МГА “Гісторыка” правяла падарожжа пад назвай “Мінскае кола“ 28 сакавіка.
Царква, дзе пабраліся шлюбам бацькі паэта Максімі Багановіча.
Юлія Макруш, удзельніца падарожжа:
“Зразумела, што блуканне па ваколіцах Мінска не магло не пачацца са знаёмства з пэўнымі гістарычнымі падзеямі самога гораду. Дакладней, з жыццём і дзейнасцю графа Караля Гутан-Чапскага (1860–1904). Наш экскурсавод – Ігар Валер’евіч Гатальскі – расказвае, што дзякуючы яго намаганням горад прыдбаў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы (было завершанае яго ўзвядзенне), першая публічная бібліятэка (дзе працавалі такія выбітныя дзеячы беларускай культуры, як Я.Купала, Цётка, У.Галубок), была створаная конна-чыгуначная дарога (концы), адкрыліся радзільны прытулак і крэдытнае таварыства, адбывалася добраўпарадкаванне і ўмацаванне берагоў Свіслачы і яшчэ шмат чаго добрага. Даволі часта гарадскому галаве даводзілася ўкладаць свае сродкі ў развіццё нашай чароўнай сталіцы, якая на той час ёю не з’яўлялася. Праехаўшы мінскімі вулачкамі, мы накіраваліся ў Сёмкава. Нашае знаёмства з гэтай мясцінай пачалося з царквы св. Мікалая, пабудова якой адносіцца да 1852 г. Бы эскіз мастака, стаіць, беспрытульная, сярод могілак, і таму, на жаль, сёння застаецца толькі ўяўляць, якою яна была некалі. Адзінае, што дае надзею, – гэта тое, што праца па аднаўленні царквы ўжо пачалася. А некалі менавіта ў гэтай цэркаўцы злучылі свае лёсы бацькі Максіма Багдановіча – Адам Ягоравіч і Марыя Апанасаўна – у гэтым ціхім чароўным месцы. Крыху прагуляўшыся па цудоўных веснавых лужынах, што аздаблялі наш шлях, мы трапілі да некалі велічнага, а цяпер забытага Богам і людзьмі палаца (дакладней, яго рэштак), што некалі належаў Саламарэцкім, пасля А.Хмары, Р.Халкоўскаму. Занядбаны сёння твор італьянскага архітэктара К.Спампані (XVI ст.) выклікае нейкі смутак і адчуванне закінутасці. Зусім недалёка ад гэтага месца, бліжэй да рэчкі, стаяла (а, можа, і стаіць?) вінакурня, на якой працаваў Я.Купала. Працаваў ён так цягавіта, аддана, што вынікам сталі апёкі, праз якія паэту давялося з’ехаць да маці і доўгі час лекавацца.
Вяртаемся на Віленскую трасу і па Слуцкім тракце накіроўваемся на Прылукі. Праязджаем праз царкву ў Сеніцы. Вербная нядзеля. Людзі з кветкамі. Абуджаецца ў душы нешта добрае, як першыя веснавыя коцікі. На месцы драўлянай царквы сёння стаіць каменная, і вакол – людзі, людзі, людзі, з кветкамі ў руках і ўсмешкамі на тварах. Крыху ад’ехаўшы, мы бачым курганы, такое адчуванне, быццам нейкія волаты забаўляліся тут. Па ранейшых падліках, насыпаў было 44, а цяпер, напэўна, засталося ўжо меней. Убаку застаюцца Скарынічы, дзе некалі быў маёнтак Эмерыка Чапскага – самы блізкі да Мінска маёнтак роду. Далей праязджаем аўтобусам праз Скарыніцкі лес, праз які часта даводзілася ў дзяцінстве хадзіць Мікалаю Улашчыку. Паводле яго ўзгадак, гэты лес быў вельмі светлым, дзе ці не ўвесь час чуліся птушыныя мелодыі, а вось іншы лес – Атолінскі – пужаў маленькага Міколу. Адразу перад вачыма паўстае хлопчык, які толькі што выйшаў з рэдзенькага прыгожага лясочку і якому трэба ісці па цёмнай сцежцы страшнага лесу.
Вось і Прылукі. У канцы прысадаў нас сустракае палац (найлепш захаваны ў ваколіцах Мінска). Дзякуючы Інстытуту аховы раслін, які знайшоў сабе жыллё ў яго сценах, сёння Прылукі – адна з турыстычных кропачак на мапе Мінскай вобласці. А, можа, намоленае месца (на месцы палаца некалі стаяла царква) абараняе твор архітэктуры неагатычнага стылю. У 1871 г. Караль Чапскі выкупіў сядзібу ў Горватаў, і з гэта часу Прылукі набылі свой цудоўны выгляд. Пацярпелы ад пажару маёнтак Караль Чапскі аднавіў (ці, хутчэй, перарабіў у палац), пабудаваў ці ўзнавіў гарспадарчыя пабудовы, стварыў аранжарэю. Шкада, але сёння не сустрэнеш у палацавым ансамблі вежу з гадзіннікам (яна так і называлася: Гадзіннікавая вежа), але гісторыя яе захавала ў фільме “Лясная быль”. Няма сёння і каплічкі, што сустракала падарожных. Нам пашчасціла паслухаць у выкананні пана Скіргайлы некалькі твораў на дудзе. Калі слухаеш яго “Хмару”, уяўленне малюе вобраз нябеснай істоты, што пасылае на зямлю дажджы. Ва ўтульным будыначку Цэнтра народнай творчасці мы праслухалі вершаваны аповед пра Прылукі, а таксама змаглі разгледзець стэнды, прысвечаныя гісторыі гэтага месца і асобам, што жыццёвым лёсам былі звязаныя з ім. Але як бы цікава гэта ні было, трэба рухацца далей.
Наперадзе Станькава. Эмерык Чапскі яшчэ з часоў, калі складаў вопісы Эрмітажа, быў захоплены нумізматыкай, а таксама цудоўнымі творамі мастацтва. Ці не з мэтай захавання сваёй калекцыі, якая, як сведчаць знаўцы, была даволі багатай, ён пабудаваў скарбніцу, злучаную з палацам. Палаца не засталося, але падземныя лазы існуюць і да гэтага часу. Калі ў Прылуках захаваўся ў добрым стане палац, то ў Станькаве да нашых часоў дажылі збольшага гаспадарчыя пабудовы. У захаванні апошніх значную роль граюць настаўнікі і вучні школы, што знаходзіцца побач. Побач са скарбніцай стаіць незвычайнае крэсла. Па-першае, яно з каменю, па-другое, яно падзелена на чатыры часткі (па колькасці дзяцей Эмерыка Чапскага). Чароўнага дрэва кахання (кажуць, быццам яно расло каранямі ўгару), што некалі стаяла ў парку, не засталося. Рэшткі брамы нагадваюць пра той час, калі дарога пралягала праз прысады. Пабудаваная ў 1898 г. і разбураная ў 1961 г. царква св. Мікалая цяпер нагадвае вожыка, што ашчэрыўся на навакольны свет: ідуць працы па аднаўленні царквы.
Вёска Дабрынёва. Царква. Побач могілкі. Сярод крыжоў знаходзім магілу маці Лукаша Калюгі. Дзе знаходзяцца парэшткі самога пісьменніка, ніхто не ведае: змрочныя сталінскія часы не пашкадавалі гэтага творцу; таму нехта прыставіў да гэтай магілы пліту з надпісам: Лукаш Калюга.
Вось і Возера. Так, менавіта такую назву мае паселішча. Петрапаўлаўская царква класічнага стылю здалёк зіхаціць купалам. Светла-блакітнае неба, і махаюць крыламі птушкі, нібы паветраныя вартавыя гэтага незвычайна прыгожага месца.
Крочым далей. У Ігнацічах (сучаснае Калініна) мы на адлегласці пазіраем на звычайную незвычайную маёмасць нейкай сям’і. Тут і вежа пасярод двара, і дом, што нагадвае пабудовы, – зусім не XX ст. Праязджаем праз мясціны, звязаныя з фатографам-мастаком Янам Булгакам. Цудоўны майстар у сваім фальварку, што знаходзіўся ў Парэсіцы, стварыў ці не першую на Беларусі фоталабараторыю. Усё сваё жыццё Булгак імкнуўся давесці, што, як і карціна, фотаздымак – гэта таксама твор мастацтва.
У Смілавічах з даўніх часоў жылі татары, таму няма нічога дзіўнага, што сярод катэджаў выглядае зялёны спічак мячэці (гэтая пабудова новая, а старая мячэць стаяла ў іншым месцы). Нас чакае флігель старога палаца, які захаваўся толькі часткова. Калі ўжо няма сілаў глядзець на руіны палаца, скіроўваеш свій позірк на ліпавыя прысады, прысады, што вядуць у бясконцасць…
Пад’язджаем да Убеля. Тут нарадзіўся выдатны кампазітар Станіслаў Манюшка. Ноты на пліце так і накіроўваюць на раскрыццё музычных здольнасцяў. Пан Скіргайла захапіў у палон сваёй чароўнай музыкай і выдатным спевам. На такой сапраўды добрай ноце і падыходзіць да заканчэння нашая вандроўка. Застаецца толькі вярнуцца ў Мінск, каб кола замкнулася. Але ж яшчэ не раз, я спадзяюся, узгадаецца гэтае незвычайнае падарожжа. І зноў будзе кола, і гэта значыць – рух!”
Падарожжа адбылося ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Міншчына