
— Беларускасць была, ёсць і будзе заўсёды побач, проста мы часам не заўважаем яе. Ты яе не чуеш, як не чуе дрэнны музыка фальшу, рытму; ты яе не бачыш, як не бачыць просты чалавек нечага выключнага на малюнку генія; ты яе не адчуваеш, як не адчувае загрубелая скура лёгкага дотыку, і ты яе не разумееш, як часам не разумееш простых рэчаў, якія астатнім падаюцца такімі лагічнымі і элементарнымі, прычым часцей за ўсё яны такімі і з’яўляюцца. Проста не час. Хтосьці так і застанецца з гэтым, замкнецца на сваім адзіным “слушным” свеце, навязаным чым заўгодна, але не самім сабой.
Да мяне ўсё даходзіць паступова, ведаеце, як вада ў доку, яна назапашваецца, а потым выліваецца з магутнай імклівасцю. Так было і з усведамленнем сябе як беларуса.
Сярэдзіна 90-х, Гародня, ноч, кватэра на апошнім паверсе, нешта не спіцца, ды яшчэ хлопцы пад півас і гітару песні равуць знізу на лаўцы. Спачатку так, звычайнае: “Беспечный ангел”, “Это всё” – ведаем, самі можам, нецікава… і тут, дзесьці ўжо пад золак, – “Твой рок-н-рол даўно памёр…” – ого, гэта як так? Галасы разліваюцца, раскладаюцца, перакрыжоўваюцца – рыхтаваліся, пэўна, спачатку нясмела, потым гучней, адна песня, другая, шостая. І ў кожнай крыўда, боль і сум, а яшчэ – злосць. На мяне рэдка штосьці ўздзейнічае больш, чым музыка, і гэта быў той самы выпадак. Пэўна, адзіны ўдзячны слухач праседзеў з музыкамі да раніцы, калі яны, ужо ўшчэнт сарваўшы галасы, разышліся па хатах. Вось так усё пачалося.
Быць беларусам для мяне – гэта быць самім сабой. Праўда, да гэтага яшчэ вельмі далёка.
Уладзімір Крумін, вакаліст гурта “Здань”, Горадня