Гісторыя нярэдка іранізуе над амбіцыямі. Тое, што калісьці было прадметам гонару, сімвалам еўрапейскага прызнання і прамысловага трыумфу, праз стагоддзе можа згубіцца літаральна ў зямлі. Менавіта так адбылося са сведчаннем поспеху беларускіх прадпрымальнікаў ХІХ стагоддзя — медалём знакамітага роду Скірмунтаў. Пра знаходку ў вёсцы Чамярын на Піншчыне расказвае Мікалай Заяц.
1980-я — 1990-я гады. Вёска Чамярын на Піншчыне. Падчас уборкі бульбы на мясцовым полі сярод камоў глебы бліснуў важкі кавалак металу. Медаль — бронза, дыяметр 68 мм. Нягледзячы на дзесяцігоддзі ў зямлі, на ім выразна чытаюцца надпісы, выкананыя на французскай мове. На адным баку надпіс «REPUBLIQUE FRANCAISE» (Рэспубліка Францыя), на іншым — «EXPOSITION UNIVERSELLE INTERNATIONALE DE 1878» (Міжнародная выстава, 1878). Але галоўная дэталь, якая прывязвае яго да Беларускага Палесся, знаходзіцца ў спецыяльна адведзеным месцы — там зроблена надбітка з подпісам «SKIRMUND».
Медаль мог бы захавацца ў вельмі добрым стане, калі б не адна дэталь — у ім прабітая скразная адтуліна, прычым відавочна, што зрабіць гэта ўдалося не з першай спробы.
Навошта псаваць каштоўную рэч? Адно з меркаванняў знаўцаў гучыць так: мясцовыя рыбакі, не ўсведамляючы гістарычнай вартасці прадмета, папросту выкарыстоўвалі цяжкі бронзавы медаль у якасці грузіла для сваіх сетак.
Каб зразумець, як парыжская ўзнагарода ўвогуле апынулася на берагах Ясельды, трэба вярнуцца на некалькі дзесяцігоддзяў да выставы 1878 года. У суседнім з Чамярынам Парэччы Аляксандр Сымонавіч Скірмунт — мясцовы землеўладальнік, дзед прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Рамана Скірмунта — стварыў прамысловы аазіс: у вёсцы існавалі буйныя суконная і цукровая фабрыкі.

Адзіны гаспадарчы будынак з прамысловага комплексу Скірмунтаў у Парэччы, які захаваўся да сённяшняга часу. Фота з Вікіпедыі
Стварэнне гэтага прамысловага цэнтра Скірмунтаў распачалося на пачатку 1830-х гадоў. З часам вытворчасць набыла такі маштаб, што суконная фабрыка і цукраварня ў Парэччы пазней часта прысутнічалі ў беларускай гістарыяграфіі як яскравыя ілюстрацыі эканамічнага развіцця. Менавіта скірмунтаўская прадукцыя з Парэчча была адзначана тым самым медалём.
Панарамны выгляд Exposition Universelle de 1878. Фота з Вікіпедыі
Выстава ў Парыжы 1878 года была падзеяй вялікага маштабу. Там дэманстраваліся галава Статуі Свабоды, першыя тэлефоны Бэла і свежыя вынаходніцтвы Эдысана. І менавіта там, сярод індустрыяльнага авангарду чалавецтва, прадукцыя з беларускага Парэчча атрымала прызнанне. Вялікі медаль стаў доказам таго, што палескае прадпрыемства гуляе ў вышэйшай лізе.

Парэчча. З акварэлі Напалеона Орды, 1864 год
Мясцовы прамысловы бум, які адбыўся дзякуючы роду Скірмунтаў, ператварыў ціхі куток Палесся ў лакальны індустрыяльны цэнтр, які часам вобразна называлі «Ліверпулем на Ясельдзе». Агулам у розных вёсках Піншчыны Скірмунтам належалі вінакурныя, дрожджава-вінакурныя, соладавыя, піваварныя, лесапільныя і шкіпінарныя заводы. На іх укараняліся перадавыя тэхналогіі, а якасць прадукцыі строга кантралявалася. Фабрычныя карпусы ў Парэччы ўяўлялі сабой цэлы прамысловы гарадок, дзе працавалі сотні мясцовых жыхароў і запрошаных з-за мяжы спецыялістаў. Гэтая вытворчасць была эканамічным рухавіком уладанняў.
Сам Аляксандр Сымонавіч Скірмунт быў выхаванцам фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта (1818 года выпуску), ён глыбока вывучаў хімію і яе прымяненне на вытворчасці ў Германіі і Францыі. Як наватар Скірмунт у 1830 годзе атрымаў афіцыйны прывілей (патэнт) на вынаходства — спецыяльны снарад для выпарвання цукровых раствораў на плоскіх пакатых паверхнях.
Пасля яго смерці ўладаннямі ў Парэччы апекаваўся яго сын Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт.

Аляксандр Сымонавіч Скірмунт. Копія партрэта аўтарства Валенція-Вільгельма Ваньковіча, выкананая Ганнай Ромэр. Крыніца: Федорук, А. Т. «Старинные усадьбы Берестейщины» (2006)
Падзенне «імперыі Скірмунтаў» пачалося ў Першую сусветную вайну. Замежных майстроў выслалі, абсталяванне часткова сапсавалі, часткова вывезлі, а ў часы Другой сусветнай вайны ад фабрычных гмахаў засталіся толькі руіны. Знікла не толькі вытворчасць, але і гістарычная памяць.
Сёння пра мінулую славу Парэчча і прадпрымальніцкі геній яго ўладальнікаў можна даведацца з такіх артэфактаў. Прабіты медаль з Парыжскай выставы, выкапаны разам з бульбай — рэдкі сведка эпохі, калі пра прамысловасць у гэтым рэгіёне ведалі нават у Парыжы.
Мікалай Заяц, Budzma.org