На пляцоўцы zvarot.by адбываецца збор подпісаў для калектыўнага звароту ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь з просьбай аб рэабілітацыі беларускай паэткі Ларысы Геніюш.
Аўтары зварота адзначаюць:
“Імя паэтэсы Ларысы Геніюш у гісторыі беларускай літаратуры стаіць поруч з імёнамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі. Пра высакароднасць яе думак і пачуццяў сведчаць яе кнігі “Невадам з Нёмана” (1967), “На чабары настоена” (1982), “Выбраныя творы” (2000, класічная серыя “Беларускі кнігазбор”), “Каб вы ведалі” (2005). Па матывах яе аўтабіяграфічнай кнігі «Споведзь» на кінастудыі «Беларусьфільм» зняты мастацкі фільм «Птушкі без гнёздаў», пастаўлены спектакль «Белы сон». На студыі «Летапіс» пра яе зняты дакументальны фільм «Вянок цярновы васількоў». У раённых цэнтрах Зэльва і Старыя Дарогі пастаўлены помнікі Ларысе Геніюш.
Аднак, пры гэтым усім, яна не з’яўляецца прызнанай беларускай паэткай, яе рэабілітацыя так і не праведзена. Не ладзяцца афіцыйныя святочныя імпрэзы, прысвечаныя яе памяці, яе творы не вывучаюць у школах. Паэтка прайшла складаны шлях пры жыцці, але і пасля смерці не знаходзіць свайго месца ў роднай краіне.”