У Шчучыне да Дня пісьменства плануюць завяршыць рэстаўрацыю палаца Друцка-Любецкіх, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік.
XXII Дзень беларускага пісьменства 6 верасня 2015 года прыме горад Шчучын Гродзенскай вобласці. На гэты момант літаратурная сталіца года вызначае план падрыхтоўкі да прыёму гасцей свята. Паводле слоў Сяргея Ложачніка, плануецца прывесці ў парадак шэраг аб’ектаў у раённым цэнтры – абнавіць стадыён, набярэжную ў цэнтры горада, Дом культуры, завяршыць рамонт бібліятэкі імя Цёткі, рэканструкцыю кінатэатра пад маладзёжны забаўляльны цэнтр. Найбольш значным падарункам да свята павінна стаць завяршэнне рэканструкцыі архітэктурнай славутасці Шчучына – палаца Друцка-Любецкіх.
У Гродзенскай вобласці хацелі б, каб Дзень пісьменства запомніўся жыхарам рэгіёна не проста як адзін святочны дзень. Таму святу будзе прысвечаны цыкл мерапрыемстваў на працягу года. Іх мэта – папулярызацыя беларускай літаратуры, культуры і пісьменства. Трэба будзе паказаць людзям запатрабаванасць твораў беларускіх пісьменнікаў, азнаёміць са спектаклямі па матывах сучасных твораў пісьменнікаў вобласці, прадставіць даследаванні гродзенскіх філолагаў. ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” правядзе літаратурны конкурс імя Цёткі і іншыя мерапрыемствы.
Дзень беларускага пісьменства па традыцыі праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады свята адзначалася ў Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім, Быхаве. Двойчы ўрачыстасці прымаў Полацк (1994, 2003), Тураў (1995, 2004) і Заслаўе (2000, 2013).
Шчучын рыхтуецца сустрэць Дзень беларускага пісьменства ўпершыню.
Алена Стасюкевіч, БелТА