У пятніцу 2 снежня ў Беларускім моладзевым хабе адбудзецца прэзентацыя фотапраекта «Minsk antizoo. Red mark».
Гэты праект быў створаны беларускамі ў 2021 годзе як творчая рэфлексія на падзеі пасля 9 жніўня 2020 года, а таксама як знак жаночай салідарнасці ў адносінах да ўсіх жанчын актывістак і палітвязней.
«Гэты праект — летапіс нашай гісторыі, загорнуты ў мастацкую алегорыю параўнання людзей, якія знаходзяцца за кратамі, і жывёл, якiя знаходзяцца ў заапарку. Сэнсаў у праекце закладзена вельмі шмат, але кожны ўбачыць у ім свой боль і сваю гісторыю. Нам вельмі важна, што магчымасць прэзентаваць праект з’явілася менавіта цяпер, калі так важна, каб беларуская павестка не пераставала быць актуальнай, абмяркоўваемай, надзённай, бо мы добра ведаем і разумеем што нічога не скончылася, а рэпрэсіі і гвалт над беларусамі ўнутры краіны працягваюцца дагэтуль».
Выстава працягнецца да 10 снежня. У наведвальнікаў будзе магчымасць прыняць удзел у своеасаблiвай фотаакцыі пратэсту супраць гвалту, рэпрэсій і генацыду ў Беларусі.
Уваход бясплатны, але арганізатары будуць удзячныя за данаты.