правільным эмігрантам... Ці атрымліваецца? І які досвед прывёў да з’яўлення гэтага плаката?
— Плакат не зусім пра тое, як быць правільным эмігрантам. У ім пералічваюцца стэрэатыпы пра беларусаў, якія часта прагаворваліся ў Беларусі. І якія гучаць як суперздольнасці мігрантаў, безумоўна! А ідэя прыйшла ў першыя дні знаходжання ў Варшаве. Я заўважыў на вуліцы шэраг палітычных плакатаў з партрэтамі людзей і быў здзіўлены, як дзіўна яны зробленыя. Дызайн немудрагелісты ці нават пошлы, а партрэты ці непрывабная, ці наадварот прэтэнцыёзныя...
— Часта бачу вас у польскіх праектах. Гэта праз беларускіх куратараў ці вы ўжо наладзілі сетку ўзаемадзеяння з польскім арт-полем? Ці як гэта адбываецца?
— Так атрымліваецца, што мяне час ад часу запрашаюць да супрацоўніцтва. Гэта прыемна, і я вельмі шаную гэтыя сувязі, стараюся дапамагаць іншым у рэалізацыі іх ідэй, падтрымліваю сваімі і заўсёды адкрыты да знаёмстваў. Хацелася б больш далучацца да цікавых праектаў.

Рыза. Харчовая фольга, алюміній, 3D-друк. 2024
Міхаліна Мехавіч, фотаздымкі Вікторыі Адамавай, Budzma.org