У Варшаве на беразе Віслы 9 ліпеня пройдзе бясплатны Huchna Fest з актуальнай беларускай музыкай, знакамітымі імёнамі СучБелЛіта, сучасным мастацтвам і актывізмам.
Huchna Fest ладзіцца ўжо трэці год запар, аб’ядноўвае актуальнае беларускае мастацтва ў розных праявах і дае магчымасць беларускім актывістам і актывісткам паказаць сябе. Арганізатары запрашаюць беларусаў і беларусак, украінцаў і ўкраінак, палякаў і полек, а таксама іншых жыхароў і гасцей Варшавы больш даведацца пра пра Беларусь — сучасную, еўрапейскую і дэмакратычную.
Сёлета оўпэн-эйр стаў яшчэ больш маштабным. Да музычнай сцэны, арт-маркета і пляцоўкі сацыяльных актыўнасцяў дабавілася магутная літаратурная сцэна і кніжны стэнд выдавецтва «Янушкевіч».
Галоўны хэдлайнер музычнай сцэны — Super Besse, а літаратурнай — Альгерд Бахарэвіч.
Фестываль пройдзе 9 ліпеня на беразе Віслы каля варшаўскага Музея Сучаснага Мастацтва (Wybrzeże Kościuszkowskie 22).
Калі вы жадаеце ўзяць удзел ў арт-маркеце, запоўніце анкету па спасылцы.
Удзел у арт-маркеце цалкам бясплатны, але арганізатары фэста, F*r* Belarus C*nt*r, просяць удзельнікаў ахвяраваць не менш, чым 10% з продажу на дапамогу партнёрам з рэабілітацыйнага цэнтра для вайсковых «ЛАНКА». Рэабілітацыйны Цэнтр «Ланка» — грамадзянскі гуманітарны праект па аднаўленні псіхічнага і фізічнага здароўя, рэадаптацыі ды сацыялізацыі ва Украіне. Больш падрабязна даведацца пра дзейнасць цэнтра можна на сайце.