Сёння ў нашай традыцыйнай вандроўцы наведаем месцы, з якіх можна пабачыць найбольш маляўнічыя краявіды на гарады, мястэчкі ці прыродныя цікавосткі Беларусі. На некаторыя з іх уваход вольны, на некаторыя за сімвалічную плату ці квіток у музей. Такім чынам наведаем некалькі абласных цэнтраў, першую сталіцу ВКЛ, «гару» сярод азёраў і іншыя прыгожыя для фота і насалоды даляглядамі мясціны.
Панарама Гродна
Гродна
ЦУМ (Савецкая, 18)
Вядома, варта пачаць з аднога з самых улюбёных на дадзены момант турыстамі гарадоў Беларусі. У Гродне некалькі аглядных пляцовак, але самай папулярнай з найлепшай панарамай горада лічыцца тая, што на даху сённяшняга ЦУМа, які знаходзіцца на Савецкай вуліцы — галоўнай турыстычнай артэрыі горада. Плошча пляцоўкі каля 800 метраў, вышыня ўсяго 25, але менавіта з гэтай вышыні найлепш можна разгледзець дахі старой гарадзенскай забудовы, асноўныя архітэктурныя славутасці горада.
Панарама Гродна
На тэрыторыі пляцоўкі працуе кавярня. Раней сюды меў магчымасць патрапіць кожны жадаючы бескаштоўна, але уласнік змяніўся і ўваход на дах стаў платным — 2 BYN. Для наведвальнікаў кавярні уваход на аглядную пляцоўку застаецца вольным. Узняцца на пляцоўку магчыма на панарамным ліфце — таксама адна з улюбёных атракцый гасцей Гродна, ці па лесвіцы.
Панарама Гродна
Наваградак
Курган Міцкевіча
Наваградак вядомы сваім унікальным рэльефам: умацаванае паселішча тут узнікла на самым высокім пагорку Наваградскага ўзвышша на вышыні 332 метры. З замчышча таксама адкрываецца выкшталцоны выгляд на горад, але ў нашым топе распавядзем пра яшчэ вышэйшую кропку — пра курган Адама Міцкевіча. Ён знаходзіцца недалёка ад замчышча, уваход на якое сёлета стаў платным — 1 BYN, улічвайце, калі будзеце планаваць падарожжа.
Наваградак з кургана Міцкевіча
Курган Адама Міцкевіча мясцовыя жыхары і турысты насыпалі на месцы Ніжняга замка. Зямлю адданыя прыхільнікі паэта прывозілі са сваіх родных мясцінаў, некаторыя дасылалі яе поштай. Рашэнне пра насып мемарыялу песняру было прынята ў 1924 годзе, але скончаны курган быў да 75-годдзя са дня спачыну паэта — у 1930 годзе. На вяршыне насыпу знаходзіцца невялікая аглядная пляцоўка, на якой адначасова можа змясціцца ўсяго некалькі чалавек. З восені па вясну, калі няма густой лістоты, з кургана можна пабачыць узгорыстыя далягляды Наваградскага ўзвышша. Вядома, адкрываецца адтуль і панарама на рэшткі вежаў наваградзскага замка з фарным касцёлам побач.
Наваградак з кургана Міцкевіча
Віцебск
Ратуша (Леніна, 36)
Наступнай агляднай пляцоўкай будзе Віцебская ратуша, якая месціцца ў самым сэрцы гістарычнага горада. Віцебская ратуша — адна з нешматлікіх ацалелых у аўтэнтычным выглядзе ратушаў Беларусі. Першы сімвал гарадскога самакіравання тут быў пабудаваны ў 1597 г. пасля атрымання горадам Магдэбургскага права 17 сакавіка таго ж года. Будынак ратушы быў драўляным і неаднойчы цярпеў праз пажары. Толькі ў 1775 годзе была ўзведзена каменная ратуша ў стылі віленскага барока, якую мы можам пабачыць сёння. Вядома, з тых часоў будынак не аднойчы рэканструяваўся. Напрыклад, у 1873-1875 гг. была праведзена ўнутраная перапланіроўка ратушы, часткова зменена завяршэнне вежы: замест высокага шпіля была абсталявана назіральная пляцоўка з невялікай ратондай. У 1911 годзе быў дабудаваны трэці паверх, які парушыў прапорцыі будынка, закрыў ніжні ярус вежы і зрабіў масіўным корпус будынка. У такім выглядзе ратуша захавалася да нашых дзён.
Панарама Віцебска з ратушы. Фота: belarusgid.com
З 1925 года ў будынку ратушы размяшчаецца краязнаўчы музей. Усе наведнікі могуць узняцца на вежу з ратушным гадзіннікам, дзе месціцца аглядная пляцоўка, з якой адкрываецца найлепшы ракурс на Віцебск і на ягоную ацалелую ды адноўленую гістарычную забудову. На гэтай аглядовай пляцоўцы абарончыя элементы дастаткова нізкія, а сама яна вузкая, адначасова там можа змясціцца усяго некалькі чалавек. Экскурсіі на ратушу супрацоўнікі музея праводзяць кожную гадзіну, самастойна ж туды патрапіць не атрымаецца. Квіток, каб узняцца на вежу, каштуе 7 BYN з чалавека.
Панарама Віцебска з ратушы. Фота: belarusgid.com
Магілёў
Ратуша (вул. Ленінская 1А)
Наступнай пляцоўкай у нашым топе будзе самая высокая ратуша ў Беларусі — магілёўская, з якой можна пабачыць горад з усіх бакоў. Будынак мае амаль 47 метраў вышыні, гэта параўнальна з шаснаццаціпавярховым домам! Ратуша была адноўлена паводле гістарычных крыніцаў у 2008 годзе. Вежа адноўленай ратушы атрымалася вышэйшая за гістарычна вядомыя прапорцыі, але з аглядальнай пляцоўкі на ёй адкрываецца маляўнічы выгляд на Дняпро і ўсё гарадское наваколле.
Панарама Магілёва
Першы будынак ратушы ўзгадваецца ў інвентары за 1604 год. Узведзена яна была пасля атрымання Магілёвам Магдэбургскага права 28 студзеня 1577 года. Драўляны будынак неаднаразова цярпеў ад пажараў, каменная ж ратуша была ўзведзена толькі ў 1681 годзе. Той будынак шмат разоў перарараблівалі, але ў больш-меньш аўтэнтычным выглядзе ён захаваўся да сярэдзіны ХХ стагоддзя. З невядомых прычынаў сімвал гарадскова самакіравання Магілёва, ацалелы нават падчас вайсковых дзеянняў Другой сусветнай вайны, у 1957 годзе быў узарваны. Аднаўленне адбылося толькі ў 2007-2008 гг.
Панарама Магілёва
Сёння ў будынку месціцца краязнаўчы музей з мноствам цікавых экспанатаў: арыгінальным Статутам ВКЛ, напісаным на старабеларускай мове, арыгіналам кнігі «Вялікае майстэрства артылерыі» Казіміра Семяновіча, фрагментамі слуцкіх паясоў і іншымі рарытэтамі. Каб узняцца на аглядовую пляцоўку трэба набыць квіток, каштуе 7 BYN. Варта звярнуць увагу, што музей не працуе не толькі ў панядзелак, але і ў аўторак.
Панарама Магілёва
Маяк
Плюскі сельсавет, Браслаўскі раён, Віцебская вобласць
55.719858,27.055784
Ну і нельга пакінуць наш топ без самай вядомай агляднай пляцоўкі ў ваколіцах Браслаўскіх азёраў — гары Маяк. Яе вышыня адносна навакольных азёраў каля 45 метраў, а абсалютная вышыня над узроўнем мора — 174 метры. Сённяшняя назва за ўзгоркам, які раней называлі Бізняй, замацавалася ад геадэзістаў. Напачатку ХХ стагоддзя яны ўсталявалі трыангуляцыйную вежу, якую месцічы пачалі называць «маяком». Вежы даўно ўжо няма, але на самай вяршыні «гары» ўзведзена шматузроўневая аглядная пляцоўка, з якой падрабязна можна азнаёміцца з маляўнічымі ваколіцамі. Уваход каштуе 4 BYN.
Аглядная пляцоўка, гара Маяк. Фота: planetabelarus.by
Адсюль варта звярнуць увагу на возера Снуды, адкуль адкрываецца панарама на касцёл у вёсцы Плюсы. За вёскай ужо знаходзіцца мяжа з Латвіяй. З заходняга боку бачныя паўвыспа і вежы касцёла ў Слабодцы. З паўднёвага боку можна разгледзець касцёл у вёсцы Іказнь, возера Струста з маляўнічымі паўвыспамі, а сярод узгоркаў бачныя і абрысы Замкавай гары ў самім Браславе. Маяк узвышаецца сярод шэрагу ўзгоркаў, плошчай у некалькі дзясяткаў квадратных кіламетраў, якія маюць назву Кезікоўскія горы (паводле назвы вёскі Кезікі). Маяк — адзін з самых высокіх узгоркаў тут. Быць на Браслаўшчыне і не наведаць самую папулярную тут аглядовую пляцоўку для турыста — маветон, таму раім не зацягваць.
Вежа на гары Маяк. Фота: braslaw.by
Язэп Вараніцкі, budzma.org