Удзельнікі абласнога семінара па выцінанцы на Валожыншчыне вучыліся рабіць птушак

17 лютага на базе Дорскага сельскага дома культуры і вольнага часу адбыўся абласны семінар-практыкум па выцінанцы. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі раёнаў Мінскай вобласці, якія жадалі авалодаць гэтым майстэрствам.

Арганізатарам семінара-практыкума выступіў аддзел традыцыйнага мастацтва Мінскага абласнога метадычнага цэнтра.

Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта paperboom.com

У гісторыі нашай культуры нямала відаў народнай дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, якія зараз вяртаюцца з нябыту, набываючы другое жыццё. У поўнай меры гэта адносіцца і да такога віду творчасці, як выцінанка – стварэнне ажурных узораў з чорнай, белай ці каляровай паперы. Ад простых і сціплых ў мастацкіх адносінах вырабаў (сурвэтак і фіранак) да складаных кампазіцый з фігуркамі звяроў і птушак, архітэктурнымі матывамі. Усё гэта адлюстравана ў адмысловым буклеце, выпушчаным да семінара-практыкума народным аб’яднаннем народных майстроў «Скарбніца» пры раённым цэнтры культуры.

На Валожыншчыне працуюць некалькі прызнаных у рэспубліцы майстроў выцінанкі. Член Саюза майстроў Беларусі загадчыца Дорскага філіяла Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Харлінская вядзе на базе школы гурток «Папяровыя цуды». У Дорах працуе таксама Алена Мурашова. А ў Валожыне – Наталля Рэут, сямейныя карані якой у аграгарадку Доры. У 2014 годзе на працу ў Валожынскі РЦК прыбыла малады спецыяліст Кацярына Мядзелка.

Як адзначыла ў размове з карэспандэнтам Край.бай метадыст народнага аб’яднання народных майстроў «Скарбніца» Таццяна Ланько, у кожнага з майстроў ёсць свой почырк. Яны – удзельнікі розных абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Так, Гран-пры III Абласнога свята-конкурсу “Папяровыя карункі” быў прысуджаны Наталлі Рэут. А яе трохгадовая дачка Мілана была прызнаная самым маладым удзельнікам конкурсу.

Дыпломамі былі адзначаны майстры Валожыншчыны і на рэспубліканскім свяце-конкурсе «Чароўныя нажніцы», які праводзіўся ў музейным комплексе старадаўніх промыслаў і тэхналогій «Дудуткі».

Таццяна Ланько адзначыла, што 17 лютага госці наведалі пакой выцінанкі, аформлены ў Дорскім доме культуры і вольнага часу, экспазіцыя якога увесь час абнаўляецца. «Яны былі ўражаныя багаццем дзіцячых работ – ад святочных паштовак да сапраўдных тэматычных карцін», – дадала яна.

Усе чатыры прадстаўнікі Валожынскага раёна правялі майстар-класы. А ў канцы ўдзельнікі рабілі адну выніковую працу – птушку. Вядома, ва ўсіх яна атрымалася рознай. Многія ўдзельнікі прыехалі, каб павучыцца новаму віду творчасці, некаторыя – удасканальваць сваё майстэрства.

Наталля Штэйнер, Край.бай

Тэгі: