Сяргей Доўгушаў запрашае музыкаў прыняць удзел у музычным праекце пад Варшаваю

19.10.2021 Музыка

Музычная тэатральна-тэрапеўтычная рэзідэнцыя для беларускіх творцаў у Польшчы распачынае набор удзельнікаў у музычны праект пад кіраўніцтвам музыкі Сяргея Доўгушава. 


музрэзідэнцыя.jpg

Мерапрыемства адбудзецца ў ваколіцах Варшавы цягам лістапада і снежня 2021 года. Асноўнымі кірункамі з’яўляюцца сучасная эксперыментальная музыка і сучасная акадэмічная музыка. Падчас правядзення мерапрыемства будзе створаны музычна-літаратурны твор, прэзентацыя якога адбудзецца па завяршэнні праекта. Да ўдзелу запрашаюцца прафесійныя музыканты: інструменталісты і вакалісты, музыкі, якія працуюць з электроннай музыкай. 

Гэты праект у першую чаргу накіраваны на падтрымку творцаў, якія вымушаны былі пакінуць Беларусь. Арганізатары забяспечаць удзельнікаў жыллём і харчаваннем, пакрыюць кошты за праезд да месца рэзідэнцыі. Апошні дзень прыёму заявак: 28 кастрычніка 2021 года.