У Віцебску прайшоў оpen air канцэрт сімфанічнага аркестра

29.05.2015 Музыка

Аркестр Віцебскай абласной філармоніі 28 мая выступіў з праграмай оpen air папулярнай сімфанічнай і эстрадна-сімфанічнай музыкі.

Пад каштанамі ў дворыку філармоніі адным з апошніх травеньскіх вечароў сабраліся знаўцы музыкі з усяго горада. Як завяршэнне канцэртнага сезону сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка Уладзіміра Бяляўскага прадставіў публіцы праграму «Летні настрой», якая складаецца з твораў А. Дворжака, А. Маркеса, І. Штрауса, Э. Л. Уэбера, К. Гардэля, Дж. Гершвіна, У. Германа, П. Макартні, Е. Магаліфа і іншых вядомых кампазітараў.

Упершыню такое выступленне ў Віцебску адбылося ў маі 2014 года ў рамках праграмы «Пяць вечароў з філармоніяй», прысвечанай 25-годдзю гэтай установы культуры. Ідэя, падобна, спадабалася віцяблянам і ў гэтым годзе квіткі на сядзячыя месцы былі раскуплены за лічаныя дні.

Падчас канцэрту жыхары абласнога цэнтра, якія спяшаліся па сваіх справах, раз-пораз спыняліся ля агароджы, каб паслухаць выступ аркестра. Акрамя ўласна сімфанічнай музыкі выконваліся таксама джазавыя і рок-кампазіцыі.

Зварот да фармату open air – гэта не столькі даніна модзе, колькі адраджэнне стогадовай традыцыі – бо такія канцэрты былі асабліва папулярныя ў пачатку ХХ стагоддзя.

 

Сяржук Серабро, Народныя навіны Віцебска

Тэгі: