Адна кніга на трох беларусаў. Павел Баркоўскі — пра стан беларускамоўнага кнігавыдання

Філосаф і выконваючы абавязкі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі пракаментаваў сітуацыю з беларускім кнігавыданнем.

Paviel Barkoŭski

«Паводле Кніжнай палаты, у 2024 годзе ў Беларусі выйшла менш за 900 найменняў кніг па-беларуску агульным накладам каля 3 млн асобнікаў — у 9 разоў меней па колькасці і ў 4 разы меней па накладзе, чым кніг па-расійску. Гэта адна кніга на трох беларусаў», — распавядае в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета.

«Кніг па-беларуску выдаецца толькі ўдвая больш, чым па-англійску, і значна менш, чым па-расійску. З аднаго боку, гэта магло б сведчыць пра ўвагу да глабальных трэндаў, з іншага — калі нацыянальная мова амаль на роўні з замежнай, а «другая дзяржаўная» дамінуе, гэта і ёсць вынік русіфікацыйнай палітыкі.

Большасць кніг па-беларуску — гэта школьная класіка, якая выдаецца адносна вялікімі накладамі праз праграму абавязковага чытання. Калі іх не ўлічваць, статыстыка стане яшчэ больш катастрафічнай.

Ужо цяпер па колькасці пазіцый і накладаў беларускія незалежныя выдавецтвы за мяжой канкурэнтныя з тымі, што працуюць у Беларусі, а па навінках і пераўзыходзяць іх.

Палітыка згортвання нацыянальнага кніжнага рынку не тлумачыцца выхадам на знешнія рынкі, бо кнігі па-расійску пераважна рэалізуюцца на рынку ўнутраным.

Трэба аддаць належнае тым нешматлікім выдавецтвам, што застаюцца ў Беларусі і трымаюцца роднай мовы, але без дзяржаўнай падтрымкі кніжная справа на беларускай мове асуджаная на выміранне.

Калі нам важна заставацца беларусамі і захоўваць сваю адметнасць, варта падтрымліваць беларускую кнігу асабістым прыкладам: купляць і чытаць новыя кнігі дзецям, выбіраць хаця б некалькі выданняў на год для сябе.

Падтрымка чытачоў дазволіць беларускім выдаўцам больш паверыць ва ўласныя сілы. Давайце паспрабуем пачаць новы навучальны год па-беларуску!»