У Віцебску прайшла выстава «Колер Беларусі»

05.05.2017 Мастацтва

З 18 па 25 красавіка ў творчым цэнтры VZAP прайшла выстава вядомага сучаснага дзеяча беларускага мастацтва Міхала Анемпадыстава.

Адкрываючы выставу, рэгіянальны каардынатар культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» Уладзімер Булаўскі прадставіў Міхала Анемпадыстава як паэта, дызайнэра, аўтара канцэпцыі «Народнага альбому». Ён патлумачыў, што выстава «Колеры Беларусі» з’яўляецца своеасаблівым мастацкім даследаваннем, зробленым у рамках міжнароднага праекту захавання культурнай спадчыны CHOICE.

Ва ўступным слове Міхал Анемпадыстаў адзначыў, што выставу нельга лічыць фатаграфічнай, а яго — фатографам. У цэлым гэта канцэптуальны мастацкі праект, які выкарыстоўвае фатаграфію як інструмент. Праект — гэта спроба высветліць, якія колеры і чаму былі найбольш любімымі і шанаванымі ў гісторыі культуры Беларусі. Адначасна гэта спроба распавесці пра тыя семантычныя і сімвалічныя сэнсы, што спадарожнічаюць колерам у розныя гістарычныя часы.

Праца над праектам распачалася ў 2009 годзе і мусіла завяршыцца выданнем кнігі альбо альбому, дзе здымкі выкарыстаныя ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу. Аднак выстава — гэта іншы фармат, таму для яе адабраная толькі тая частка фатаграфічнага матэрыялу, якая стварае сваю невербальную гісторыю, уласны невербальны тэкст.

У выніку сваіх доследаў спадар Міхал прыйшоў да высновы, што найбольш любімымі колерамі для Беларусі можна лічыць чорны і белы, белы і чырвоны, сіні і блакітны, залаты, шэры, зялёны. У адпаведнасці з гэткім падыходам стваралася і экспазыцыя выставы, якая змясцілася на шасці сценах трох выставачных заляў.

Падчас адкрыцця аўтар правёў экскурсію з камэнтарамі і развагамі. А пачалася яна з той часткі экспазіцыі, дзе фотаздымкі аб’яднаныя спалучэньнем чорнага і белага колераў. Але перш чым пачаць свой расповед, Міхал Анемпадыстаў зазначыў, што канцэптуальна ў праекце яго цікавяць дзве рэчы: традыцыйныя носбіты колеру, з якімі ён у першую чаргу асацыюецца, і архетыпічныя вобразы выкарыстання гэтых колераў.

Чорны і белы — два колеры, якія без выключэння можна лічыць першымі ў кожнай культуры, бо яны ўспрымаліся людзьмі яшчэ да разумення імі, што такое колер. У рэўным сэнсе гэта не зусім колеры, бо яны ўспрымаюцца найперш як сімвалы святла і цемры. Колер жа — гэта прадукт культуры. Чалавек бачыць усе колеры, але ён іх не ідэнтыфікуе, не адрознівае да тае пары, пакуль культура не дасягае такога ўзроўню, калі ўзнікае патрэба той ці іншы колер у сабе мець.

Дарэчы, мастак адзначыў, што чорны, белы, сіні, шэры, зялёны — гэта спрадвечныя колеры з агульнай індаеўрапейскай спадчыны. Ва ўсіх еўрапейскіх мовах існуе па адзінаццаць базавых колераў. У расійскай дванаццаць, бо акрамя блакітнага ў іх яшчэ ёсць і сіні. У беларускай няма брунатнага, але ёсць сіні і блакітны.

Што тычыцца традыцыйных носбітаў чорнага і белага колераў, з якімі яны ў нашай традыцыйнай рэчаіснасці звязаныя, то гэта вугаль і мел (крэйда, вапна). Ён адзначыў, што чорны колер у беларускай традыцыйнай культуры не нясе ў сабе трагічнай ці адмоўнай канатацыі. У якасці прыкладу было прыведзена традыцыйнае чорнае ткацтва з вёскі Страдзічы.

Чырвоны колер, які спалучаецца з белым, на фотаздымках пададзены, як журавіны ў цукры з адной чырвоненькай у цэнтры, як шыпшына пад снегам, народная вышыванка чырвоным па белым, «Пагоня»… Чырвоны колер зявіўся ў нас дзякуючы тэхналагічнаму разьвіццю, калі ў прамысловых маштабах пачалі выкарыстоўваць прыродны фарбавальнік чарвец польскі. Мяркуецца, што паданне пра пошукі папараць-кветкі звязанае з пошукамі гэтых самых чарвяцоў. Выкарыстанне ўласнага прыроднага фарбавальніку з пункту гледжання цывілізацыйнага развіцця — гэта вельмі важны тэхналагічны прарыў, адзначыў творца.

Сіні колер у беларускай традыцыі — характэрны маркер іншасвету, чарадзейства, чараўніцтва. Цікава, што сіні колер снегу не заўважаўся ў беларускай культуры ажно да 19 стагодзьдзя. Сіняя валошка не была элемэнтам народнай традыцыі, але дзякуючы вершу «Слуцкія ткачыхі» Максіма Багдановіча, васілёк стаў нацыянальным сімвалам.

Залаты колер замяняе ў нас табуяваны жоўты, хаця золата ў нас ніколі не здабывалася. Золата з’яўляецца з пачатку кантактаў з Візантыяй і распаўсюду на нашых землях хрысціянства. Залаты — колер боскага святла.

Шэры колер мае шмат адценняў. На фота гэта і шарачок, і сялянская світка, гонта, шалёўка, колер старога дрэва, брама з Белавежы… Шэры колер нясе ў сабе адзнаку старасвецкасці, з выключна пазытыўнай канатацыяй.

Зялёны колер у традыцыі высокай культуры — гэта культура інтэграцыі ў прыроднае асяроддзе, а ў народнай культуры — гэта натуральнае стаўленне да прыроды, як асяродку існавання чалавека.

Выстава працягнула сваю вандроўку па Беларусі: у бліжэйшыя дні яе можна будзе пабачыць у Гародні  да 30 траўня ў супольнай выставачнай прасторы Цэнтра гарадскога жыцця і арт-галерэі «Крыга» (Гродна, вул. Савецкая, 3).

.

 

Тэкст: Уладзімер Булаўскі і vitebskspring.org

Фота: Валерыя Столяр

Тэгі: